Вы тут

Гэта трэба жывым


Мемарыяльны комплекс «Трасцянец» рыхтуецца да адкрыцця.

«Трасцянец» — чацвёрты па велічыні лагер смерці ў Еўропе. Ён стаіць у адным шэрагу з такімі крывавымі канцэнтрацыйнымі лагерамі, як «Асвенцым», «Майданэк», «Трэблінка». Назва «Трасцянец» аб'ядноўвае некалькі месцаў масавага знішчэння людзей: урочышча Благаўшчына — месца расстрэлаў; лагер — побач з вёскай Малы Трасцянец за 10 км ад Мінска па Магілёўскай шашы; урочышча Шашкоўка — месца спальвання людзей.

Безимени-6

Неўзабаве тут павінен адкрыцца новы мемарыяльны комплекс. Помнік «Брама памяці» — 10-метровая бронзавая скульптура, на якой паказаны пакуты вязняў, — ужо ўсталяваны. Дагэтуль памяць ахвяр фашызму была ўшанаваная, але зусім не супастаўна з маштабам трагедыі. Першы абеліск з вечным агнём у памяць вязняў канцлагера «Трасцянец» быў усталяваны яшчэ ў 1963 годзе, прычым на даволі аддаленым ад самога лагера месцы. Такое размяшчэнне тлумачылі тым, што яго «відаць з дарогі» — побач Партызанскі праспект. Але нашчадкі ахвяр «Трасцянца» з усяго свету едуць не да гэтага манумента: яшчэ адзін сціплы помнік стаіць у былым урочышчы Благаўшчына — менавіта там фашысты праводзілі самыя масавыя расстрэлы. Сюды вязуць фатаграфіі сваіх бацькоў і дзядоў людзі з Аўстрыі, Польшчы, Чэхіі, Германіі, на дрэвах развешваюць спісы і стужачкі з імёнамі загінулых.

Тое, што «Трасцянец» на дзяржаўным узроўні было вырашана зрабіць адным з самых заўважных мемарыялаў у Еўропе, можна лічыць устанаўленнем гістарычнай справядлівасці. А яшчэ — сведчаннем таго, што Беларусь памятае пра кожную ахвяру той страшнай вайны, што кожны забіты ці закатаваны фашыстамі на нашай зямлі чалавек — незагойная рана ў нашых сэрцах... На стварэнне мемарыяла абвясцілі конкурс. Сродкі на яго збіралі, без перабольшвання, усім светам. Узвядзенне прадугледжвае некалькі этапаў. Летась у сімвалічны камень заклалі памятную капсулу з пасланнем будучым пакаленням, увосень здалі першы пускавы комплекс. Сёлета скульптуру «Брама памяці» аўтарства скульптара Канстанціна Касцючэнкі ўсталявалі на месцы, дзе было знішчана каля 6000 людзей — вязняў мінскай турмы і жыхароў былой вуліцы Шырокай. Да цэнтральнага пункта мемарыяльнага комплексу — плошчы, на якой усталявана «Брама памяці», — вядзе Дарога памяці (паралельна вуліцы Сяліцкага), забрукаваная шэрай пліткай з украпінамі чорнай, якая сімвалізуе сляды зняволеных. Увесну ў рамках акцыі «Кветкі Вялікай Перамогі» ля мемарыяла з'явіўся малады яблыневы сад. Наступным пускавым комплексам першай чаргі стане стварэнне скульптурнай кампазіцыі на месцы ямы-печы ва ўрочышчы Шашкоўка.

Сумесна з беларускімі дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі ў праекце актыўны ўдзел прымае германскі бок, а таксама еўрапейскія грамадскія арганізацыі. Ад іх Беларусь атрымала спісы імёнаў больш за 80 тысяч яўрэяў, якія былі вывезены з Германіі, Чэхіі, Аўстрыі і знішчаны ў Трасцянцы. Копіі спісаў будуць перададзены ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Паводле афіцыйных звестак, усяго ў лагеры смерці «Трасцянец» загінулі 206,5 тысячы чалавек. Аднак некаторыя даследчыкі лічаць, што ахвяр «Трасцянца» было ўдвая больш. Дакладнай колькасці мы, бадай, не даведаемся ўжо ніколі. Але годна захоўваць памяць аб палеглых тут — наш святы абавязак і наша гарантыя, што падобнае на гэтай зямлі мы ніколі не дапусцім.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.