Zамор'е


Пярсцёнкі ўсёведання

Брытанскі ювелір і заснавальнік брэнда Gemporіa Стыў Бенет стварыў пярсцёнкі для заручынаў, абсталяваныя GPS-сістэмай.

19-3

Упрыгажэнні атрымалі назву «пярсцёнкі вернасці». Паводле задумы дызайнера, асноўным прызначэннем убудаваных ва ўпрыгажэнні мініяцюрных чыпаў стане абарона ад крадзяжу або страты каштоўнай рэчы. Аднак аўтар навінкі дапускае, што яны будуць карыстацца попытам у раўнівых мужоў, якія хочуць заўсёды ведаць пра месцазнаходжанне другой паловы. Бенет стварыў пярсцёнкі ў двух варыянтах: з класічным празрыстым дыяментам агранкі «прынцэса» і з фіялетавым дыяментам агранкі «маркіз». Кошт каштоўнасцяў не ўдакладняецца.

Першае злачынства за паўстагоддзя

На шатландскім востраве Кана адбылося першае за 50 з лішнім гадоў злачынства. Здабычай зладзеяў, якія залезлі ў краму ноччу, стала шэсць капелюшоў, цукеркі, кава і печыва.

19-2

Прадстаўніца супольнасці землеўладальнікаў вострава заявіла, што цяпер прыйдзецца звярнуцца да радыкальных захадаў, каб прадухіліць далейшыя крадзяжы на Кане. «Гэта азначае, што мы будзем вымушаны замыкаць дзверы па начах. Раней мы пакідалі іх адамкнёнымі, каб рыбакі маглі скарыстацца Wі-Fі або купіць штосьці для адпачынку», — адзначыла прадстаўніца супольнасці. Папярэдняе злачынства на востраве адбылося ў 1960 годзе. Тады была скрадзеная драўляная талерка.

На размешчаным за 40 кіламетраў ад паўночна-заходняга ўзбярэжжа Шатландыі востраве Кана няма аддзялення паліцыі. Усяго тут пражывае каля 30 чалавек, на востраве таксама ёсць ферма з 50 каровамі.

Кана вядомы яшчэ тым, што ў 2013 годзе мясцовыя жыхары паскардзіліся на разбуральную актыўнасць трусоў. Тады каля 16 тысяч гэтых жывёл пракапалі велізарную колькасць нор і сталі прычынай апоўзня, які заблакаваў адзіную на востраве дарогу на тры дні.

Застаўся жывым

У амерыканскім штаце Арызона мужчына выжыў пасля таго, як яго ўкусілі каля тысячы пчол.

19-5

Паводле звестак уладаў, пацярпелы працаваў на ўчастку, дзе, верагодна, патрывожыў вулей. На яго напалі раз'юшаныя пчолы. На шчасце, ён паспеў дабегчы да сваёй машыны. У выніку чалавека даставілі ў бальніцу, цяпер ён знаходзіцца ў стабільным стане. Пацярпелі ад пчол і двое людзей, якія дапамагалі яму, але ім шпіталізацыя не спатрэбілася. Выкліканы на месца здарэння пчаляр таксама атрымаў 23 укусы. На яго думку, на тое, каб пчолы супакоіліся і вярнуліся да звычайнага жыцця ў вуллі, спатрэбіцца некалькі дзён.

Іван Купарвас,

hvir@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.