Вы тут

Будзем адпавядаць!


У сталіцы стартавала 47-е пасяджэнне Міждзяржаўнага савета па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі дзяржаў — удзельніц СНД. На пляцоўцы для дыялогу і прыняцця рашэнняў сабраліся дэлегацыі нацыянальных органаў па тэхнічным рэгуляванні, стандартызацыі, метралогіі, ацэнцы адпаведнасці і акрэдытацыі дзесяці краін Садружнасці, Выканаўчага камітэта і шэрагу органаў галіновага супрацоўніцтва СНД, Міждзяржаўнага савета па стандартызацыі. Таксама ў сустрэчы прымаюць удзел у якасці назіральнікаў міжнародныя і рэгіянальныя арганізацыі па стандартызацыі, метралогіі і якасці (ІSО, ІЕС, СЕN, СЕNЕLЕС), нацыянальныя арганізацыі па стандартызацыі замежных дзяржаў. Як чакаецца, падчас пасяджэння ўдзельнікі разгледзяць ход рэалізацыі праграмы работ па міждзяржаўнай стандартызацыі на 2013–2015 гады, а таксама распрацуюць праект на 2016–2018 гады.

Пяцьдзясят пытанняў і тысяча стандартаў

Паводле слоў старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктара Назаранкі, у парадку дня пасяджэння больш за 50 актуальных пытанняў. Асаблівая ўвага будзе нададзена праекту пагаднення аб ліквідацыі тэхнічных бар'ераў у зоне свабоднага гандлю СНД, а таксама рэалізацыі комплексу мер па ўдасканаленні дзейнасці па міждзяржаўнай стандартызацыі ў адпаведнасці з сучаснымі выклікамі. Усяго ж каля тысячы новых стандартаў плануецца распрацаваць у СНД за 2015 год. Як ён растлумачыў, асноўным ініцыятарам распрацоўкі міждзяржаўных стандартаў з'яўляюцца краіны Мытнага саюза.

«Краіны Мытнага саюза напрацавалі цэлы комплекс прапаноў, якія тычацца практычна кожнага рэгламенту», — падкрэсліў Віктар Назаранка.

Свае ініцыятывы па распрацоўцы новых дакументаў прапаноўваюць і іншыя краіны — удзельніцы СНД. Многія з прапаноў тычацца стандартаў на інавацыйныя віды прадукцыі. Кіраўнік Дзяржстандарта таксама адзначыў, што важна не проста запланаваць распрацоўку гэтых дакументаў — галоўнае, каб краіны выдзелілі грашовыя сродкі, што з'яўляецца няпростай задачай.

У акрэдытацыі метролагі СНД надаюць асаблівую ўвагу тэме стварэння рэгіянальнай арганізацыі па акрэдытацыі, а таксама развіццю заканадаўчай базы. У галіне міжнароднага супрацоўніцтва будуць разгледжаны пытанні ўзаемадзеяння МДС з ЕЭК, Электраэнергетычнага савета СНД і Савета па чыгуначным транспарце СНД, а таксама з рэгіянальнай арганізацыяй па метралогіі КААМЕТ.

Дзеля свабоднага рынку

Намеснік кіраўніка Федэральнага агенцтва па тэхнічным рэгуляванні і метралогіі (Расстандарта) Аляксандр Зажыгалкін расказаў пра тое, што ў Мінску падчас пасяджэння разгледзяць некалькі варыянтаў новай рэдакцыі пагаднення аб узаемным прызнанні вынікаў ацэнкі адпаведнасці ў СНД. Ён адзначыў, што сёння дзейнічае пагадненне ад 1992 года. Аднак яно працуе ў дачыненні толькі да невялікай групы тавараў. Гэта звязана з тым, што значная група тавараў знаходзіцца ў рамках тэхнічнага рэгулявання ў Мытным саюзе. Намеснік кіраўніка Расстандарта дадаў, што тая праца, якая сёння праводзіцца па ўніфікацыі стандартаў, розных метралагічных аспектаў і іншага робіцца дзеля стварэння вольнага безбар'ернага рынку паміж краінамі Садружнасці.

«Падобныя сустрэчы — гэта магчымасць досыць адкрыта і свабодна пагаварыць аб праблемах у сферы тэхнічнай палітыкі, якія ўзнікаюць паміж нашымі дзяржавамі (гэта і пытанні, звязаныя з развіццём Мытнага саюза, адносінамі з дзяржавамі, якія не ўваходзяць у яго), таксама магчымасць свабодна падыскутаваць з калегамі з Украіны, што цяпер не заўсёды атрымліваецца. А Мінск — адна з тых пляцовак, дзе мы можам прыбраць эмоцыі і паспрабаваць пагаварыць больш-менш рацыянальна і знайсці нейкія рашэнні», — падкрэсліў Аляксандр Зажыгалкін.

У цэлым жа гэтае мерапрыемства, паводле яго слоў, з'яўляецца адным з крокаў па праверцы курсаў разумення таго, на якой стадыі інтэграцыі, развіцця ў галіне тэхнічнай палітыкі знаходзяцца краіны — удзельніцы СНД, а таксама спробай скаардынаваць гэтыя курсы і ў выніку сфарміраваць вектар далейшай уніфікацыі, інтэграцыі.

«Мы не чакаем прарыўных рашэнняў, але мы чакаем адкрытай і вельмі карыснай для ўсіх дыскусіі», — адзначыў намеснік старшыні Расстандарта.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.