Вы тут

Сама сабе перашкода


Ці заўважалі вы такую дзіўную рэч: вось працуюць побач перспектыўныя маладыя калегі, ён і яна, дэманструюць практычна аднолькавыя дасягненні, у роўнай ступені заахвочваюцца кіраўніцтвам... А калі прыходзіць час кагосьці з іх павысіць, прызначыць на больш перспектыўную пасаду, дык лаўры часцей дастаюцца прадстаўнікам моцнай паловы. Можа здацца, што тут спрацоўвае даўнейшы стэрэатып: мужчыны апрыёры лепшыя, нават калі яны горшыя... Але давайце не будзем спяшацца з высновамі, бо вельмі часта жанчыны і сапраўды псуюць сабе кар'еру сваімі ж рукамі.

20-15

Уявіце сабе мужчыну, які пасля сур'ёзнай гутаркі з начальнікам вяртаецца на працоўнае месца з поўнымі слёз вачамі... Нерэальная сітуацыя, праўда? Мужчыны не хвалююцца па дробязях і не паглыбляюцца ў свае эмоцыі. Жанчыны больш адчувальныя і ранімыя па сваёй прыродзе — гэта сапраўды так. Але працоўная прастора звычайна мае на ўвазе прысутнасць логікі і цвярозага разліку, а не феерыю эмоцый з любой нагоды. Жанчыне, якая хоча дамагчыся поспеху, проста неабходна ўмець кіраваць сваім настроем. Гэта зусім не азначае, што трэба станавіцца халоднай і бяздушнай — месца ўсмешцы і добраму жарту ў любой установе знойдзецца. Проста, калі сёння ў прадстаўніцы слабага полу нізкая прадукцыйнасць працы, таму што кліент нагрубіў, заўтра — бо пасварылася з каханым, а паслязаўтра — з-за зробленай калегам заўвагі, кіраўнік дакладна не будзе павышаць па службе такога ўразлівага работніка. У той час як мужчыны проста працуюць, жанчыны перажываюць з нагоды працы, і ніхто, уключаючы іх саміх, не ведае, да чаго яны могуць даперажывацца. Адсюль робім выснову: мужчыны не разумнейшыя за жанчын, проста яны менш эмацыйныя.

Уявіце сабе работніка-мужчыну, які, абараняючы перад шэфам праект свайго калегі, у якасці галоўнага аргумента прыводзіць тое, што... гэты калега яму падабаецца, маўляў, «нешта такое ў ім ёсць». Смешна? Але, на жаль, жанчыны часта грэбуюць логікай, аргументуючы свае рашэнні і дзеянні сумніўнымі і алагічнымі выказваннямі. Можа, у паўсядзённым жыцці гэта глядзіцца натуральна і нават міла, але для кар'еры такі стыль зносін проста згубны! Калі непазбежныя штодзённыя працоўныя праблемы «заправіць» яшчэ і жаночым «я так хачу, таму што хачу», то хаос і канфлікты непазбежныя. Кіраўнік ацэніць таго, хто ўмела аперыруе фактамі, здольны выстраіць прычынна-выніковыя сувязі і эфектыўна распланаваць працу. Адсюль робім выснову: мужчыны не валодаюць вялікай колькасцю інфармацыі, проста яны больш паслядоўныя.

Цяжка ўявіць сабе мужчыну, які баіцца не справіцца з новым заданнем шэфа і доўга абдумвае, чаму такое складанае даручэнне далі менавіта яму. Мужчына амаль заўсёды і пры любых абставінах адчувае сябе пераможцам. Сумнявацца ў сабе і ў сваіх сілах — гэта ўласцівасць жанчын. «Я недастаткова разумная (эрудзіраваная, прывабная, маладая, стройная)...» Гэты спіс можна працягваць да бясконцасці. Мала таго, што сумненні і страхі забіраюць шмат энергіі і псуюць колер твару — іх яшчэ бачаць іншыя. Вядома, кожны нармальны кіраўнік даверыцца перш за ўсё ўпэўненаму ў сабе супрацоўніку. Адсюль робім выснову: мужчыны не лепшыя за жанчын, проста яны не сумняваюцца ў сваіх здольнасцях.

Ці сустракалі вы мужчыну, які тыдзень ходзіць засмучаны з-за памылкі, дапушчанай пры складанні дагавора?.. Нонсэнс. Правільных спосабаў рэагавання на памылку толькі два: улічыць у далейшым і (або) забыцца. Так мужчына і дзейнічае. Ён не зацыкліваецца на ўласных промахах, не займаецца самаедствам, не рве валасы на галаве, каб не пагоршыць сітуацыю яшчэ больш. Пачуццё віны і бясконцае абдумванне ўласных хібаў адцягвае ўвагу, не дае магчымасці засяродзіцца на бягучай працы. Безумоўна, кіраўнік будзе прасоўваць па службовай лесвіцы ўважлівага і ўраўнаважанага супрацоўніка, а не таго, хто патрабуе пастаяннага кантролю. Адсюль вынікае: мужчыны не больш удачлівыя за жанчын, проста яны дазваляюць сабе быць недасканалымі.

Уявіце сабе мужчыну, які, седзячы на працоўным месцы, абдумвае, хто і што пра яго сказаў, і страшна перажывае з гэтай нагоды. На працы мужчыны звычайна занятыя толькі двума справамі: яны альбо працуюць, альбо не. Жаночыя ж фантазіі, на жаль, могуць быць сапраўды бязмежнымі! Мала таго, што яны маюць у асноўным негатыўнае адценне (гэта значыць, «забіваюць» добры настрой), дык часта на іх падставе жанчына яшчэ і рашэнні прымае! І калі ў побыце такія спантанныя паводзіны надаюць нават нейкую загадкавасць, то на працы яны выглядаюць як мінімум дзіўнавата... Адсюль вынікае, што мужчыны больш прадказальныя.

Ну і, нарэшце, уявіце сабе мужчыну, які акуратненька раскладвае папкі з дакументамі па іх колерах... Уявілі? Насамрэч, мужчыны рэдка марнуюць час на такую драбязу, як навядзенне парадку на стале, у скрынях, шафах і дакументах. На іх сталах можна заблудзіцца з компасам. Але пры гэтым, калі неабходна паказаць вынік, яны імгненна знаходзяць важную інфармацыю. Што, уласна кажучы, і патрабуецца для стварэння бачнасці добрага работніка. У той час як жаночае штодзённае раскладванне дакументаў па палічках наўрад ці хтосьці заўважыць і тым больш ацэніць. Што вынікае адсюль? Мужчыны не больш за жанчын арганізаваныя, проста яны ведаюць, на чым трэба канцэнтраваць намаганні.

Выснова? Яна напрошваецца сама. Мужчыны не марнуюць сілы і энергію на самаедства, фантазіі, барацьбу са страхамі і сумненнямі. Яны канцэнтруюць высілкі на дасягненні мэтаў і дзейнічаюць. Так што ніякіх суперсакрэтаў для паспяховага кар'ернага росту ў іх няма.

Ала Бывалава

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.