Вы тут

Электронны рэцэпт становіцца нормай


Вырашыць сёлета праблему кадравага дэфіцыту ўрачоў міністр аховы здароўя Васіль Жарко паабяцаў яшчэ вясной, калі звяртаў увагу на недахоп ва ўстановах аховы здароўя 2,5 тысячы ўрачоў. Размова ішла аб размеркаванні (у першую чаргу ў амбулаторна-поліклінічныя ўстановы) звыш 3 тысяч маладых спецыялістаў, што і павінна закрыць пытанне кадраў ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Сёлета ж у медыцынскія ВНУ плануецца прыняць 2830 чалавек (з іх 1955 на бюджэтнай аснове, у тым ліку на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі — 718), пра што міністр паведаміў БЕЛТА падчас нядаўняй анлайн-канферэнцыі, прымеркаванай да прафесійнага свята медыкаў. Леташні прыём склаў 2834 чалавекі (бюджэт — 2040, на мэтавай аснове — 794). У сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы плануецца прыняць 3818 чалавек (2740 на бюджэтнай аснове, з іх каля 60 працэнтаў на мэтавай аснове). Летась было прынята 3982, на бюджэт — 2940, 45 працэнтаў з якіх — мэтавікі.

Што да павышэння заработнай платы, то сёлета, як адзначыў Васіль Жарко, медыкі могуць чакаць яго пераважна за кошт аптымізацыі сістэмы працы і эканоміі бюджэтных сродкаў. Падчас анлайн-канферэнцыі былі агучаны і некаторыя іншыя цікавыя звесткі, якія прыводзім ніжэй.

Пра высокія тэхналогіі

Летась было праведзена 286 трансплантацый ныркі (у тым ліку 18 — дзецям), 68 — печані (7 — дзецям), 45 — сэрца, дзве трансплантацыі «нырка-падстраўнікавая залоза» і па адной «печань-нырка» і «печань-лёгкае»; звыш 14 тысяч аператыўных умяшанняў на сэрцы і грудной аорце, што крыху больш, чым у папярэднім годзе; 1395 высокатэхналагічных медыцынскіх умяшанняў для лячэння артэрыяльных анеўрызмаў, артэрыявянозных мальфармацый, пухлін цэнтральнай нервовай сістэмы; звыш 5 тысяч эндапратэзаванняў тазасцегнавога сустава і звыш 1 тысячы — каленнага.

Пра будаўніцтва і рэканструкцыю

На базе РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава будуецца рэспубліканскі цэнтр пазітронна-эмісійнай тамаграфіі, а таксама рэспубліканская малекулярна-генетычная лабараторыя канцэрагенезу. Гэтыя аб'екты павінны быць уведзены ў эксплуатацыю ўжо сёлета. Працягваецца рэканструкцыя карпусоў Мінскага гарадскога клінічнага дыспансера з будаўніцтвам новага радыялагічнага корпуса, карпусоў 4-й гарадской клінічнай бальніцы з будаўніцтвам новага тэрапеўтычнага корпуса і прыбудовы да ўралагічнага корпуса, будынка паталагаанатамічнага бюро па вуліцы Сямашкі, будынка 6-й гарадской клінічнай бальніцы пад гарадскі цэнтр трансфузіялогіі, галоўнага корпуса з прыбудовай кардыяхірургічнага аперацыйнага блока і блока трансплантацыі ствалавых клетак. На этапе завяршэння радзільны дом 5-й гарадской клінічнай бальніцы. У наступным годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю дыспансерны корпус РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, дзіцячыя паліклінікі ў мікрараёне «Дружба-1» і «Каменная Горка-2».

Пра айчынныя лекі

Асвоены выпуск 62 найменняў лекаў, якія раней не вырабляліся ў краіне. Сёння доля беларускіх лекавых прэпаратаў на рынку складае каля
45 працэнтаў.

Пра дыспансерызацыю

Медыцынскія агляды і дыспансерызацыя працягваюцца. У многіх паліклініках прызначаюцца дні, у тым ліку выхадныя, калі можна прайсці дыягнастычны скрынінг без чаргі. Дзіўна, што ў такія дні прыходзіць вельмі мала людзей (5 працэнтаў ад колькасці запрошаных). Разам з тым захоўваецца высокі працэнт дарослага насельніцтва, якое праходзіць медагляд, — 98,6 працэнта працаздольных грамадзян.

Пра даследаванні

Сумесна з Акадэміяй навук Міністэрства аховы здароўя праводзіць фундаментальныя даследаванні са ствалавымі клеткамі, у галіне генетыкі. Большасць распрацовак маюць практычнае прымяненне. Прыкладнымі даследаваннямі, іх укараненнем займаюцца практычна ўсе рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры.

