Вы тут

Uzarі: «Для ўсяго свой час»


18-22

На сцэне ён баец, а ў жыцці — філосаф. Спявак вельмі хацеў прадставіць нашу краіну на «Еўрабачанні» і заваяваў нарэшце пуцёўку ў Вену, хоць і не з першай спробы. А да гэтага паспеў пабываць на той сцэне ў амплуа бэк-вакаліста, аранжыроўшчыка... Пасля конкурсу артыст прызнаўся, што зразумеў галоўнае: важна дачакацца, калі прыйдзе твой час. Мы сустрэліся з Uzarі, каб абмеркаваць яго погляды на сучасны шоу-бізнес і даведацца, чым ён жыве цяпер.

— Uzarі, «Еўрабачанне» ўжо ў мінулым. Як ацэньваеце вынік?

— У фінал прайшлі тыя краіны, якім гэта прагназавалі: Швецыя, Расія, Бельгія, Італія. Хаця італьянцы, на мой погляд, не вельмі супадаюць з фарматам «Еўрабачання», бо іх выступленне асабіста ў мяне асацыіруецца больш з класічнай музыкай, якая павінна гучаць у іншай атмасферы...

Конкурс мае свае адметныя правілы, умовы і змяняе свой фармат кожны год. Калі там пачалі з'яўляцца такія артысты, як Lordі, Канчыта Вурст, то многія прыраўнялі іх да фрыкаў. Але, як па мне, такія каманды едуць на «Еўрабачанне» са сваёй ідэяй. Узяць тую ж каманду з Фінляндыі, у якую ўваходзілі людзі з асаблівасцямі развіцця. Іх пасыл быў аб тым, што права самарэалізавацца мае любы чалавек, а нам трэба старацца ім дапамагчы. І ў нас нумар быў прысвечаны анкалагічным хворым. Не ўсе разгледзелі гэта, бо не рабілася яўных акцэнтаў, але менавіта магчымасць закрануць такую сур'ёзную праблему і стала нашай мэтай паездкі на сёлетні конкурс.

— У вашай песні «Tіme» галоўная думка заключалася ў тым, што час можа быць на нашым баку, але здараецца, што ён гуляе супраць нас. У вас стаўленне да яго ў сувязі з конкурсам змянілася?

— Кожная мая кампазіцыя, якую ствараў для «Еўрабачання», сведчыла, што я люблю гуляць з лёсам і заўсёды гатовы адказваць на яго выклікі. Гэта мяне падбадзёрвае і дае стымул для далейшага руху. А тут я гуляю з часам... Я ўсвядоміў адну вельмі важную рэч — я знайшоў сябе ў жыццёвай прасторы. Рэальна адчуў, што для ўсяго свой час. І кожны крок варта рабіць у той момант, калі ўсё спрыяе яму. Тады ты абавязкова аказваешся ў патрэбным месцы і з патрэбнымі людзьмі. Аналізуючы падзеі свайго жыцця, я разумею дакладна: час на маім баку. Усё атрымалася. Людзі пішуць мне словы падтрымкі, некаторыя не могуць зразумець, чаму мы не прайшлі далей. І я радуюся таму, што настаў мой час паўдзельнічаць у такім конкурсе, а таксама прыемна ўсведамляць, што і беларускія гледачы сталі больш падтрымліваць сваіх артыстаў і крытычных нядобразычлівых водгукаў амаль не сустрэнеш. Спадзяюся, у наступным годзе падтрымка будзе яшчэ большай, бо я бачу, як змянілася сітуацыя. І для мяне гэта ўжо перамога.

18-21

 

— Паўдзельнічаць у «Еўрабачанні» вам удалося з трэцяй спробы. Калі не прайшлі ў фінал, ці былі думкі з часам паўтарыць пакарэнне гэтай вяршыні?

— Калі я стаўлю перад сабой мэту дабіцца нечага, то раблю ўсё для яе дасягнення. І, мабыць, усе, хто назірае за маёй творчасцю, скажуць: наўрад ці Uzarі спыніцца. Тут я згодны, але мне патрэбны нейкі час, каб спачатку асэнсаваць пройдзенае. Плюс ёсць шэраг задум, якія патрабуюць рэалізацыі. Распачаўшы працу над імі яшчэ перад конкурсам, цяпер хачу давесці справу да лагічнага завяршэння. Напісанне новых песень, запіс альбома — вось на чым я засяроджаны. Цяпер кожны дзень прападаю ў студыі гуказапісу. А наогул, думаю, будзе правільным зрабіць сабе перапынак, бо многія нашы артысты жадаюць там пабываць, каб здабыць новы вопыт.

