Вы тут

Вальс на двух колах і тэатр для ўсіх


Як працуюць творчыя гурткі для маладых інвалідаў?

Кажуць, мастацтва лечыць. Прынамсі, даследаванняў і шчаслівых выпадкаў, якія сцвярджаюць гэты факт, хапае. Творчасць нездарма застаецца важным напрамкам у рэабілітацыі дзяцей і маладых інвалідаў. «Праца, скіраваная на тое, каб павысіць якасць жыцця такіх дзяцей, прадугледжвае шмат аспектаў, — кажа дырэктар сталічнага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Валерый СЯЎЦОЎ. — Гэта і медыцынская дапамога, і педагагічная дзейнасць. Творчасць — толькі адзін са складнікаў, але пераацаніць яго ўплыў і магчымасці нельга».

[caption id="attachment_88377" align="alignnone" width="400"]19-30 Вы­ха­ва­нец ста­ліч­на­га
до­ма-ін­тэр­на­та для дзя­цей-ін­ва­лі­даў Па­ша вы­кон­вае пес­ню «Тры тан­кіс­ты».[/caption]

Заняткі музыкай ці маляваннем спрыяюць развіццю не толькі творчых здольнасцяў дзіцяці, але і навыкаў самаабслугоўвання. Так маленькіх выхаванцаў рыхтуюць да пераводу ў дарослы інтэрнат. Валерый Генадзевіч мяркуе, што галоўнае — ісці ад дзіцяці. Адштурхоўвацца ад таго, што яно ўмее, і паступова павялічваць складанасць заданняў. Тонкасцям тэатральнага майстэрства ў мінскім інтэрнаце, напрыклад, навучаюць прафесійныя акцёры, сярод якіх — Аляксандр Ждановіч (у дзіцячым асяроддзі больш вядомы як Маляваныч).

— Калі пачынаем працаваць з малым, мы павінны разумець, чаго ён хоча. Не навязваць свайго бачання. Творчасць — гэта ж, у першую чаргу, праява індывідуальнасці. Вялікіх поспехаў дасягнуць хутка немагчыма. Гэта штодзённая карпатлівая, падчас незаўважная, праца, — адзначае Валерый Сяўцоў.

Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця вядомы сваёй танцавальнай парай. Каця і Вадзім, вучні восьмага класа, вальсуюць на калясках. Прыгожа, упэўнена, эмацыйна. Выхавальніца Івянецкага інтэрната Алена АБРАМОВІЧ расказала, што вальс стаў першым нумарам гэтай пары. Яго пастаноўка заняла тры месяцы. Цяпер ужо дзеці развучваюць танцы значна хутчэй: апошні, у стылі джайв, зрабілі ўсяго за тыдзень. Некалькі разоў Каця і Вадзім ездзілі на майстар-класы ў школу танцаў «Дар», кіраўніца якой, чэмпіёнка Еўропы і свету па спартыўных танцах на інвалідных калясках Ганна Гарчакова, навучыла падлеткаў асноўным рухам.

— Пакуль у нас займаецца толькі адна пара, — кажа Алена Мікалаеўна, — але зараз пачынаю рыхтаваць малодшых. Каб была змена, калі Каця з Вадзімам скончаць школу. Як заахвочваю дзяцей да танцаў? Ды ім самім гэта падабаецца! Без жадання было б складана.

Заваёўваць сваім талентам Польшчу паедуць выхаванцы Чэрвеньскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Калектыў з Чэрвеня, як уладальнік гран-пры сёлетняга рэспубліканскага фестывалю «Мары здзяйсняюцца», атрымаў права паўдзельнічаць у міжнародным форуме «Кракаўскія сустрэчы».

— Нашы дзеці восем гадоў ездзілі на конкурс, займалі другое-трэцяе месцы. А калі ў гэты раз агучылі, што даюць гран-пры, хлопцы і дзяўчаты плакалі ад шчасця, — успамінае выхавальніца і мастацкі кіраўнік дома-інтэрната Вольга ПРАКАПОВІЧ. — У Кракаве мы пакажам праграму з чатырох нумароў: песня, пантаміма, танец са стужкамі і тэатр ценяў. Каб дабіцца поспехаў, трэба любіць дзяцей. Калі гэтага няма — ніякая іншая методыка не дапаможа. Мы стараемся адчуць іх настрой, стан здароўя ў гэты момант. Падладжваемся пад сваіх выхаванцаў. Для нас важна выязджаць на конкурсы і фестывалі, каб хлопцы і дзяўчаты не толькі паказвалі сябе, але і кантактавалі з іншымі дзецьмі.

[caption id="attachment_88378" align="alignnone" width="600"]Безимени-3 Ка­ця і Ва­дзім з Івян­ца кру­жац­ца ў валь­се.[/caption]

Сёння, калі еўрапейская (а за ёй і беларуская) грамадскасць імкнецца да інклюзіі (уключэння людзей з інваліднасцю ў актыўнае жыццё), больш папулярнымі становяцца праекты, якія даюць магчымасць розным людзям працаваць разам. Адзін з прыкладаў — тэатр лялек, святла і цені «Дом Сонца». Маладыя людзі з асаблівасцямі ў развіцці дапамагаюць супрацоўнікам тэатра выразаць дэкарацыі, майстраваць герояў спектакляў. Хтосьці прыходзіць, каб знайсці паразуменне і падтрымку.

Цікавы сумесны праект нядаўна прадставілі грамадскія арганізацыі SOS-Дзіцячыя вёскі і БелТІЗ. Над пастаноўкай «Вясёлка» моладзь працавала тры месяцы. Ахвотнікаў паўдзельнічаць было так шмат, што давялося нават дапісаць сцэну, каб усім хапіла роляў.

— Трое з акцёраў — цалкам невідушчыя, — расказала нам кіраўнік аддзела па працы з моладдзю SOS-Дзіцячай вёскі ў Бараўлянах Ірына КУРЫЛЮК. — Калі раздавалі сцэнарый, думалі, будзем начытваць ім на дыктафон, каб змаглі вывучыць. Аднак не спатрэбілася: у маладых людзей ёсць прынтар, які друкуе тэкст аб'ёмным шрыфтам. Увогуле, у невідушчых людзей шмат прыёмаў, што дапамагаюць ім правільна перамяшчацца на сцэне. У асобных выпадках, напрыклад, акцёры лічылі крокі. Але часцей арыентаваліся на голас: яны добра адчуваюць людзей, якія стаяць побач, ведаюць, адкуль ідзе гук. Гэта карысны вопыт і для падлеткаў з арганізацыі «SOS-Дзіцячыя вёскі». Яны вучыліся бачыць, калі чалавеку патрэбна дапамога.

Ці заўсёды гэтая творчасць перарастае з самадзейнасці ў мастацтва? Не. У многіх выпадках прафесійны рост і не з'яўляецца мэтай. Тое, што моладзь адаптуецца да самастойнага жыцця, вучыцца кантактаваць з равеснікамі і пачынае адчуваць сябе больш упэўнена, ужо дастатковы эфект. З іншага боку, нішто не перашкаджае стаць найлепшым. Дзесьці год таму звыклае меркаванне аб стандартах мадэльнага бізнесу перавярнула дзяўчына з Латвіі Вікторыя Мадэста, якая не пабаялася выйсці на подыум і зняцца ў музычным кліпе без нагі, а пратэз ператварыла ў модны аксесуар. Цудоўны прыклад, калі мастацтва не толькі лечыць, але і натхняе іншых.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота аўтара.

lubneuskaya@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.