Вы тут

Іміджмейкеры дзяржаўнай палітыкі


У Мінску на форуме абмеркавалі ролю ідэалогіі ў жыцці грамадства.

Ідэолаг — спецыяліст, які павінен не толькі валодаць арганізатарскімі навыкамі, але і разбірацца ў піяр-тэхналогіях, быць добрым аратарам і ўмець знаходзіць падыход да кожнага чалавека. Пра гэта, а таксама пра патрабаванні да ідэалогіі ў нашай краіне ішла гутарка на рэспубліканскім форуме-практыкуме «Ідэалагічная работа ў кантэксце ключавых палажэнняў Паслання кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь».

19-41

Мір і парадак — таксама вынік ідэалогіі

Як паведаміў Ігар Бузоўскі, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, сёння ў краіне ў ідэалагічнай вертыкалі працуе амаль 10 тысяч чалавек.

— Гэтыя людзі працуюць на прадпрыемствах, у арганізацыях, грамадскіх структурах, — патлумачыў прадстаўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — За мяжой яны называюцца па-рознаму: іміджмейкерамі, піяр-менеджарамі.

Ён адзначыў, што ацэнка працы ідэалагічнай вертыкалі характарызуецца паняццямі «стабільнасць», «мір», «парадак».

— Стабільнасць, каштоўнасці, якія існуюць у грамадстве, — гэта здабытак і заслуга ідэалагічнай вертыкалі, — заявіў Ігар Бузоўскі.

Закранаючы тэму прэзідэнцкіх выбараў, Ігар Бузоўскі адзначыў:

— Людзі чакаюць адказу на ключавое пытанне: што будзе далей? Што будзе з курсам рубля і цэнамі, што будзе з працоўнымі месцамі: як на дзяржпрадпрыемствах, так і ў прыватным сектары? Што новага прапануе ўлада ў адказ на відавочныя крызісныя з'явы ў нашай эканоміцы і ў эканоміцы нашых суседзяў?

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што эканоміка і ідэалогія цесна звязаны.

— Улада павінна мець і прапаноўваць рашэнні, ствараць такія ўмовы, каб каля таго прадпрыемства, што зачыняецца, узнікла другое, больш перспектыўнае, з новымі працоўнымі месцамі і больш высокай заработнай платай. Ідэалогія не можа быць адарванай ад эканамічных і вытворчых паказчыкаў, — заявіў Ігар Бузоўскі.

Шырокафарматны спецыяліст

— Ідэолаг — шырокафарматны спецыяліст, які павінен валодаць ведамі ў галіне менеджменту, PR-тэхналогій, аратарскага мастацтва, — упэўнены Ігар Бузоўскі. — Патрабаванні, якія сёння прад'яўляюцца да ідэалагічнай галіны, дастаткова высокія, паколькі геапалітыка дыктуе канкурэнтныя ўмовы з іншымі краінамі. Прафесійныя якасці — крытэрый, якім сёння вызначаецца дэфіцыт кадраў.

Падчас выступлення на пленарным пасяджэнні Ігар Бузоўскі звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць арганізацыі сістэмнай працы з кадравым рэзервам, а таксама на важнасць працы з моладдзю.

— Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на маладых спецыялістаў. Важная такая форма працы, як настаўніцтва: яна вельмі эфектыўная, калі да яе падыходзіць не фармальна. Не варта забываць пра работу з таленавітай і адоранай моладдзю, якая з'яўляецца прыкладам для іншых.

Гаворачы пра ролю СМІ ў працэсе ідэалагічнага выхавання, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што традыцыйныя масмедыя «павінны выйсці за мяжу звычайнага інфармавання».

— Стужку навін прадастаўляе сёння вялікая колькасць рэсурсаў, — аргументаваў ён. — Аналітычнасць — найбольш актуальная задача, якая стаіць перад традыцыйнымі сродкамі масавай інфармацыі.

Ігар Бузоўскі таксама звярнуў увагу на ролю сацыяльных сетак, а таксама на іх уплыў на насельніцтва.

— Калі мы хочам быць пачутымі, трэба прыходзіць на тыя пляцоўкі, дзе збіраюцца людзі, — заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. — І даваць інфармацыю нам трэба ў адпаведнасці з асаблівасцямі інтэрнэту — хутка, лаканічна і аргументавана. У новых умовах традыцыйным СМІ трэба праяўляць больш творчай ініцыятывы і ў стварэнні арыгінальных інфармацыйных ніш. Калі інтэрнэт мае перавагу ў аператыўнасці, трэба гэтым карыстацца.

