Вы тут

Тамара Вяцкая: «Эфір варта ўпрыгожваць галасамі»


Нядаўна дырэктарам радыё «Мінская хваля» прызначылі Тамару Вяцкую — таленавітага журналіста, вопытнага арганізатара, клапатлівую маму, мілавідную жанчыну і рашучага чалавека. Пра што сведчаць некаторыя факты яе біяграфіі.

19-9

Нарадзілася Тамара Вяцкая ў маленькім палескім гарадку ва Украіне. Там скончыла школу. У Беларусь прыехала з дзесяццю рублямі і зубной шчоткай у партфелі. Завочна вучылася ў політэхнічным, але «не склалася», уладкавалася на працу ў самы складаны цэх Мінскага трактарнага завода. Працавала на цяжкім штампе і... пісала вершы. Потым паступіла ў Белдзяржуніверсітэт, на першым курсе нарадзіла першае дзіця, на другім — другое. Пасля заканчэння факультэта журналістыкі пачала працаваць уласным карэспандэнтам Беларускага радыё, якому аддала 12 гадоў, сумяшчаючы гэтую пасаду з работай на «Маяку» — для ўсенародна любімага тады радыёканала рыхтавала паўгадзінныя штотыднёвыя праграмы пра Беларусь. Нарадзіўшы трэцяе дзіця, разышлася з мужам, сышла ў тэлерадыёкампанію «Мір», якая толькі стваралася. СССР на той час ужо распаўся. Працавала 12 гадоў палітычным аглядальнікам, выдала дзве кніжачкі вершаў і прозы, зняла дакументальныя фільмы «Раскаванае земляробства» і «Працягваем ваяваць». У 2007-м была прызначана першым намеснікам старшыні ТРА Саюз (тэлеканал «Беларусь-Расія»).

Акрамя адміністрацыйнай працы, займалася творчасцю — вяла тэлепраграмы пра паспяховых жанчын «Кава-перапынак з Т.В.», «Панарама з Тамарай Вяцкай», «ТРАСА М1», напісала сцэнарыі і зняла дакументальныя фільмы «10 гадоў. Працяг будзе», «Уся надзея — на аркестр», «Адкрыты ўрок», «Аднагалосна — значыць, аднадушна», «Канцэрт для Германіі з аркестрам», «Вялікая музыка для вялікай Брытаніі», «Прыцяжэнне Альберта Вейніка» і іншыя. З 2013 года працавала на Грамадскім тэлебачанні Расіі.

— Тамара Рыгораўна, на новай пасадзе вы нядаўна. Якія першыя ўражанні?

— Радыё «Мінская хваля» для мяне, прызнаюся шчыра, — асабістае адкрыццё. Мне даводзілася часта ездзіць у Атоліна, што пад Мінскам, на маршрутцы. І заўсёды на будынку №5 па вуліцы Чкалава чытала шыльду з надпісам «Мінская хваля». Потым прыгадала, што тут працуе мая знаёмая. Калі прапанавалі ўзначаліць калектыў гэтага радыё, то ў мяне нават шоку не было. Відаць, «Мінская хваля» цэлы месяц трапляла мне на вочы невыпадкова (смяецца). Мяркую, калі ты даў згоду і ідзеш кудысьці працаваць, то пачынаеш як бы ўлюбляцца ў новае месца работы. Інакш нельга, гэтак жа як немагчыма ні жыць, ні сябраваць з нелюбімым чалавекам. Не варта і працаваць на той рабоце, якую не любіш...

