Вы тут

Паша Васіленка — гонар Дабраволі


Марыя ІВАНЮК, выпускніца 10 класа вучэбна-педагагічнага комплексу Дабравольскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Свіслацкага раёна:

«Спытайце ў любога піянера нашай школы, чыё імя носіць дружына. І кожны адкажа — Пашы Васіленкі. Яна — гонар Дабраволі. Гляджу на фотаздымак гэтай дзяўчыны. Тонкія вусны, старанна заплеценыя валасы, сур'ёзны твар. А колькі гэтыя вочы бачылі пакут, жаху, болю... І так і не дачакаліся шчаслівай хвіліны Перамогі.

У Пашы Васіленкі была сям'я: бацька, маці, брат. Жылі яны зусім не багата, трымалі гаспадарку, шмат працавалі. Цяжка было, але Паша не баялася працы. Каб дапамагчы сям'і, яна нават пайшла вучыцца на курсы трактарыстаў. Не зусім звычайная для дзяўчыны прафесія. Аднак Пашына смеласць і адказнасць дапамаглі ёй «прыручыць» стальнога каня.

Але ўсе яе мары ў адзін момант разбіла вайна... Дзяўчына не пабаялася пайсці працаваць у нямецкую сталовую. Па загадзе партызанаў яна павінна была слухаць і дакладваць у атрад пра ўсё, што чула. Але нехта выдаў яе фашыстам... Тыя прыгаварылі Пашу і яе сям'ю да смерці. Гэта адна з жахлівых старонак дабравольскага летапісу. Члены сям'і ведалі, што гэта канец, аднак не прасілі аб літасці... Усё праходзіць, ды не ўсё забываецца. Адгрымелі выбухі на нашай зямлі, ужо не свішчуць кулі, якія абрываюць чалавечыя жыцці. Расце новае пакаленне дабравольцаў. Але ніхто з іх не забывае подзвіг Пашы Васіленкі».

Што было, усё памятаецца...

Аляксей ЗУБЕЛЬ, выпускнік 5 класа СШ №3 г. Вілейкі:

«Сям'я маёй прабабкі Ніны Пташнікавай жыла на Міншчыне, калі пачалася вайна. Пасля першага налёту ад многіх дамоў засталіся толькі руіны, жыць не было дзе. Праз некалькі дзён сям'я апынулася ў вёсцы. Бацька, сібірак, адразу пайшоў у партызаны, быў падрыўніком. У 1943 годзе загінуў, выконваючы заданне.

Маці засталася з малымі дзецьмі на руках: сямігадовай Нінай (маёй прабабуляй), пяцігадовай Вольгай і зусім малымі Іванам і Мікалаем. У хуткім часе маці і два яе маленькія сыны памерлі ад тыфу, а дзяўчаткі засталіся жыць. Ваенныя гады пражылі ў хаце мачахі ў голадзе і холадзе (бацька паспеў ажаніцца, ён загінуў пазней, чым памерла маці).

Пасля вайны прыехаў родны дзядзька, брат нябожчыцы-маці, які працаваў дырэктарам Лідскага педвучылішча, забраў дзяўчат на Гродзеншчыну, аддаў іх там у дзіцячы дом. Ізноў голад, холад... Але і вялікае жаданне вучыцца, працаваць! Скончыўшы школу, Ніна пераехала да свайго дзядзькі, вывучылася на бібліятэкара і сустрэла каханага, з якім пражыла больш за 50 гадоў. Яны пабудавалі дом, нарадзілі чацвярых дзяцей і ўсім далі вышэйшую адукацыю».

Лісты чытаў Сяргей РАСОЛЬКА.

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.