Давер — галоўны крытэрый

У сваю чаргу старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац падкрэсліў: без ідэалагічнага суправаджэння немагчымая ніводная сфера дзейнасці.

— Ідэолагам неабходна наладзіць эфектыўную зваротную сувязь з насельніцтвам. Мы павінны бачыць, што хвалюе людзей, якія праблемы неабходна вырашаць. Ад узаемаразумення і ўзаемадзеяння ў гэтай сферы залежыць многае, — заявіў Андрэй Шорац.

Старшыня Мінгарвыканкама выказаў упэўненасць, што ідэі, якія будуць агучаны на семінары, дапамогуць выйсці на новы ўзровень у ідэалагічнай працы з грамадзянамі.

Ігар Карпенка, намеснік старшыні Мінгарвыканкама, акцэнтаваў увагу на выніках сацыялагічных даследаванняў Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: 53% насельніцтва Мінска давяраюць уладзе, больш за 60% мінчан станоўча ацэньваюць яе дзейнасць.

— Сам факт таго, што мінчане звяртаюцца ў гарвыканкам для рашэння сваіх надзённых праблем, сведчыць пра гэта, — упэўнены Ігар Карпенка. — Людзі разумеюць, што органы ўлады сёння ў стане дапамагчы ў вырашэнні розных пытанняў.

Падчас форуму адбыліся тэматычныя секцыі, на якіх абмеркаванне ролі ідэалогіі і ідэолагаў было працягнута.

Уладзімір МАТУСЕВІЧ, намеснік міністра інфармацыі, мадэратар секцыі «Сучасныя камунікацыі ў ідэалагічнай працы»:

— Сучасныя камунікацыі адыгрываюць вялікую ролю ў ідэалагічнай рабоце. Сёння ідэолагі, СМІ павінны актыўна выкарыстоўваць патэнцыял інтэрнэту, паколькі менавіта глабальная камп'ютарная сетка з'яўляецца асноўнай крыніцай інфармацыі для большай часткі насельніцтва Беларусі. Уменне працаваць у сацыяльных сетках — гэта абавязак і дзяржорганаў, і ідэалагічнай вертыкалі, і СМІ, калі яны хочуць быць актуальнымі, канкурэнтнымі, эфектыўнымі.

СМІ актыўна выкарыстоўваюць новыя формы работы. Друкаваныя сродкі масавай інфармацыі маюць электронныя версіі, развіваецца інтэрнэт-тэлебачанне. Ва ўсіх рэгіянальных газет ёсць сайты. Вядома, яны маюць розны кантэнт і структуру і, безумоўна, павінны ўдасканальвацца.

Аляксей ДЗЕРБІН, дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, мадэратар секцыі «Ідэалагічнае забеспячэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны»:

— Ідэалагічны работнік павінен быць сувязным звяном у пошуку рашэнняў існуючых праблем. Важна не дапусціць узнікнення сацыяльнай напружанасці, што правакуецца няпростымі працэсамі скарачэння штатаў і рэструктурызацыі прадпрыемстваў, аказваць людзям неабходную маральную і практычную падтрымку.

У секцыі «Ідэалагічнае забеспячэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны» ўсе ўдзельнікі дыскусіі пагадзіліся з думкай, што важная задача ідэалагічнага забеспячэння — растлумачыць насельніцтву, што вынікі работы прадпрыемстваў і ўсёй эканомікі, дабрабыт кожнай сям'і залежаць ад захавання працоўнай дысцыпліны, добрасумленнага выканання абавязкаў і ініцыятыўнасці. Крызісы прыходзяць і адыходзяць, а кадравы і працоўны патэнцыял — гэта галоўнае, што вызначае нашу сучаснасць і будучыню.

Марат ЖЫЛІНСКІ, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі, мадэратар секцыі «Дзяржаўная кадравая палітыка і механізм яе рэалізацыі ў сістэме падрыхтоўкі ідэалагічных работнікаў»:

— Падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі ідэалагічных кадраў — гэта складаны і шматгранны працэс, які патрабуе комплекснага падыходу. Вынікам яго павінны стаць веды і кампетэнтнасць ідэолагаў, разуменне імі жыцця і непадробны інтарэс да людзей, іх запатрабаванняў і патрэб.

Галоўнае ў ідэалагічнай дзейнасці — гэта работа з канкрэтным чалавекам. Дайсці да душы і свядомасці кожнага — гэта майстэрства і вялікая праца. Таму ідэалагічныя работнікі павінны мець самую высокую кваліфікацыю і адпаведную спецыяльнасць.

Надзея ЮШКЕВІЧ
yushkevich@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.