Вы тут

Вяртанне Агінскага


25 верасня спаўняецца 250 гадоў з дня нараджэння кампазітара, дыпламата, палітычнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага, чый лёс непарыўна звязаны са Смаргоншчынай. Тры пытанні «Звязды» — да намесніка старшыні Смаргонскага райвыканкама Генадзя БЫЧКО.

— Нядаўна адноўлены сядзібны дом Агінскіх у Залессі. Што робіцца па выкарыстанні яго культурнага і турыстычнага патэнцыялу?

— Рашэннем Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта мы стварылі дзяржаўную гісторыка-культурную ўстанову «Музей-сядзіба М.К. Агінскага», а пад навуковым кіраўніцтвам дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі Зінаіды Кучар распрацавалі канцэпцыю музеефікацыі сядзібы.

Але ўжо і цяпер, не маючы пакуль пастаяннай экспазіцыі, у Залессі актыўна працуюць па папулярызацыі сядзібы Агінскіх — ладзяць экскурсіі, розныя цікавыя імпрэзы. Сёлета сядзібу наведалі ўжо каля 6 тысяч турыстаў, якія азнаёміліся з памяшканнямі палаца, гістарычным паркам, выставамі. У прыватнасці, шматлікіх наведвальнікаў зацікавіла выстава «Паланэзы на вяртанне» (дакументы і гравюры з гісторыі роду Агінскіх), якую прадаставіў Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. А ў тэатральна-музычнай зале сядзібы, як і пры Агінскіх, праходзяць канцэрты і творчыя сустрэчы. У гэтым юбілейным для нашага знакамітага земляка годзе жыхары і госці Залесся змаглі азнаёміцца з музычнай спадчынай сям'і Агінскіх, іншымі старадаўнімі творамі музыкі ў выкананні артыстаў Мінскай і Гродзенскай філармоній, музычнага каледжа імя Глінкі, народных калектываў Смаргонскай дзіцячай школы мастацтваў імя М.К. Агінскага. У сядзібе ўпершыню прайшлі дабрачынны баль, акцыя «Ноч музеяў», а таксама конкурс-пленэр навучэнцаў школ мастацтваў. Музейшчыкі з Залесся абмеркавалі з беларускімі тураператарамі тэму ўключэння сядзібы ў турыстычныя маршруты.

— Ці плануюцца праекты па аднаўленні іншых аб'ектаў гістарычнай спадчыны ў Залессі?

— Для аднаўлення сядзібных аб'ектаў (млын, альтанка Амеліі, гаспадарчая пабудова) неабходна карэкціроўка праектна-каштарыснай дакументацыі, якая ў свой час была зроблена, аднак пакуль не рэалізавана. Рэстаўрацыі патрабуе і гістарычны парк з воднымі аб'ектамі, які займае плошчу ў 25 гектараў. На жаль, у парку не захавалася рамантычная кітайская альтанка, але мы яе збіраемся аднавіць па інвентарных апісаннях. Гэтае пытанне цяпер у падрыхтоўчай стадыі. Спадзяёмся, што частку работ па аднаўленні гістарычных аб'ектаў у Залессі здолеем ажыццявіць у рамках трансгранічных праектаў, як гэта ўдалося зрабіць з канцэртнай залай сядзібнага палаца дзякуючы супрацоўніцтву з літоўскімі партнёрамі.

— Якія імпрэзы рыхтуюць смаргонцы да юбілею Міхала Клеафаса Агінскага?

— Урачыстасці адбудуцца ў Залессі 25-26 верасня. Для мясцовых жыхароў і гасцей, у прыватнасці, наладзім свята «Вяртанне Паўночных Афін» з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраваннем Міхаіла Фінберга, адкрыем пастаянную экспазіцыю музея-сядзібы М.К. Агінскага, напярэдні правядзём міжнародную навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную яго спадчыне ў культуры трох народаў. Дагэтуль, у жніўні, адбудзецца ўжо традыцыйны фестываль «Залессе запрашае сяброў». А ў лістападзе сядзіба сустрэне ўдзельнікаў XІ Міжнароднага конкурсу камерных ансамбляў імя М.К. Агінскага. Бібліятэкі раёна праводзяць краязнаўчыя і літаратурна-музычныя імпрэзы. І, зразумела, распрацоўваецца і вырабляецца сувенірная прадукцыя.

Барыс ПРАКОПЧЫК
prakopchik@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.