Вы тут

У нас ужо больш за дваццаць медалёў


Новы спаборніцкі дзень Еўрапейскіх гульняў у Баку прынёс нашай камандзе чарговыя ўзнагароды. Першы камплект медалёў быў разыграны ў спартыўнай акрабатыцы. Жаночыя групы выявілі наймацнейшых у мнагабор'і. Беларускае трыа ў складзе Кацярыны Барысевіч, Веранікі Набокінай і Карыны Сандовіч стала бронзавым прызёрам Еўрагульняў. Нашых дзяўчат апярэдзілі спартсменкі з Бельгіі і Расіі.

— Мы вельмі рады, але настройваліся змагацца за золата, — патлумачыла трэнер каманды Анжэла Янусік. — У нас досыць складаная па элементах праграма: толькі тры каманды ў свеце — мы, расіянкі і бельгійкі — маюць у сваім актыве такія сальта. Але цяпер, каб выйграваць, трэба папрацаваць над харэаграфіяй і касцюмамі — неабходна больш яркасці. Адбіраючы спартсменаў на Еўрагульні, мы зыходзілі з таго, каб уключаць у склад толькі тых, хто можа змагацца за ўзнагароды, турыстаў быць не павінна. Дзяўчаты добра рыхтаваліся да гэтага старту, зрабілі вялікую працу на зборы ў «Стайках». І вось вынік. Спадзяёмся, што дзякуючы яму ў свеце і ў Беларусі больш даведаюцца пра такі прыгожы від спорту, як акрабатыка. Бо ў нас не алімпійская дысцыпліна і часцяком нашы дасягненні застаюцца ў цені.

Заўтра беларускія акрабаткі выступяць яшчэ ў двух фіналах — «баланс» і «дынаміка», там нашым дзяўчатам будуць супрацьстаяць каманды Азербайджана, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Расіі і Украіны.

Яшчэ адну бронзавую ўзнагароду ў актыў беларускай зборнай дабавіла Меліціна Станюта, яна стала трэцяй у індывідуальным мнагабор'і. Апярэдзіць нашу «грацыю» змаглі толькі славутыя расіянкі — Яна Кудраўцава і Маргарыта Мамун. Другая прадстаўніца Беларусі Кацярына Галкіна заняла 6-е месца.

Напрыканцы дня Уладзімір Самсонаў заваяваў сярэбраны медаль у настольным тэнісе.

У агульным медальным заліку наша зборная працягвае трымацца ў пяцёрцы найлепшых краін Еўропы. На рахунку Беларусі ўжо больш за 20 узнагарод. Узначальвае спіс найлепшых Расія, у лідарах таксама каманды Азербайджана, Венгрыі і Германіі.

Спаборніцтвы ў Баку працягнуцца яшчэ 9 дзён, балеем за Беларусь!

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.