Пра інавацыі

Да канца года плануецца ўкараніць сістэму электроннай чаргі ва ўсіх паліклініках Мінска. Электронная чарга (па аналогіі з той, што прымяняецца ў банках) павінна упарадкаваць паток пацыентаў. Новая сістэма ўжо дзейнічае ў 39-й сталічнай паліклініцы, дзе сам пацыент на тэрмінале выбірае функцыянальнае падраздзяленне і чакае сваёй чаргі. Неўзабаве сістэма пачне працаваць яшчэ ў трох паліклініках Мінска. Наколькі хуткім акажацца працэс укаранення гэтай інавацыі, залежыць ад фінансавых магчымасцяў.

Працягваецца інфарматызацыя беларускіх паліклінік. Запісацца да ўрача можна не толькі па тэлефоне, але і праз інтэрнэт. Заказаць талон можна і праз тэрмінал або інфакіёск. Каля дзесяці сталічных паліклінік працуюць у анлайн-рэжыме — атрымаць адказы можна непасрэдна праз інтэрнэт. У некаторых паліклініках дзейнічае праграмна-апаратны комплекс па запрашэнні пацыентаў на дыспансерызацыю, розныя абследаванні.

15 паліклінік сталіцы выпісваюць электронныя рэцэпты. Ёсць магчымасць атрымаць па электроннай пошце вынікі лабараторных аналізаў і заказаць праз інтэрнэт выпіскі з медыцынскай дакументацыі. Да канца года электронны рэцэпт стане нормай практычна для ўсёй краіны.

У наступным годзе распрацуюць новую лабараторную картку хворага — з чыпам. Такая картка будзе працаваць па ўсёй краіне, каб пацыента маглі прыняць у любой установе аховы здароўя і ўбачыць гісторыю яго захворвання.

Пра лісткі непрацаздольнасці

Міністэрства аховы здароўя разгледзела пытанне пра дазвол на выдачу лісткоў непрацаздольнасці тым арганізацыям, якія аказваюць платныя медыцынскія паслугі. Быў падрыхтаваны пакет дакументаў, аднак падчас абмеркавання гэтага пытання з іншымі дзяржаўнымі органамі высветлілася, што пакуль немэтазгодна надзяляць правам выдачы такіх лістоў арганізацыі аховы здароўя недзяржаўнай формы ўласнасці. Праўда, сёлета плануецца зноў вярнуцца да абмеркавання гэтага пытання.

Пра дэмаграфічную бяспеку

Працягваецца работа над падпраграмай «Здароўе насельніцтва, прафілактыка і кантроль неінфекцыйных захворванняў» Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Беларусі на 2016—2020 гады. Намаганні плануецца засяродзіць на захворваннях сістэмы кровазвароту, анкалагічных, цукровым дыябеце, абструктыўнай хваробе лёгкіх, а таксама на самых распаўсюджаных фактарах рызыкі — злоўжыванні алкаголем, курэнні, няправільным харчаванні, недастатковай фізічнай актыўнасці.

Пра хуткую дапамогу

Колькасць брыгад хуткай медыцынскай дапамогі ў нас адпавядае мінімальным сацыяльным стандартам. У работу службы актыўна ўкараняюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Ва ўсіх рэгіёнах укараняецца сістэма дыстанцыйнай перадачы электракардыяграмы па стацыянарнай і мабільнай сувязі ад брыгад хуткай меддапамогі ўрачу-кансультанту для вызначэння далейшай тактыкі дзеянняў у дачыненні да пацыента. Каля паловы аўтапарка службы хуткай меддапамогі аснашчаны сістэмай GPS-навігацыі. Аўтапарк пастаянна абнаўляецца, актыўна закупляецца медтэхніка.

Пра лячэнне за мяжой

На лячэнне за мяжой беларусы накіроўваюцца ў выключных выпадках. Разам з пацыентамі, як правіла, выязджаюць медыкі для пераймання замежнага вопыту, далейшага абмеркавання неабходнасці прымянення той ці іншай методыкі ў нашай краіне. Рашэнне аб накіраванні можа прыняць спецыяльная камісія пры Міністэрстве аховы здароўя — на падставе заключэння кансіліуму з удзелам галоўных штатных і пазаштатных спецыялістаў міністэрства. Штогод на лячэнне за мяжу накіроўваецца каля 30 чалавек. У 70 працэнтах выпадкаў накіроўваецца нават не сам пацыент, а запыт для пошуку донара коснага мозгу, найчасцей за ўсё, гэта еўрапейскі банк звестак.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.