Каб не тая курыца!


...Гадоў колькі таму па тэлебачанні шмат гаварылі пра пажарныя апавяшчальнікі. І так іх расхвальвалі, так раілі набыць — асабліва старым ды адзінокім — што мы з дзедам, хоць яшчэ і не такія, прыслухаліся, прыдбалі два.

Трэба сказаць, што цацкі гэта досыць прыгожанькія — невялічкія такія, беленькія. Мы з імі спачатку па хаце панасіліся, падумалі, дзе ж павесіць. У мяне наконт гэтага былі свае меркаванні, у дзеда, як заўсёды, свае. І яму, на жаль, тады нічога не дакажаш, хоць ты ў лоб страляй...

Карацей, адну гэтую цацку ён прымацаваў у спальні, бліжэй да грубкі, а другую — у кухні, над самай газавай плітой. Мне такая ідэя падалася зусім неразумнай, але ж што ты будзеш рабіць — махнула рукой, падумала: што толку нервы накручваць ды ціск сабе падымаць? Усё роўна ж нічога не змяню! Значыць, хай будзе, як будзе...

І яно, можа, так і было б, калі б праз нейкую гадзіну-другую не пайшла я на кухню абед гатаваць. Наабразала бульбы, уключыла газ... Ад каструль маіх, ад патэльні (выцяжкі ў нас няма), зразумела ж, паднялася пара. І апавяшчальнік той (галоўнае знянацку!) як запішчыць, як зараве! Ледзь не струпянела! Не ведаю, што далей рабіць: ці з хаты ўцякаць, ці есці варыць?..

А калі варыць, то як ? Пад «енк» апавяшчальніка? Дык жа розумам крануцца можна...

Паклікала я гаспадара, спыталася ў яго: «Есці будзеш?.. » Кажа: «Само сабой». — «Дык тады, — стаўлю яму ўльтыматум, — знімі са столі гэтую пісклю і закінь, каб вочы мае не бачылі!»

Насупіўся дзед, пакрыўдзіўся, але ж паслухаўся — зняў.

А я потым тры дні сабе локці кусала...

Чаму?

Ледзь не назаўтра ўключыла газ — паставіла яйкі варыць, а сама на двор, на хвіліначку. Закруцілася там. Толькі ў хату вяртацца, аж бачу — курыца ў градах, у гурочках маіх грабецца... «А каб табе, — крычу, — ды «граблі» адсохлі!..»

Зазлавала, думала — заб'ю! А яна, відаць, гэта зразумела: па агародзе носіцца, як той «ераплан»!

Хвілін з 10 я за ёй ганялася, пакуль абедзве зусім не абяссілелі. Курыца тады прысела. Я за крыло яе і ў курынае паселішча. А ў самой не кухня ў галаве, не яйкі: трэба граду ў парадак прывесці — пасадзіць падвялыя агурочкі... Толькі справілася, толькі паліла — чую нейкія выбухі. Мусіць, думаю, суседкі ўнучак мячыкам у вароты цаляе? Выйшла на вуліцу — не, Марадоны няма. А кананада, між тым, не сціхае. І грыміць нібыта ў хаце.

Я туды... Божухна, дым над плітой — каромыслам, каструля чорная... І з яе «феерверк»: яйкі аж пад столь маю «скачуць», у палёце, як снарады, рвуцца... Выключыла газ, парасчыняла вокны-дзверы — паганяла ручнікамі дым. І толькі пасля гэтага ўжо заўважыла, што чыстага месца ў кухні няма: рэшткамі яек заляпана ўсё — столь, сцены, шафкі, занавескі, посуд...

Тры дні мне давялося патраціць, каб усё адмыць, каб навесці ў кухні ранейшы парадак. А наводзячы, міжволі думаць, што калі б апавяшчальнік пад столлю вісеў, то нічога падобнага ў нас не адбылося б!

Так што вярнулі мы гэтую «цацку» на кухню. Праўда, павесілі не над самай плітой, а трохі збоку. Дзед рады быў, бо атрымалася ж, як быццам, па-ягонаму? Ды і мне смялей. Хаця б таму, што курэй на падворку шмат. Раптам нейкая зноў з панталыку саб'е? Апавяшчальнік загадзя на кухню пакліча.

Н. Л., Бялыніцкі раён.

Доктар адпачывае!

Па тэлебачанні, перад тым як паказваць небяспечныя трукі, часцяком папярэджваюць, што гледачам паўтараць іх не варта. Гэты «эксперымент» — я не раю таксама. Але ж расказаць пра яго можна. Значыць...

Пётр і сам разумеў, што п'янка да дабра не давядзе, але ад чаркі адмовіцца не мог: з працы амаль штодня вяртаўся пад мухай. Вядома, сталярны цэх у яго: то дошак некаму нагаблюе, то зэдлік зробіць ці карыта для свіней. Людзі ж хочуць разлічацца. А чым, калі не сваёй, мясцовай «валютай»?

У той дзень Пятро выпіў, здаецца, няшмат, аднак да хаты ледзьве прывалокся. Пакуль разуваўся, пакуль распранаўся ды ўкладваўся на тапчан, жонка лямантавала:

— П'янчуга пракляты! Каб табе вантробы вырвала! Каб табе дух заняло! Колькі мне з табой мучыцца?!.

«Песні» гэтыя Пятро ўжо чуў, прычым безліч разоў. Але ж была сярод іх і нейкая новая:

— Лопнула маё цярпенне! Заб'ю гада! — закрычала Ганна. — Сякерай зараз як дам...

— Бі! — агрызнуўся Пётр, высунуўшы галаву з-пад коўдры і ўбачыўшы, што жонка і сапраўды нахіляецца па сякеру... Сам, як на ліха, у парозе паставіў...

