Вы тут

Найлепшыя па праве


Нашы студэнты вярнуліся з перамогай з прэстыжнага конкурсу

18-6

18-6

 

Ці ўяўляеце вы сабе, як праходзіць студэнцкі конкурс па міжнародным праве? Каманда з Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО», якая нядаўна вярнулася з Вашынгтона, дапамагла раскрыць гэтую таямніцу. Вярнулася яна, дарэчы, не з пустымі рукамі: пісьмовая работа нашых студэнтаў у адной з намінацый заняла пятае месца, а тры ўдзельнікі каманды ўвайшлі ў лік ста найлепшых аратараў.

Каманда складалася з пяці студэнтаў розных курсаў спецыяльнасці «міжнароднае права»: магістрантаў Васіля Паўлава, Дзіяны Пранічнікавай, пяцікурсніц Ксеніі Вясельскай, Ганны Грышчанкі і чацвёртакурсніка Ільі Собаля. Мы сустракаемся ў адной з аўдыторый універсітэта, якая імітуе залу судовых пасяджэнняў: месцы для боку абвінавачвання і абароны, сталы суддзяў, трыбуна для ўдзельнікаў працэсу...

— Як прынялі рашэнне ўдзельнічаць у конкурсе імя Філіпа Джэсапа?

Васіль Паўлаў: — Раней студэнты «МІТСО» ўжо бралі ўдзел у конкурсе, але ўсе яны выпусціліся. У 2012 годзе я вырашыў сабраць новую зборную, прыйшоў са сваёй задумай у наш міжнародны аддзел, дзе ініцыятыву падтрымалі. Ва ўніверсітэце правільна разумеюць важнасць удзелу ў такіх конкурсах, бо гэта працуе на імідж краіны. Калі раней у Вашынгтоне амерыканскія студэнты пыталіся, дзе знаходзіцца Беларусь, то цяпер нас ужо там добра ведаюць.

Самай вялікай праблемай заўсёды становіцца менавіта падбор каманды, бо адзін з крытэрыяў — дасканалае веданне англійскай мовы, прычым прафесійнай лексікі. А з гэтым у многіх цяжкасці.

— Што ўяўляюць сабой спаборніцтвы прававедаў?

Ілья Собаль: — Конкурс з'яўляецца імітацыяй публічнага судовага працэсу, накшталт тых, што адбываюцца у Міжнародным судзе ААН у Гаазе. Напачатку прапануецца выдуманая справа з поўным наборам фактаў. Сёлета гэта была справа, у якой разглядалася ўмоўная сітуацыя: рэгіён адной дзяржавы правёў несанкцыянаваны рэферэндум аб незалежнасці пры падтрымцы іншай краіны, якая пасля далучыла гэтую тэрыторыю да сябе. Разглядалася законнасць такога выпадку на цяперашнім этапе развіцця міжнароднага права.

Мы на працягу пяці месяцаў з ёй знаёміліся, пасля чаго прайшоў нацыянальны раўнд. Сёлета мы спаборнічалі за права прадстаўляць краіну са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Падчас гэтага этапу кожная каманда па чарзе выступае як на баку істца, так і адказчыка.

Васіль Паўлаў: — На міжнародным раўндзе ў Вашынгтоне ўсё складаней. Працэдура вызначэння сапернікаў і роляў закрытая.

Ксенія Вясельская: — Усяго трэба паўдзельнічаць у чатырох гульнях адборачнага раўнда з камандамі з усяго свету. Мы спаборнічалі з амерыканцамі з Гаваяў, бельгійцамі, кенійцамі і панамцамі.

Пасля папярэдніх гульняў арганізоўваюць вечарыну, падчас якой усе знаёмяцца, адпачываюць і — нарэшце — чуюць імёны найлепшых, на думку журы, 32-х камандаў. Тую атмасферу перадаць вельмі цяжка, бо ў гэты момант вырашаецца вынік усёй паўгадавой працы.

— Як скончылася вечарына для вас?

Васіль Паўлаў: — На жаль, мы не прайшлі ў лік найлепшых па выніках вуснага выступлення. Але асобна ацэньваюць пісьмовыя работы — мемарандумы, у якіх абвяшчаюцца патрабаванні камандаў да суда, і нам прысудзілі пятае месца сярод усіх камандаў у адной з намінацый — Alona E. Evans Award. Гэта вельмі высокая ацэнка, бо ў міжнародным этапе ўдзельнічалі 116 камандаў з больш як 80 краін, а калі браць ва ўлік рэгіянальныя адборы, то і ўсе 600. У сваёй намінацыі мы апярэдзілі такія ВНУ, як, напрыклад, Оксфардскі і Нью-Ёркскі ўніверсітэты, Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт міжнародных адносін. Дарэчы, летась наш мемарандум таксама заняў пятае месца — у прэстыжнай намінацыі The Hardy C. Dіllard Award.

Акрамя таго, праводзіцца індывідуальная ацэнка аратарскага майстэрства сярод тых удзельнікаў, што выступілі два ці больш разоў. Я, Ілья і Дзіяна падыходзілі па гэтым крытэрыі, і ўсе мы трапілі ў лік 100 найлепшых аратараў конкурсу. Гэта таксама сведчыць, наколькі высока ацанілі нашы выступленні.

— Якія ўвогуле ўражанні засталіся ад паездкі ў ЗША?

Ксенія Вясельская: — Мяне больш за ўсё ўразіў Вашынгтон, бо я яго ўяўляла зусім іншым. У першы ж вечар пасля прылёту быў моцны дождж, але мы вырашылі, што калі ўжо прыехалі, то трэба ісці гуляць. Таму знаёмства з амерыканскай сталіцай адбылося пад дажджом. Цікава, што ўжо праз некалькі гадзін мы вельмі добра арыентаваліся ў горадзе — так ўдала ён спланаваны.

Васіль Паўлаў: — За два тыдні мы паспелі так многа ўсяго пабачыць, што нават цяжка нешта вылучыць. Мне запомнілася сустрэча са спадаром Паўлам Шыдлоўскім, часовым павераным у справах Беларусі ў ЗША. Давялося пабываць у Пастаянным прадстаўніцтве Беларусі пры ААН у Нью-Ёрку. Падагульняючы, можна сказаць, што мы вельмі карысна правялі гэты час.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ,

lyskavets@zviazda.by

Даведка

Конкурс імя Філіпа Джэсапа (Phіlіp Jessup Іnternatіonal Law Moot Court Competіtіon) — найстарэйшы і самы прэстыжны англамоўны конкурс па міжнародным публічным праве, які праходзіць у выглядзе судовых дэбатаў перад Міжнародным судом ААН. У інтэрнацыянальным фармаце праводзіцца з 1968 года. Неафіцыйна лічыцца «чэмпіянатам свету» па міжнародным праве. Каманда Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО» сёлета чацвёрты раз стала пераможцай нацыянальнага раўнда і чацвёрты год запар прадстаўляла Беларусь у міжнародным этапе. Сёлетняе дасягненне каманды — найлепшае ў гісторыі конкурсу для нашай краіны.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.