У межах Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму адбылася сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Ігара Петрышэнкі з губернатарам Санкт-Пецярбурга Георгіем Палтаўчанкам.
Падчас дыялогу суразмоўцы закранулі тэму праектаў будаўніцтва жылля — «Беларускага квартала» ў Санкт-Пецярбургу і «Санкт-пецярбургскага квартала» ў Мінску. Яны дамовіліся, што больш падрабязна праекты будуць абмеркаваны ў беларускай сталіцы 6 ліпеня, на восьмым пасяджэнні рабочай групы Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Санкт-Пецярбурга. На пасяджэнні будуць таксама разгледжаны сумесныя праекты ў сферы прамысловасці і транспарту.
Кіраўнік беларускай дыпмісіі падзякаваў губернатару за вялікі асабісты ўклад у развіццё двухбаковага супрацоўніцтва. Георгій Палтаўчанка, у сваю чаргу, адзначыў, што супрацоўніцтва з Беларуссю прыярытэтнае для Санкт-Пецярбурга. У 2014 годзе агульны таваразварот павялічыўся на 3% і склаў амаль 2 млрд долараў. Ён адзначыў добрыя перспектывы супрацоўніцтва ў галіне біятэхналогій і канцэпцыі новай праграмы «Бяспека Саюзнай дзяржавы».
Губернатар паўночнай сталіцы Расіі прапанаваў беларускім прадпрыемствам стаць сталымі ўдзельнікамі выставы на базе Цэнтра імпартазамяшчэння, які адкрыецца восенню 2015-га ў Пецярбургу. Беларускі дыпламат падтрымаў гэтую прапанову, адзначыўшы, што яна будзе ўважліва прапрацоўвацца.
Пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Ігар Петрышэнка таксама абмеркаваў і са старшынёй Камітэта па знешніх сувязях Санкт-Пецярбурга Яўгенам Грыгор'евым. Летась экспарт склаў 1,267 млрд долараў (вырас на 3,4%), імпарт — $681 млн (рост на 2,3%). Аснову экспарту склалі пастаўкі ялавічыны, нафтапрадуктаў, спіц з нелегіраванай сталі, сыроў і тварагу, мяса і субпрадуктаў свойскай птушкі, малака і вяршкоў, мэблі, цукру, палімераў этылену, пластмасавай тары.
Дарэчы, на думку Ігара Петрышэнкі, ПМЭФ — гэта пляцоўка не толькі для абмену думкамі, але і для правядзення дзелавых сустрэч і пошуку новых кантактаў як сярод бізнесу, так і рэгіянальных улад Расійскай Федэрацыі. «Беларусь вельмі актыўна развівае супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі, таму для нас гэта надта важная пляцоўка. Таксама форум добра падыходзіць для пошуку інвестараў, бо тут бяруць удзел і вядомыя бізнесмены, і буйныя фінансавыя інстытуты. Таму ў ПМЭФ сёлета прымаюць удзел беларускія дэлегацыі ад Міністэрства эканомікі, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Мінгарвыканкама і буйных кампаній», — паведаміў беларускі пасол.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ
kulеtskі@zvіаzdа.bу
г. Санкт-Пецярбург
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.