Вы тут

Тэорыя пераносу


18-7

18-7

 

Ад нанаматэрыялаў да аэракасмічных тэхналогій

Знаёмцеся — Антон БРЫНЬ, супрацоўнік лабараторыі тэорыі пераносу аддзялення матэматычнага мадэлявання Інстытута цепла- і масаабмену імя А.В. Лыкава. 34-гадовы вучоны, сем'янін і старшыня Савета маладых вучоных свайго інстытута расказаў пра галоўныя асаблівасці працы ў сферы фізіка-тэхнічных навук.

— Цікава, Антон, чым вас «зачапілі» прыродазнаўчыя навукі?

— Наколькі я ведаю, звычайна людзі мэтанакіравана прыходзяць у школы з паглыбленым вывучэннем пэўных дысцыплін, якія іх цікавяць. Я ж пайшоў вучыцца ў Ліцэй №1, на фізіка-матэматычны напрамак, толькі ў старшых класах. І ўжо там зразумеў, што прыродазнаўчыя навукі — гэта маё. Пасля школы паступіў на фізічны факультэт БДУ — мне гэта здавалася лагічным.

— А як трапілі ў сур'ёзную навуку?

— На фізфаку трэба было займацца навуковай дзейнасцю, распрацоўваць нейкую тэму. У спісе прапанаваных тэм была адна, якая датычылася градзірняў (прылад для астужэння вады на электрастанцыях. — Аўт.), а мой знаёмы якраз працаваў на адной з мінскіх ТЭЦ. Я падумаў: калі даецца шанц пабачыць устаноўку не толькі на паперы, але і, што называецца, «у дзеянні», чаму б не заняцца тэмай? Курыраваць маю працу ўзяўся доктар фізіка-матэматычных навук Сяргей Паўлавіч Фісенка, адзін са спецыялістаў па цеплафізіцы, які якраз працуе ў Інстытуце цепла- і масаабмену. У 2003 годзе я прыйшоў да яго яшчэ ў якасці студэнта, а ўжо ў 2006-м — абараніў кандыдацкую дысертацыю. З таго часу і працую тут на пастаяннай аснове.

— «Лабараторыя тэорыі пераносу»... Гэта нешта з раздзелу фантастыкі?

— Наша падраздзяленне — цалкам рэальнае, адно з самых вялікіх у Акадэміі навук: 8 аддзяленняў, у кожным з іх па некалькі лабараторый. Спектр працы самы шырокі, усё ўзгадаць цяжка: ад нанаматэрыялаў да плазменных аэракасмічных тэхналогій. У нашай лабараторыі таксама шырокі профіль. У асноўным мы займаемся разлікамі ў фізічных сістэмах, калі пад уплывам якой-небудзь з'явы адбываецца перанос масы, імпульсу, энергіі, электрычнага зараду і іншых велічынь.

— Над чым працуеце асабіста вы?

— Зараз вяду працу па двух асноўных кірунках. Першы датычыцца росту наначасціц вугляроду. Што гэта значыць? Уявім сабе, што існуе нейкая плынь, у якой рухаюцца наначасціцы. Чалавечаму воку яны нябачныя, а таму застаць іх цяжка. Мая задача — зрабіць іх бачнымі. Для гэтага мы пакрываем часціцы своеасаблівым «футрам», каб іх можна было ідэнтыфікаваць і атрымаць, пасля чаго «футра» здымаецца. За гэтую распрацоўку я быў узнагароджаны прэзідэнцкай стыпендыяй. Другі кірунак — мадэляванне аптычных сістэм у космасе. Эксплуатацыяй беларускага касмічнага апарата займаецца ў тым ліку і Акадэмія навук. На апараце ўсталявана оптыка, якая ў касмічнай прасторы паводзіць сябе не зусім так, як на Зямлі. Вось мы і дапамагаем найбольш рацыянальна выкарыстоўваць гэтую тэхніку, распрацоўваючы свае падыходы. З самім спадарожнікам, вядома, не працуем, толькі мадэлюем пэўныя сітуацыі.

— У чым заключаецца ваша роля ў Савеце маладых навукоўцаў?

— Галоўная задача, якую ён вырашае, — камунікацыя. Раней здараліся выпадкі, калі да многіх маладых супрацоўнікаў Акадэміі навук пэўная інфармацыя папросту не даходзіла. Гэта магла быць інфармацыя пра навуковыя распрацоўкі, гранты, карпаратыўныя мерапрыемствы.

— Ці шмат моладзі ідзе ў навуку сёння, мяркуючы па вашым інстытуце?

— У нас шмат маладых супрацоўнікаў у штаце, але ёсць пэўная праблема. Звычайна людзі, якія трапляюць у навуку такім жа чынам, як і я (праз навуковую дзейнасць яшчэ ва ўніверсітэцкім узросце), прыходзячы на працу ў Акадэмію, адчуваюць расчараванне. Гэта ў першую чаргу звязана з адсутнасцю ўласнага жылля і невысокімі заробкамі. Калі ў мяне сітуацыя з кватэрай была прымальнай, то для прыезджай моладзі ўсё не так проста. Многія сыходзяць адразу пасля адпрацоўкі размеркавання, не затрымліваюцца ў навуцы. Гэта, я лічу, галоўная праблема сёння.

— Хіба нічога не робіцца для яе вырашэння?

— Пэўныя захады ёсць. Акадэмія навук шукае варыянты, вось і я з жонкай і сынам, здаецца, дачакаўся сваёй чаргі. Хутка будуць размяркоўвацца арэндныя кватэры ў жылым комплексе «Магістр», ёсць там жыллё і для нашых супрацоўнікаў.

— Як сям'я ставіцца да вашай працы?

— Жонка з разуменнем, бо яна таксама звязаная з калянавуковай сферай. А сыну пакуль усяго чатыры гады, не думаю, што яго хвалююць такія пытанні.

— Калі б ён выбраў для сябе шлях у навуку, пагадзіліся б?

— Гэта ў першую чаргу справа самога сына, вядома, чым займацца і дзе працаваць. Адгаворваць бы не стаў, адзінае — параіў бы, за які канкрэтна напрамак узяцца. Бо сам, што называецца, ужо «ў тэме» і магу падказаць, якое адгалінаванне ў навуцы самае перспектыўнае.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ, lyskavets@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.