Пазнаёмілася ўжо практычна з усімі супрацоўнікамі. Слухаю некаторых — добры голас! Як прафесіянал, не разумею, чаму ён дагэтуль не гучыць у эфіры. У мяне такое адчуванне, што хутка мы ў эфір «Мінскай хвалі» пойдзем дружнай камандай: і дырэктар, і намеснікі. Эфір варта ўпрыгожваць галасамі. Бо што такое радыё? Для мяне яно, мабыць, гадоў з 18 — суразмоўца, выратаванне ад адзіноты, нават лекар, калі на душы неспакойна. Як толькі ўключаеш любую радыёхвалю, паверце, побач з вамі з'яўляецца сябар. У «Мінскай хвалі», на шчасце, вельмі добрая гісторыя. У верасні нам спаўняецца 11 гадоў. Галасы, што тут гучаць, добра вядомыя і пазнавальныя для аўдыторыі. І я хачу, каб «Мінская хваля» стала добрым, сапраўдным таварышам для ўсіх слухачоў.

— І ўсё ж, Тамара Рыгораўна, на вашу думку, чаго не хапае «Мінскай хвалі»?

— Мне здаецца, тут нестае душэўных, аналітычных праграм. Усё гэта калісьці, мабыць, было ды, як кажуць, сплыло. Тое добрае, вартае ўвагі, што забылася, мы вернем. Гэта цалкам магчыма: усе пытанні ў калектыве вырашаюцца калегіяльна, праз экспертны савет. Спадзяюся, такая практыка захаваецца і надалей.

І вось яшчэ чаго хочацца ад супрацоўнікаў. Калі я працавала ў эфіры, то разумела, што перада мной не чорны мікрафон. Я ўяўляла, што недзе бабуля сядзіць каля прыёмніка. У яе нестае здароўя, сіл нават на тое, каб звязаць шкарпэткі, але яна слухае радыё. Або — маладая мама, якой трэба закалыхаць дзіцятка, і яна ціхенька ўключыла радыё, каб не патурбаваць малое. Я папрасіла сваіх работнікаў павесіць у студыі фота тых людзей, якіх яны любяць. Няхай гэта будуць бабуля, дзядуля, маці, бацька, каб уяўлялі, што вядуць перадачу для іх, родных і блізкіх, размаўляюць з імі.

Дадам, што ўсе мае намеснікі, супрацоўнікі выказваюць і свае прапановы. І гэта радуе, калі ты прыходзіш, зрэшты, у стабільны калектыў, дзе ў кожнага чалавека ёсць творчыя задумы, ідэі.

— Новая мятла па-новаму мяце. А вы, Тамара Рыгораўна, падпадаеце пад гэтую прымаўку?

— З псіхалагічнага пункту гледжання можна з гэтым пагадзіцца. Кожнаму кіраўніку хочацца камфортнай работы, хочацца працаваць з тымі, хто лепшы за яго. Магчыма, гэта толькі маё асабістае меркаванне. Прафесіяналаў цэняць у любым калектыве, у любой галіне дзейнасці. Аднолькава — і токара, і журналіста. Быць кіраўніком — гэта таксама талент, прычым вельмі рэдкі. На жаль, нярэдка бывае, што хтосьці не спраўляецца са сваімі абавязкамі, але яго... рухаюць наверх, каб не псаваў справу. І ён становіцца кіраўніком. Спадзяюся, што я не з такіх і да таго ж прафесіянал у журналістыцы. А калектыў у нас добра падабраны, за што дзякуй маім папярэднікам і стваральнікам радыё.

Калі сёння стаіць задача зарабляць грошы, то будзем імкнуцца развіваць рэкламную дзейнасць, даносіць да ўсіх, што на радыё «Мінская хваля» вельмі ўдалая, паспяховая, правільная рэкламная стратэгія. На рэкламу ў некаторых няправільны погляд, лічыцца, што радыё прадае з дапамогай рэкламы нейкі прадукт. Няпраўда, мы знаёмім з ім сваю аўдыторыю, і гэта важна зразумець. Чым большая аўдыторыя, тым больш рэкламадаўцаў да нас прыйдзе са сваім прадуктам. І наша мэта — як мага большай колькасці людзей даць правільнае разуменне, што яны могуць купіць, каб іх жыццё стала лепшым, лягчэйшым, радаснейшым. Задача «Мінскай хвалі» — прыйсці ў кожны дом, зрабіць новы дзень чалавека прыемным.

— Поспехаў вам на новым месцы працы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.