Вы тут

Міхал Клеафас Агінскі. Уласны супергерой нашай гісторыі


Як бачыцца Агінскі праз 250 гадоў.

Шмат характарыстык можна падабраць да імя Міхала Клеафаса Агінскага. Мецэнат, культурны і палітычны дзеяч Беларусі, Польшчы, Літвы і Расіі, лідар паўстання Тадэвуша Касцюшкі, ганаровы член Віленскага ўніверсітэта, ён жа пакінуў нашчадкам і архітэктурную спадчыну — палацава-паркавы ансамбль у Залессі. Але найбольш ён вядомы як аўтар знакамітага паланэза «Развітанне з Радзімай». Хоць, насамрэч, Агінскі не быў прафесійным кампазітарам...

Да 250-годдзя з яго дня нараджэння ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна з польскім інстытутам у Мінску 18-19 чэрвеня была арганізавана міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Творчая спадчына Міхала Клеафаса Агінскага». Таму што памяць пра такіх асоб «вучыць арыстакратызму духу».

Насычанасці жыцця кампазітара можна пазайздросціць, яна ж — добрая фактура для літаратуры і кіно, яго гісторыя — падстава для гонару, ён сам — прыклад выбітнай энергічнай асобы, пасля якіх застаюцца легенды, чуткі і вечная пашана. І паланэзы.

«Міхал Клеафас Агінскі быў тым, хто пераадольвае межы, вышэй за палітычныя інтарэсы без сумнення ставіць чалавечыя каштоўнасці, паразуменне, любоў і творчасць. Помнікі, звязаныя з яго жыццём і творчасцю, яднаюць Польшчу, Літву, Расію, Беларусь і Украіну, Італію, ды што казаць — усю Еўропу», — гаворыць дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук, акадэмік Аляксандр Лакотка.

Удзельнікі канферэнцыі прыехалі з Польшчы, Украіны, Расіі, каб адзначыць 250-годдзе з дня нараджэння Агінскага абменам ведамі і напрацоўкамі. Былі, напрыклад, прадстаўлены новыя выданні — «Залескі сакратар Леанард Ходзька», «Каляндар-біяграфія Міхала Клеафаса Агінскага», «Так спяваюць «Паланэз Агінскага» ў Беларусі, Літве, Польшчы...» Таццяны Кляшчонак, «Marіa Konopnіcka o Tadeuszu Koscіuszce і Іnsurekcjі wіerszem» Марэка Кшэсняка. Шматлікія выступленні тычыліся жыцця, дыпламатычнай дзейнасці, творчасці героя. Разглядалася гісторыя вёскі Залессе і сядзібы Агінскага, абмяркоўваліся яго развагі пра ліцвінаў і палякаў, тэмы выходзілі на ўзровень больш агульнай гісторыі, сучаснікам якой быў Агінскі.

Доктар мастацтвазнаўства, прафесар Беларускай акадэміі музыкі Вольга Дадзіёмава кажа, што «спадчына Агінскага мае лёсавызначальную існасць для культуры Беларусі не толькі таму, што паланэз «Развітанне з Радзімай» тут не мае роўных па папулярнасці і не толькі таму, што самыя шчаслівыя гады свайго жыцця Агінскі правёў у Залессі, але і таму, што стаўленне да яго творчасці ёсць індыкатар сталасці, спеласці айчыннай культуры, якая імкнецца адлюстраваць усе святліцы таго велічнага гмаху, якім з'яўляецца айчынная культура. Уздым гістарычнай і музыкалагічнай беларускай навукі заўсёды супадае з даследаваннямі спадчыны Агінскага. У мастацтве Беларусі да яе цягнуцца найлепшыя музыканты».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Барыс Цяцёркін: Я аднолькава ўлюбёны і ў тэатр, і ў кіно

Артыст Купалаўскага тэатра —  пра дзяцінства, шлях да сцэны і вывучэнне беларускай мовы.

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў надыходзіць тыдзень сур’ёзных змен у асабістым жыцці.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.