— Не сакрэт, што праца ў камандзе не абыходзіцца без спрэчак. Ці мае артыст магчымасць дыктаваць свае патрабаванні, адстойваць уласнае бачанне ў такіх умовах?

— У сваёй творчасці заўсёды ўсё раблю так, як лічу правільным. А на «Еўрабачанні» гэты прынцып дзейнічаў толькі да адбору, а потым пачалася агульная праца. У такіх сітуацыях у мяне ёсць дакладны падзел, дзе і што я магу браць у свае рукі і калі варта стаць у строй, даверыўшыся камандзе, у якой ёсць вопыт, прафесійны погляд на многае. Чуючы нейкую прапанову, не варта адразу ўспрымаць яе скептычна. Нават калі табе не падабаецца, гэта яшчэ не значыць, што ідэя бесперспектыўная, проста трэба разумець, што атрымаецца па-іншаму. Артыст сваім настроем павінен даваць прастору для рэалізацыі магчымасцей іншых. Які настрой — так усё і складзецца ў выніку.

— З Маймунай да адбору вы былі знаёмы толькі завочна. За час падрыхтоўкі да конкурсу ўдалося пасябраваць?

— Цяпер мы адпачываем адно ад аднаго, таму што доўга былі разам. Маймуна засумавала па сям'і, дзецях. За перыяд нашай сумеснай працы ў нас здараліся розныя сітуацыі. Бывала, спрачаліся, але ў асноўным нашы адносіны былі як у брата з сястрой. Мы дапамагалі адно аднаму і ўсяляк падтрымлівалі. Часам трэба было проста пастаяць побач, абняўшыся і абстрагаваўшыся, альбо хапала спагадлівага погляду, дотыку.

— Пасля «Еўрабачання» вашы патрабаванні да сябе, як да артыста, змяніліся?

— У мяне заўсёды былі высокія патрабаванні да сябе, таму што я гляджу збоку на артыста Uzarі. Дакладна ўяўляю сваю нішу, разумею, у якім накірунку развіваецца музычны рынак, і бачу, што чакае наперадзе, аналізуючы развіццё падзей на некалькі крокаў наперад. Мабыць, выяўляецца маё захапленне шахматамі... Я вельмі скрупулёзна стаўлюся да сваёй творчасці і досыць балюча ўспрымаю, калі нешта не атрымліваецца. Тады пачынаю працаваць яшчэ больш. І пасля паездкі на «Еўрабачанне» я ў гэтым чарговы раз пераканаўся. Зразумеў, як рабіць тое, чым займаюся, яшчэ лепшым. Рыхтую песню для дзіцячага «Еўрабачання». Мне важна падтрымліваць сувязь з будучым пакаленнем артыстаў. Я гатовы дзяліцца ўсім, што маю і ўмею.

— А ў студыі працуеце над праграмай Uzarі?

— Так, прычым я хачу запісаць альбом і потым зладзіць гастрольны тур. Пакуль што ўсё на стадыі стварэння. Напрацоўкі кампазіцый былі зроблены да «Еўрабачання», а зараз дапрацоўваю музычны матэрыял. Таямніцу ўсёй ідэі пакуль раскрываць не стану, хочацца зберагчы інтрыгу. Калі робіш нешта, разумеючы, што людзі не ведаюць тваёй задумы, то ў працы не губляецца кураж.

— Неяк вы сказалі, што шоу-бізнес у вас асацыіруецца з няшчырасцю...

— Зараз мне ўвогуле здаецца, што ўся Еўропа і ХХІ стагоддзе ілюструюць гэтую асацыяцыю. Усё перанеслася ў інтэрнэт, а ён па сутнасці сваёй — маска, і кожны чалавек можа яе прымераць. Там людзі «троляць», хлусяць, пераследуючы нейкія свае мэты. Калі казаць пра шоу-бізнес, там, на маю думку, узровень няшчырасці залежыць ад памеру музычнага рынку. У нас пакуль што ў гэтым сэнсе ўсё больш-менш збалансавана. Хаця часам можа быць досыць не проста. Тая ж Маймуна, прыйшоўшы ў шоу-бізнес, вельмі здзіўлялася, як усё робіцца. А я, можна сказаць, рос за кулісамі, бо маці часта брала мяне з сабой, і таму з дзяцінства ведаю, якое яно — жыццё артыста. Маю пэўную загартоўку. Аднак, акрамя музыкі, займаюся і іншымі справамі. У прынцыпе магу знайсці альтэрнатыўныя крыніцы заробку. Адкрыць краму, напрыклад. А з магчымасцямі інтэрнэту сёння наогул можна займацца ўсім. Не варта сябе абмяжоўваць...

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.