Вы тут

Педагогі таксама... вучацца


Пакуль школьнікі адпачываюць на канікулах, іх настаўнікі не марнуюць часу.

У аздараўленчым лагеры «Чонкаўскі бор», што пад Гомелем, прайшоў першы абласны фестываль «Педагагічныя надзеі — 2015». На працягу двух дзён педагогі са значным вопытам работы раскрывалі сакрэты прафесійнага майстэрства маладым калегам.

19-29

19-29

 

Як правесці ўрок фізічнай культуры з максімальнай карысцю для вучняў? Гэта толькі адна з тэм, якую распрацоўвалі ўдзельнікі — 50 настаўнікаў са стажам работы не больш за тры гады. Увогуле, курсы павышэння кваліфікацыі на Гомельшчыне праводзяцца пастаянна, але цяпер упершыню вучобу арганізавалі ў нефармальных умовах. Начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын лічыць, што новая форма дапаможа вырашыць адразу некалькі задач.

— Праз такую форму выяўляем найбольш таленавітых маладых настаўнікаў, навучэнцаў педкаледжаў, раскрываем іх творчы патэнцыял, папулярызуем прафесію педагога.

Магчыма, правесці фестываль можна было б і ў Гомелі, у памяшканні якой-небудзь навучальнай установы. Аднак тэрыторыя аздараўленчага лагера і нефармальныя ўмовы дазваляюць маладым настаўнікам раскрыцца лепш.

Для падрыхтоўкі моладзі да конкурсных выступленняў, а таксама правядзення майстар-класаў запрасілі настаўніцкую эліту вобласці — удзельнікаў і лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года». У кожнага — індывідуальная методыка навучання, якая ўжо пацвердзіла сваю эфектыўнасць. На працягу двух дзён адбываліся самапрэзентацыі каманд, міні-ўрокі на сцэне і турнір прамоўцаў: за тры хвіліны неабходна было пераканаць экспертную групу ў перавагах прафесіі настаўніка. У склад журы ўваходзілі члены абласнога настаўніцкага клуба «Зорнае крыло». Яны ж напрыканцы работы фестывалю правялі з настаўнікамі-пачаткоўцамі майстар-класы.

Маладыя спецыялісты прызналіся: цяпер набыты вопыт яны будуць абавязкова выкарыстоўваць на сваіх уроках. Яўген Іхонкін усё жыццё пражыў у Гомелі і толькі два апошнія гады — у аграгарадку Вазнясенскі Чачэрскага раёна, дзе працуе настаўнікам беларускай літаратуры. Малады настаўнік гаворыць, што ў сельскай мясцовасці шмат таленавітых дзяцей і яго задача — раскрыць іх здольнасці.

19-27

19-27

 

— На ўроку ты можаш быць і акцёрам, і спеваком... Бо што такое настаўніцтва? Гэта не толькі здольнасць правесці ўрок. Мы не толькі вучым, але і выхоўваем дзяцей. Мы даём ім самае галоўнае — крытычны погляд на рэчы, уменне прымяняць веды на практыцы.

Па выніках першага абласнога фестывалю «Педагагічныя надзеі» кожны ўдзельнік атрымаў спецыяльны сертыфікат — пасведчанне аб павышэнні кваліфікацыі. Налета фестываль, верагодна, арганізуюць наноў, пры гэтым тэрмін яго правядзення плануецца падоўжыць.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
astashkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.