Вы тут

У калодзежах няма вады...


18-30

Падчас зваротаў на «прамыя лініі» людзі скардзяцца нават на надвор'е

29 грамадзян патэлефанавалі падчас суботняй прамой тэлефоннай лініі кіраўніку справамі Гомельскага аблвыканкама Алене Клічкоўскай. Колькасць званкоў працягвае паступова скарачацца. Так, у красавіку Алена Уладзіміраўна прыняла 50 званкоў, у маі — 35, цяпер — яшчэ менш.

Трэцяя частка чэрвеньскіх тэлефанаванняў тычылася праблем, звязаных з водазабеспячэннем, што выклікана спякотным летам. З прычыны значнага зніжэння ўзроўню грунтавых вод паўсюдна з калодзежаў сыходзіць вада. Пра гэта распавядалі жыхары населеных пунктаў з Рэчыцкага, Жыткавіцкага, Петрыкаўскага, Буда-Кашалёўскага, Гомельскага, Чачэрскага раёнаў.

Таксама на «прамую лінію» традыцыйна паступалі просьбы аб дапамозе ў працаўладкаванні маладых спецыялістаў, аднаўленні на былым месцы працы, прыватызацыі жылля, паляпшэнні стану дарог у сельскай мясцовасці. Жыхары вёскі Рагі Гомельскага раёна, дзе нядаўна закрылі школу, папрасілі не закрываць дзіцячы садок для 14 выхаванцаў.

Работай прадпрыемства «Гомельаблтэлекам» незадаволена жыхарка Гомеля. Цяпер у горадзе ідзе масавая замена тэлефонных нумароў, аднак абанент пры тэлефанаванні па старым нумары інфармацыі пра гэта не атрымлівае. Алена Уладзіміраўна дала даручэнне ў найбліжэйшы час гэтую праблему вывучыць і вырашыць.

Гамяльчанка Наталля Іванаўна, якая жыве ў доме №44 па вуліцы Кірава, паскардзілася на перанос тэрмінаў капітальнага рамонту інжынерных сетак дома, якому 82 гады, і адмову рэгістраваць гаспадарчыя збудаванні ў двары.

Мікалай Рыгоравіч з вёскі Сухавічы Калінкавіцкага раёна абвінаваціў міліцыянераў у самаўпраўстве: тыя выкапалі шматгадовы дэкаратыўны ўсходні мак ля яго дома. Пенсіянер сцвярджае, што расліны не ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы.

Між тым, шматлікія просьбы, якія раней паступалі на прамую лінію да Алены Клічкоўскай, ужо задаволены. Напрыклад, жыхар Лельчыцкага раёна не змог самастойна атрымаць дакументы, якія пацвярджаюць яго працоўны стаж у адной з арганізацый. Да рашэння гэтага пытання далучыліся юрыдычныя службы аблвыканкама. Іх намаганнямі справядлівасць была адноўлена. У вёсцы Свяцілавічы Веткаўскага раёна па просьбе грамадзян адрамантавалі дахі дамоў, якія стаяць на балансе мясцовага ЖКГ. У Камарыне жанчыне, якая аўдавела, улады дапамаглі аформіць дакументы на гараж памерлага мужа. Жанчына ўжо забрала пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі будынка і выказала сваю ўдзячнасць за своечасовую дапамогу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

astashkevich@zviazda.by 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».