Вы тут

Архітэктар, які дае «дабро»


...Стол завалены стосамі дакументаў. Абодва тэлефоны — гарадскі і мабільны — разрываюцца ад званкоў.

— Я ўся ў паперах, — апраўдвае Таццяна ДЗЕМЧАНКА невялікі беспарадак.

18-19

Цяжка паверыць, але гэтая сімпатычная дзяўчына — кіраўнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Чачэрскага райвыканкама. На адказнай пасадзе яна ўжо трэці год, а пачынала сваю кар'еру тут як вядучы спецыяліст. У Чачэрск гамяльчанка трапіла па размеркаванні, а пасля адпрацоўкі вырашыла застацца — праца ў невялікім гарадку ёй падабаецца.

У школе Тані лепш за ўсё давалася матэматыка. Калі дадаць да гэтага захапленне жывапісам, было зразумела — з дзяўчыны атрымаецца неблагі архітэктар. Яна вырашыла праектаваць і паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Але пасля размеркавання адмовілася ад чарцяжоў.

— Я знайшла занятак, які мне даспадобы — працую з людзьмі, — прызнаецца дзяўчына. — Аднак быць кіраўніком нялёгка: падчас здараецца ўсякае, да кожнага наведвальніка патрабуецца свой падыход.

Выбару для першага месца працы было шмат, аднак Таццяна вырашыла паехаць у Чачэрск, бліжэй да дому. Дзяўчына хутка ўцягнулася. Клопатаў хапае — праз Таццяну праходзіць уся архітэктурная дзейнасць у горадзе: яна выдае дазволы на будаўніцтва, добраўпарадкаванне, рэканструкцыю будынкаў. Самы папулярны запыт ад насельніцтва — перапланіроўка кватэры. Адна з «балючых» тэм — афарбоўка агароджаў. У Чачэрску такой праблемы няма, а ў вёсках часта ўзнікаюць інцыдэнты.

— Выязджаю ў раён, каб дамовіцца з чалавекам — пафарбуйце агароджу, — распавядае Таццяна. — І жартую, і прашу, але людзі «выбухаюць» і пачынаюць паліваць негатывам. Калі не слухаюцца, дык даводзіцца выпісваць штрафы. Не падумайце, што мне падабаецца гэтым займацца, але такія меры сапраўды дысцыплінуюць.

Чым Чачэрск можа прывабіць архітэктара? Заязджаючы ў гэты невялікі гарадок, немагчыма не заўважыць новых мікрараёнаў — ён пакрысе разрастаецца. У цэнтры красуецца адрэстаўраваная гарадская ратуша, дзе традыцыйна распісваюцца маладыя. Непадалёк просіць дапамогі пакуль што закінуты архітэктурны помнік XІX стагоддзя — сядзіба Чарнышовых-Круглікавых. Цікаўлюся, ці былі ў Таццяны думкі змяніць аблічча горада.

— Штосьці рэалізаваць атрымалася, напрыклад, перафарбавалі фасады жылых дамоў, аднавілі агароджы. Задумак на будучыню яшчэ шмат, — дзеліцца думкамі спецыяліст. — Але я разумею, што за ўсімі прапановамі і праектамі стаяць вялікія грашовыя сродкі. Для мяне Чачэрск — невялікі, але вельмі сімпатычны, мілы горад, які прываблівае сваёй гасціннасцю. Мабыць, таму сюды прыязджае шмат моладзі, і многія застаюцца.

Дарэчы, і калектыў у райвыканкаме збольшага малады — многія прыйшлі працаваць у адзін год з Таццянай. Маладым спецыялістам выдзяляецца службовае жыллё, зараз дзяўчына жыве ў аднапакаёўцы. Калі ў госці прыязджаюць сябры, яна праводзіць для іх невялікую экскурсію па горадзе. У абавязковым спісе — ратуша, сядзіба, парк, амфітэатр. Пры жаданні можна схадзіць у кінатэатр альбо рэстаран. Але дзяўчына ловіць сябе на думцы, што нават падчас адпачынку працягвае працаваць:

— Іду па вуліцы і для сябе заўважаю — ага, тут агароджа не пафарбавана, перад домам куча пяску насыпана — непарадак! А вось ад такой клумбы я не адмовілася б, — усміхаецца суразмоўца.

Але, нават нягледзячы на пастаянныя клопаты і недахоп часу, Таццяна задаволеная сваёй працай — ёй пашанцавала знайсці любімы занятак і рэалізаваць сябе як спецыяліст.

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Мінск — Чачэрск — Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.