Вы тут

Мы думаем... з рознай хуткасцю


У апошні час мой сябра Алег пачаў скардзіцца на сваю сужыцельку Ірыну. Раней усё было інакш, скаргаў я не чуў. Знаёмыя яны каля двух гадоў, абое ў разводзе — як не сысціся адзінокім людзям? Алег, можна сказаць, з рэчамі перайшоў да Ірыны ад бацькоў, бо тая жыве адна, выхоўвае дачку.

— Чапляецца да кожнай дробязі, — абураецца Алег за шклянкай піва. — Бывае настолькі агрэсіўнай, быццам бы я вычварыў штосьці неверагоднае. Яна раней такой не была! Чаго ёй не хапае? Вядома, я не падарунак — аліменты, дый якая там зарплата ў настаўніка... Але няўжо ёй будзе лепш, калі мы развітаемся?

А можа, яна проста хоча замуж за цябе?

— Замуж? Напэўна, не, бо нічога не казала. Дык яна ўжо была замужам! — паціснуў плячамі Алег.

Мы, мужчыны, — асобы без гадзінніка ў галаве, у большасці сваёй жывём адным днём. Можна сказаць і інакш: мы з жанчынамі думаем... з рознай хуткасцю. Мая калега па рабоце сёння са смехам прызнаецца, што праз два тыдні пасля знаёмства з будучым мужам ужо прыкідвала, як абставіць яго пакой і прыглядвалася да шлюбных туфляў (вышыня абцасіка мела значэнне, бо патэнцыйны жаніх невысокі ростам). Яна ўжо ўсё «расклала па палічках», цярпліва чакаючы таго дня, калі пачырванелы і ўсхваляваны кавалер будзе мармытаць доўгачаканыя словы...

Ён яшчэ не ведаў, чаго хоча, не строіў ніякіх планаў. А яна не толькі ведала, але нават уяўляла колер шпалераў і памер канапы.

Адчуйце розніцу!

Мужчына ў падобнай сітуацыі можа і не здагадвацца, што яго проста цярпліва «вядуць», нібы бычка на вяровачцы. Калі ён пачынае «брыкацца», дык на яго галаву абрушваецца гнеў, які агарошвае, здзіўляе. Адсюль «чаго ёй не хапае, яна раней такой не была».

Такія разважанні можна ўкласці ў адзін сучасны анекдот:

«Калі Алег напісаў Машы: «Прывітанне!», то яна ў думках адразу выйшла за яго замуж і нарадзіла траіх дзяцей».

Мая пляменніца Насця сёння згадвае, што пасля двух гадоў знаёмства з Арцёмам была «працятая» толькі адной думкай: чаму ён не робіць ёй прапанову?.. Але мужчыны пра гэта ўвогуле мала думаюць — яшчэ Леў Талстой заўважыў: «...Ему и в голову не приходило, чтобы могло быть что-нибудь дурное в его отношениях к Кити. Он не знал, что его образ действий относительно Кити имеет определенное название, что это есть заманиванье барышень без намерения жениться и что это заманиванье есть один из дурных поступков».

...Так-так, мы, мужчыны, у большасці сваёй не ўяўляем, што можам зрабіць жанчыну няшчаснай, не прапанаваўшы ёй руку і сэрца. Чаму? Бо шчыра лічым: жанчыны кахаюць кожнага з нас за розум, сілу, спрыт, велікадушнасць і (чаго ўжо там) прыгажосць. І ў гэтым заключаецца асноўная наша памылка, бо ўся сіла, спрыт і прыгажосць не зацікавяць ніводную дзяўчыну, калі яна ведае або прадчувае, што «на тым канцы адносін» не свеціць прапановы рукі і сэрца. Бо лепш хоць шэранькі жаніх, але свой.

Аляксандр ГОРБАЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.