Вы тут

Прэмія Чапскага для крэатыўных студэнтаў


18-37
Студэнт V курса факультэта камп'ютарных сістэм і сетак БДУІР Мікіта Дубко адным з першых атрымаў адроджаную стыпендыю Чапскага. Ён увайшоў у каманду праекта «Школа поспеху», якая стала пераможцай «Мінскай змены—2014».
«Мінская змена. Лідар» — рэспубліканскі студэнцкі праект, рэалізацыяй якога на працягу 8 гадоў займаюцца Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Мэта праекта — выявіць сярод студэнцкай моладзі актыўных і мэтанакіраваных людзей, якім не абыякавы родны горад.
— За ўвесь час існавання «Мінскай змены» ў сталіцы было рэалізавана больш за 50 праектаў. Яшчэ 23 знаходзяцца на стадыі выканання, у іх ліку «Алімпійскі рух — у жыццё», «Стварэнне банка коснага мозгу», «Рэканструкцыя малафасадных будынкаў 50-60-х гадоў пабудовы ў Мінску». У гэтым годзе з 25 ВНУ на ўдзел у праекце паступіла 90 заявак. Адборачны этап прайшлі толькі 30 чалавек, якія прадстаўляюць 8 праектаў у галіне адукацыі, эканомікі, культуры, ідэалогіі, спорту і турызму і экалогіі, — адзначыў на ўрачыстай цырымоніі ўручэння стыпендыі начальнік аддзела па справах моладзі Мінгарвыканкама Яраслаў Балвановіч.
— Каб стаць паспяховым у будучыні, трэба праяўляць ініцыятыву, актыўнасць і настойлівасць. І ў гэтым плане «Мінская змена» — якасны інструмент, які дазваляе маладым людзям рабіць правільныя першыя крокі, а стыпендыя Чапскага, якую мы ў гэтым годзе адраджаем, на мой погляд, вельмі добры стымул. Караль Чапскі стаў мінскім граданачальнікам у 30 гадоў, гэта дастаткова малады ўзрост. Яго асабістыя ініцыятывы змянілі жыццё Мінска. І я спадзяюся, што сярод мінскіх студэнтаў ёсць такія ж амбіцыёзныя і ініцыятыўныя маладыя людзі, пра якіх мы яшчэ пачуем у будучыні, — дадаў генеральны дырэктар ААТ «Піўзавод Аліварыя» Дзяніс Шарсценнікаў.
Акрамя Мікіты Дубко, над праектам «Школа поспеху» працавалі студэнт Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі Дзмітрый Буйноўскі, студэнт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Аляксандр Рагулін, студэнты Акадэміі кіравання Мікалай Багамякаў і Ілья Рокач. Кожны ўдзельнік каманды на працягу паўгода будзе атрымліваць грашовае ўзнагароджанне ў памеры 600 тысяч рублёў.
«Мы распрацавалі праграму, якая дапаможа студэнту дасягнуць поспеху ў любой справе. Падрыхтавалі заняткі па самаматывацыі, тайм-менеджменце, крэатыўным мысленні, вывучэнні замежных моў, фінансавай і юрыдычнай адукаванасці, — расказаў Мікіта Дубко. — Праект паспяхова рэалізавалі. На ўдзел у ім было пададзена 15 заявак, аднак да канца заняткаў дайшлі 5 чалавек. Між іншым, адна з выпускніц «Школы поспеху» нядаўна стала старшынёй савета стараст БДУ. І я гэтым ганаруся...»

Надзея НІКАЛАЕВА
nikalaiva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.