Вы тут

Цяжка быць Богам


Апошні праект кінакласіка

Складана ўявіць сабе сучаснае расійскае кіно без Аляксея Германа-старэйшага (і малодшага таксама). Ён пакінуў пасля сябе багатую спадчыну чорна-белых фільмаў з унікальнай кінамовай, найлепшымі акцёрскімі працамі, а таксама своеасаблівым і дакладным спосабам перадачы праз экран пачуццяў дыскамфорту, неўладкаванасці, няўтульнасці.

Ад карціны да карціны гэтае пачуццё расце. Удасканаленымі кадрамі, дробязямі, эпізодамі рэжысёр насычае час, быццам знаёмы гледачу, каб адкрыць яго з іншага ракурсу. Вайна, савецкае жыццё, маленькі горад, дом вялікай сям'і — нічога не застаецца звычайным, а паказваецца ў германаўскай сюррэалістычнай апрацоўцы. Гэты сюррэалізм пераходзіць на ўзровень філасофіі, у якой дзве дзейныя асобы — чалавек і наваколле, якое не фізічна, дык маральна знішчае асобу.

У 1976 годзе на экраны выйшаў фільм «Дваццаць дзён без вайны», дзе ў пары з Людмілай Гурчанкай галоўную ролю — як драматычны акцёр — выканаў Юрый Нікулін. Карціна «Мой сябар Іван Лапшын» (1984) стала эпізодам з жыцця начальніка крымінальнага вышуку невялікага горада ў стылы, складаны савецкі час, дзе ёсць і фізікі, і лірыкі, і культурная багема, але кожны — нешчаслівы, агрубелы, заблытаны — не ведае, чаго чакаць ад жыцця і ад заўтрашняга дня. Тут галоўныя ролі выканалі Андрэй Болтнеў і Андрэй Міронаў. «Хрусталёў, машыну!» (1998) змясціў у сабе яшчэ больш экспрэсіі, жаху і душэўнай няўтульнасці. Вялікая «шышка» Кленскі, як і звычайны качагар Арамышаў, як і любы чалавек у пэўны савецкі перыяд, не можа быць упэўнены ў сваім становішчы і ў тым, што на наступны дзень зможа дыхаць паветрам на волі...

Нарэшце, у пачатку тысячагоддзя Аляксей Герман пачаў ствараць фільм па матывах фантастычнай аповесці братоў Стругацкіх «Цяжка быць Богам». Дзеянне адбываецца ў горадзе Арканар на адкрытай чалавекам планеце. Жыццё тут нагадвае наша Сярэднявечча, а развіццё павінна прынесці Арканару тыя ж памылкі, што былі на Зямлі. Галоўны герой Румата Эсторскі (яго сыграў Леанід Ярмольнік) выконвае тут ролю найвышэйшага чыну, які насам-
рэч з дапамогай сваіх неабмежаваных правоў павінен захоўваць сярод мясцовага насельніцтва мір, інакш кажучы, кіраваць чужой гісторыяй.

Стварэнне фільма доўжылася дзесяць гадоў. Аляксей Герман не паспеў выпусціць карціну ў пракат (памёр у 2013-м), таму працу працягваў яго сын Аляксей Герман, вядомы сваімі ўласнымі фільмамі «Апошні цягнік», «Папяровы салдат», «З Токіа» і іншымі.

Фільм стаў не толькі ўвасабленнем германаўскага стылю, але і яго апафеозам — рэжысёр па прыступках прыйшоў да найвышэйшага ўзроўню абсурду, нават фізічна непрыемных кадраў, шматзначных, апрацаваных эпізодаў у эпізодзе, якія паказалі фантастычны свет братоў Стругацкіх, але, зразумела, вельмі адрозна ад літаратурнай крыніцы.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».