Вы тут

Усе бягуць! А ты?


18-10

Сучасны свет апантаны трэндамі. Мы хочам модна апранацца, слухаць модную музыку, мець моднае хобі. А як вам у такой якасці бег? Сёння бягуць усе — ад «зорак» сцэны і палітыкаў да офісных работнікаў. Таму не дзіўна, што з надыходам цяпла самым папулярным месцам у Студэнцкай вёсцы стаў стадыён. Вечарамі дзясяткі хлопцаў і дзяўчат з розных ВНУ аб'яднаны адной ідэяй — бегчы.

Калі інтэрнэт-трафік на маім ноўтбуку скончыўся чарговы раз, я таксама выйшла на стадыён. Не толькі каб пазаймацца спортам, але і для размовы з іншымі студэнтамі.

Не сакрэт, што атрыманне заліку па фізкультуры з'яўляецца праблемай для многіх. Студэнты чамусьці любяць прагульваць менавіта гэтыя заняткі. Сяброўкі Ганна Пілюцкая і Валерыя Паўшчок (БДМУ, ІІ курс) прызнаюцца, што таксама ходзяць не на ўсе абавязковыя пары па фізкультуры. Затое бегаюць два-тры разы на тыдзень. На іх думку, справа ў псіхалагічным моманце: «Фізкультура — прымусовыя заняткі спортам, а зараз мы бяжым для сябе, няма ніякіх абмежаванняў у дыстанцыі і па часе», — расказвае Ганна. Пазіцыя дзяўчат не зусім зразумелая (як быццам на занятках па фізкультуры яны бягуць не для сябе, а для «таго хлопца»), тым не менш, думаецца, такі падыход усё адно лепшы, чым ніякі.

Яўген Кеўра (БДУІР, ІV курс) бегае адзін і тлумачыць гэта тым, што сябры і суседзі па інтэрнаце аддаюць перавагу баўленню часу за камп'ютарамі. Студэнт рэалістычна глядзіць на жыццё і шчыра прызнаецца: «Хачу скінуць лішнія кілаграмы, якія набраў за зіму. Канікулы ж хутка!»

Алену Пракапенку (юрыдычны каледж БДУ, ІV курс) можна было сустрэць на стадыёне глыбокай восенню і тады, калі снег толькі-толькі пачаў сыходзіць. Акрамя гэтага, дзяўчына рэгулярна наведвае трэнажорную залу. Алена з тых, хто падыходзіць да заняткаў спортам з адказнасцю: не проста бегае, а яшчэ і выконвае комплекс практыкаванняў. У гэтым ёсць і клопат пра здароўе, і жаданне мець стройнае цела. Для заняткаў студэнтка выбірае вечар: «Цемра — сябра моладзі, — жартуе яна. — А калі сур'ёзна, то пасля прабежак увечары я добра сплю».

Іна Салаўёва і Аксана Пішчала (МДЛУ, ІІІ курс) любяць актыўны адпачынак і лічаць, што бег — гэта спосаб добра і карысна правесці час. Для дзяўчат той факт, што на стадыёне шмат людзей, з'яўляецца добрай матывацыяй: «Калі бачыш, як нехта бяжыць, пачынаеш задумвацца: «А чым я горшы? Я таксама магу!»

Бег — адзін з самых папулярных відаў спорту ў свеце. Гэта эфектыўны і ўніверсальны спосаб барацьбы з лішнімі кілаграмамі і дрэнным настроем. Таму, калі ты яшчэ не бегаеш, цяпер самы падыходзячы час, каб пачаць. Бяжы! Будзь у трэндзе!

Ганна Курак, студэнтка ІІІ курса Інстытута
журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».