Побач з ботамі...

Ганна ўхапіла, здаецца, левы і як гахне ім па коўдры, па тым месцы, дзе муж галаву схаваў...

Галава ад нечаканасці войкнула і адразу ж сціхла.

Ганна, плюнуўшы ў той бок, выскачыла з хаты.

Каб хоць неяк супакоіцца, пайшла ўпраўляцца па гаспадарцы, потым доўга сядзела ля тэлевізара.

І раніцай з мужам размаўляць не стала: бачыла толькі, што той піў гарбату, што пайшоў на працу...

Пад вечар ён вярнуўся дамоў. Што страшэнна здзівіла — цвярозы, як шкельца! Назаўтра і напаслязаўтра — таксама...

— Узяўся чалавек за розум, — сталі хваліць мужыка вяскоўцы. — Гарэлкі, бач, у рот не бярэ! Мусіць, закадзіраваўся? Ганна, куды ты яго звазіла? Колькі грошай аддала?

Тая ў адказ хіба пасміхалася. Але ж да пары: не вытрывала неяк, пахвалілася, што ад гарэлкі адвучыла мужа сама, самым звычайным ботам.

Пётр, праўда, пасля гэтага лячэння заікам стаў, але і гаспадаром... Як людскі чалавек цяпер жыве, лазню для сям'і паставіў...

А Ганну з той пары празвалі доктаркай. Не без падстаў, згадзіцеся: «закадзіравала» свайго мужыка, прычым — за адно імгненне, задарма і нікуды яго не вывозячы.

Уладзімір Пугач,

м. Навасёлкі, Петрыкаўскі р-н.

Пахаванне ката

Віця, аднакласнік маёй дачкі, разам з бацькамі і старэйшай сястрой жыве ў цэнтры Мінска, у ціхім завулку... Дом у іх стандартны, пяціпавярховы, кватэра — на першым паверсе, што сям'і не дужа падабаецца, затое кату... Вольніца: хоча — у хаце сядзіць, хоча — у акне, а то наогул у фортку сігане і, што называецца, гуляй Кузя! Цэлымі ж днямі можа валэндацца, хоць гэта і досыць небяспечна: побач шумная вуліца, а кот, мякка кажучы, ужо ў гадах...

Карацей, перажывалі за яго сямейнікі, баяліся за жыццё, а ў страха, як вядома, вочы вялікія.

Неяк раз вяртаецца гаспадыня з працы і яшчэ здалёк, на вуліцы каля самага дома, бачыць... збітага машынай ката. Сэрца зайшлося, бо ён такі ж бландзіністы, з такімі ж рыжымі плямкамі на спіне, з акурат такім жа доўгім белым хвастом...

Але паверыць у тое, што гэта Кузі не стала, жанчына не магла. Пабегла дадому, зазірнула ва ўсе пакоі, паклікала ўголас... Ніхто не адгукнуўся. Значыць, памылкі няма?

Па чарзе стала званіць сямейнікам:

— Нашага Кузю машынай забіла!

Муж адпрасіўся з працы, сын — з урокаў у школе, дачка — з лекцый у акадэміі: усе тэрмінова прыехалі дамоў, бо Кузю (у сям'і ён гадоў 15 пражыў!) трэба было як след пахаваць (ну, не пакідаць жа на вуліцы, не выкідваць у сметніцу!).

Гаспадар схадзіў у сутарэнне па рыдлёўку. Дачка прынесла самую прыгожую каробку з-пад боцікаў. На донца яе (для ўлюбёнца нічога не шкада) паслалі новы прыгожы ручнік, на яго асцярожна паклалі памерлага і накрылі — ручніком, кардонкай...

З каробкай і рыдлёўкай выйшлі з дому, моўчкі селі ў машыну і паехалі ў бок Чыжоўскага вадасховішча.

Там, у парку, знайшлі зацішны куточак, выкапалі ямку, апусцілі ў яе «труну» з катом — засыпалі жоўтым пясочкам. Зверху, як і належыць, зрабілі магілку. Дачка на яе паклала кветак. Нейкі час моўчкі пастаялі і нават паплакалі...

Дома гаспадар сказаў:

— Кузьму трэба памянуць.

Гаспадыня, вядома ж, не пярэчыла. На хуткую руку сабралі на стол, селі — кожны на сваё, прывычнае месца...

Не было на ім толькі ката. І ўжо не будзе...

З гэтым трэба змірыцца.

Гаспадар пацягнуўся да пляшкі: з коптурам наліў сабе, на донца — жонцы і дачцэ, кампоту — сыну. На імгненне завагаўся: выпіць трэба  седзячы ці ўсё ж такі стоячы? Як раптам (і ў тое ж імгненне)... варухнуліся (а потым адчыніліся!) дзверцы ў шафцы пад мыйкай. І адтуль, сонна выгнуўшы спіну, вылез... Кузя — жывы, здаровы, заспаны!

У сямейнікаў мову адняло!

А Кузьма тым часам падышоў да гаспадыні, цёплым бачком пацёрся аб нагу і, падняўшы вочы, быццам папракнуў: «Ну, што ж гэта вы — як самі, дык вячэраеце, а як ката паклікаць, дык голасу няма».

— Кузечка! Ты жывы! — радасна закрычалі дзеці і кінулася ціскаць ката.

— Божухна, а каго ж мы пахавалі? — уголас падумала жонка. — Нейкага бяздомніка? Паўдня патраціўшы...

Рысу пад размовамі падвёў гаспадар:

— Ну, каго б ні пахавалі, а памянуць варта! І, змахнуўшы слязу, ліха кульнуў сваю чарку.

Тамара Пятрова, г. Мінск.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.