Вы тут

Як «прыручыць»... працу?


18-18

Моладзь з рабочымі прафесіямі чакаюць паўсюль

У моладзі рабочыя прафесіі асаблівай папулярнасцю не карыстаюцца. Але гэта не азначае, што яны не запатрабаваны на рынку працы. І калі маладым эканамістам і юрыстам усё часцей даводзіцца адкладваць свой дыплом аб вышэйшай адукацыі ўбок, то кіроўцы, муляры, электраманцёры без працы не застаюцца, больш за тое, іх чакаюць паўсюдна. Сёлетнія выпускнікі Лунінецкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці расказалі пра свой першы працоўны досвед і падзяліліся планамі на будучыню.

Уладзіслаў Сарока паступіў у каледж пасля заканчэння базавай школы. Паколькі хлопец нарадзіўся і вырас у вёсцы, спецыяльнасць ён сабе выбраў таксама «вясковую» — «трактарыст-машыніст, слесар».

— Па размеркаванні мяне накіравалі ў СВК «Вулькаўскі світанак», што знаходзіцца ў вёсцы Вулька-2 Лунінецкага раёна. Тут я працую трактарыстам, у асноўным кармлю статак з дапамогай кормараздатчыка, — расказвае малады чалавек.

У першыя тыдні працы Уладу прыйшлося няпроста: хоць і вучыўся ён у каледжы тры гады, ведаў, якія спатрэбіліся яму на практыцы, не хапала. Хлопец прызнаецца, што спачатку не разумеў, што да чаго і як трэба працаваць. Але вучыўся гэтаму, ды і вопытныя работнікі дапамагалі, за што Улад ім вельмі ўдзячны. «Увогуле, з калектывам мне пашанцавала, людзі тут працуюць простыя, калі што, заўжды магу да іх звярнуцца. Шкада толькі, што моладзі мала. Добра, хоць аднагрупніка майго сюды адправілі па размеркаванні — удвух весялей працуецца».

За некалькі месяцаў хлопец паспеў ацаніць усе плюсы і мінусы сваёй працы:

— У цэлым мне падабаецца, і я рады, што трапіў менавіта ў «Вулькаўскі світанак». Па-першае, задаволены заработнай платай. Маладому нежанатаму хлопцу 4-5 мільёнаў хапае з лішкам. Магу траціць грошы не толькі на сябе, але і на падарункі сваёй дзяўчыне. Па-другое, пра жыллё клапаціцца не трэба: у гэтай вёсцы жыве мая бабуля. Цяпер я і кампанію ёй увечары магу скласці, і па гаспадарцы дапамагчы. Па-трэцяе, вёска — гэта цішыня і спакой, прырода, свежае паветра... адным словам, рамантыка! Што да адмоўных момантаў, то тут, на жаль, няма месцаў, дзе моладзь магла б бавіць час, нават на дыскатэку трэба ехаць або ў горад, або ў іншыя вёскі.

Планы на будучыню Улад пакуль што строіць не спяшаецца: зусім нядаўна ён атрымаў павестку ў ваенкамат, таму ёсць верагоднасць, што ў самы бліжэйшы час з трактарыста яму давядзецца перакваліфікавацца ў салдата.

Некаторыя выпускнікі каледжа атрымалі накіраванне на размеркаванне ў родную вёску. Напрыклад, дзевятнаццацігадовы Аляксандр Шкут працуе ў прыватным прадпрыемстве «Рэдзігерава-Агра».

— Па спецыяльнасці я трактарыст-машыніст, слесар, але займаюся ў асноўным перавозкай людзей, часам таксама важу будаўнічыя матэрыялы. Як толькі прыйшоў на працу, то нават крыху спужаўся той адказнасці, якая лягла на мае плечы. Аднак хутка ўвайшоў у рытм працоўных будняў. Прыемна, што веды, атрыманыя ў каледжы, спатрэбіліся: без іх немагчыма займацца рамонтам тэхнікі. Адчуваю, што гэта мая справа, і сферу дзейнасці мяняць не збіраюся.

Расказваючы пра месца сваёй працы, Саша адзначае, што ў калектыве шмат маладых. Гэта азначае, што не ўсе мараць пра гарадское жыццё і працу ў офісе.

— Грошай зарабляю дастаткова, але, каб патраціць іх, даводзіцца ехаць у раённы цэнтр. Кавярні, клубы, спартыўныя комплексы, кінатэатры — усё там. У гэтым, безумоўна, вёска вельмі прайграе, — гаворыць хлопец. — Скажам, пасля працы я вымушаны бавіць час каля камп'ютара: гуляю ў гульні, сяджу ў сацыяльных сетках. Адным словам, сумна.

Лунінчаніна Яраслава Мельянца спачатку таксама размеркавалі ў вёску. Але гарадскому жыхару было там няўтульна, праца не падабалася. Кіраўніцтва гэта заўважыла, і Яраслаў атрымаў адмацаванне ад размеркавання.

— Жыццё ў вёсцы не для мяне, — прызнаецца хлопец, — але ў Лунінец не маглі накіраваць усіх ахвотных. Прыйшлося самастойна шукаць працоўнае месца, але з гэтым праблем не ўзнікла. Людзям з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй у інтэрнэце прапаноўваюць шмат вакансій. У каледжы, акрамя спецыяльнасці «кіроўца», я атрымаў дадатковую, але на платнай аснове — «электрагазазваршчык». Яна мне якраз і спатрэбілася: цяпер я працую на заводзе «Лідсельмаш».

Яраслаў не пабаяўся невядомага і паехаў у Ліду — горад, з якім яго нічога дагэтуль не звязвала: «Так, спачатку я адчуваў сябе некамфортна, але да ўсяго можна прызвычаіцца, тым больш што я сам выбраў гэтае месца». Добры заробак дазваляе Яраславу здымаць кватэру. І ўсё ж спыняцца на дасягнутым ён не збіраецца, падумвае ў хуткім часе пераехаць у сталіцу. «Мінск — вялікі горад, адпаведна, там больш магчымасцяў, — разважае Яраслаў. — Не выключаю, што паспрабую вучыцца далей, хоць я і даказаў на ўласным вопыце, што не абавязкова мець дыплом ВНУ, каб добра зарабляць».

І няхай цяпер нехта скажа, што быць рабочым сёння — гэта не прэстыжна!

Ганна Курак,
студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».