Вы тут

НЕВЫПРАЎНЫ ЛГУН


— Дарагі, ты ж кляўся, што больш не будзеш курыць, затрымлівацца на працы і бегаць за кожнай спадніцай!

— Але ж клятву не хлусіць я нікому не даваў!

Сутыкацца з хлуснёй непрыемна. Але адна справа, калі вас ашукаў прадавец на рынку, і зусім іншая — калі вам даводзіцца пастаянна выслухоўваць няпраўду ад уласнага мужа. У гэтай прыкрай сітуацыі кожная жанчына пачынае нервавацца і хвалявацца, адчувае сябе падманутай і няшчаснай. У яе адразу ўзнікаюць два адвечныя пытанні: хто вінаваты і што рабіць (зразумець і дараваць ці шукаць новага мужа)? Дамы, памятайце: першае і галоўнае, што неабходна зрабіць, — супакоіцца. Другое, не менш важнае, — супакоіцца яшчэ больш. «Халодны» розум — значна лепшы дарадца, чым «гарачыя» эмоцыі.

Дэталёва прааналізуйце сітуацыю. Варта высветліць, як часта муж хлусіць, каму і з якой нагоды. Можа стацца, што лжывасць — гэта характарыстыка яго асобы. І хлусіць ён не толькі вам, а ўсім і ўсюды (калі вас гэта, вядома, суцяшае): начальніку, калегам, сябрам... У многіх людзей звычка казаць няпраўду фарміруецца яшчэ ў дзяцінстве. Напрыклад, калі дзіця выхоўвалі строгія бацькі, якія каралі за кожнае адступленне ад правілаў, то яно прывыкае ўсё ўтойваць: «Гэта не я разбіў бабуліну любімую вазу, гэта малодшы брат» і г.д. Праходзяць гады, а мадэль паводзінаў не змяняецца. Тут можа спатрэбіцца кансультацыя псіхатэрапеўта. І, вядома, каб стаць шчырым і праўдзівым, чалавеку прыйдзецца праявіць значныя валявыя намаганні.

Але можа быць і так, што мужчына хлусіць толькі жонцы. У гэтым выпадку крыніцу такіх паводзінаў трэба шукаць менавіта ў адносінах пары. Вось яны, магчымыя прычыны мужчынскай хлусні:

*Жаданне не пакрыўдзіць жонку. «Дарагі, мне пасуе гэтая жоўценькая сукенка ў зялёныя гарохі?». Не, каханая. У ёй ты падобная да кураняці, якое запэцкалася ў зялёнку. «Безумоўна, дарагая, ты ўпрыгожыш сабой любую сукенку!». Так, большасць мужчын гатовыя схлусіць, калі жонка задае пытанні, праўдзівы адказ на якія можа яе засмуціць. Каб пазбегнуць падобных сітуацый, варта растлумачыць мужу, што вы лепш ставіцеся да праўдзівых, хай і не вельмі пахвальных водгукаў, чым да «салодкай» хлусні. Ну і паклічце на дапамогу сваё пачуццё гумару — без гэтага ніяк.

*Жаданне выглядаць у вачах жонкі больш паспяховым. Калі муж штучна завышае свае вартасці і дасягненні, то жонцы варта задумацца, ці не занадта крытычна яна яго ацэньвае. Каб у чалавека не ўзнікала жадання прыдумляць сабе подзвігі, трэба верыць у яго і прымаць такім, які ён ёсць. Крытыка павінна быць дазіраванай і — гэта цяжка, але вы справіцеся — аб'ектыўнай. Забудзьцеся пра фразы кшталту «Біл Гейтс — першы ў спісе Forbes, а ты — толькі 10 345 567 867 789-ы!», ні ў якім разе не параўноўвайце мужа з іншымі мужчынамі не на яго карысць, таму што гэта ўспрымаецца вельмі балюча і ў будучыні можа справакаваць хлусню падобнага тыпу.

*Жаданне пазбегнуць негатыўных наступстваў, сварак, скандалаў. Калі жонка занадта абмяжоўвае асабістую прастору мужа і кожнае яго адхіленне ад прымальнага для яе варыянту паводзін заканчваецца скандалам або натацыямі, з цягам часу нават сумленны чалавек не вытрымае і пачне падманваць. Калі жонка супраць сустрэч мужа з сябрамі, а яны якраз паклікалі яго глядзець матч Лігі чэмпіёнаў, «зацюканы» муж скажа, што затрымаецца на працы. Каб не дапускаць падобных выпадкаў, дастаткова давяраць каханаму чалавеку і прызнаваць яго права на асабістую прастору. Жанчынам трэба памятаць, што яны не строгія «мамы», якія кантралююць кожны крок і тым самым вымушаюць хлусіць, а надзейныя партнёры, з якімі можна параіцца ў любой сітуацыі. Адносіны стануць сапраўды давяральнымі, і муж не будзе хлусіць і выкручвацца, а паспрабуе гаварыць праўду.

*Здрада. Пералічаныя вышэй сітуацыі засмучаюць, але большасць жанчын можа з імі мірыцца. Калі ж з дапамогай хлусні спрабуюць утаіць здраду (ці, крый Божа, здрады), то гэта ўжо вельмі сур'ёзна. Як будзе развівацца сітуацыя ў кожным асобным выпадку, залежыць ад самой жанчыны. Калі гаворка ідзе пра адзінкавую здраду і муж лічыць яе вялікай памылкай, раскайваецца і месца сабе не знаходзіць ад сораму, некаторым жанчынам удаецца дараваць здрадніку і зберагчы адносіны. У выпадку пастаянных паходаў мужа «налева»... Надзей на захаванне шчаслівага шлюбу мала. І выратаваць яго дапаможа толькі сур'ёзная работа над адносінамі, якую будуць выконваць і муж, і жонка. Трымайцеся.

Наогул, калі адносіны з гэтым чалавекам для вас каштоўныя, трэба прыняць усе магчымыя захады, каб яны сталі шчырымі. Давярайце мужу, прымайце яго з усімі недахопамі, падтрымлівайце яго ва ўсім, і ён стане больш сумленным. Але калі ад чалавека няма адпаведнай пазітыўнай рэакцыі, ці варта марнаваць уласныя намаганні на паляпшэнне сітуацыі ў шлюбе? Не будзем даваць адназначны адказ, дадзім вам магчымасць зрабіць выбар самастойна. І памятайце: несправядліва патрабаваць ад мужа сумленнасці, калі вы і самі не можаце ёю пахваліцца!

Міра Кравец

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.