Вы тут

Янка Купала. Славацкім шляхам песняра


Пройдуць пісьменнікі і журналісты

Неяк, 80 гадоў таму, Янка Купала наведаў некалькі гарадоў Славакіі. І хоць нічога падчас паездкі не напісаў, эпізод у гісторыі застаўся. Пра гэтую вандроўку было мала вядома, пакуль у 2012 годзе не выйшла манаграфія Міколы Труса «Янка Купала ў Славакіі». Дзеля таго, каб раскрыць гэты перыяд, даследчык сам вандраваў па Славакіі, вывучаў перыёдыку тых часоў і вельмі дасканала распрацаваў маршрут. Сёння ж дэлегацыя, у складзе якой беларускія пісьменнікі, журналісты, супрацоўнікі літаратурнага музея Янкі Купалы, паехала па тым жа шляху. Гэта стала магчымасцю не толькі ўшанаваць імя беларускага класіка, але і паказаць сябрам нашу сучасную літаратуру, пазнаёміцца са славацкай. Пра дзве вандроўкі — 1935 года і 2015-га — і іх значэнне мы распыталі ва ўдзельнікаў дэлегацыі.

[caption id="attachment_88574" align="alignnone" width="600"]Янка Купала з членамі дэлегацыі на прыстані на рацэ Дунай у Браціславе.  Фота з фонду Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Янка Купала з членамі дэлегацыі на прыстані на рацэ Дунай у Браціславе.
Фота з фонду Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.[/caption]

Алена Ляшковіч, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы:

— Паездка Купалы ў Славакію была арганізавана на афіцыйным узроўні Усесаюзным таварыствам культурных сувязяў з замежжам, а мы ведаем, што паэт стаяў ля вытокаў гэтага таварыства. У складзе дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў і журналістаў ён быў адзіным прадстаўніком Беларусі, і фактычна ў гісторыі беларуска-славацкіх культурных адносін гэта быў першы кантакт. Знаходжанне менавіта на славацкай зямлі (таму што ў плане была ўвогуле Чэхаславакія) доўжылася з 15 да 19 кастрычніка.

На жаль, Янка Купала падчас вандроўкі нічога не напісаў, затое пісьменніца Ганна Караваева, таксама ўдзельніца паездкі, пакінула ўспаміны, дзе характарызавала яго як замкнутага чалавека, і казала, што патрэбна было цэлае майстэрства, каб прымусіць яго недзе выступіць (некалькі разоў ён усё ж такі выступаў). Ганна Караваева ўзгадала яшчэ адзін цікавы момант: Купала ў Славакіі шмат увагі надаваў зямлі, гаспадарцы і, гледзячы на палі, вінаграднікі, каментаваў: «Як дагледжана зямля!» Для нас гэта зразумела, бо яго бацькі жылі ў вёсцы.

Праз 80 гадоў з'явілася ініцыятыва прайсці тым жа маршрутам — мы амаль дакладна паўторым шлях, што праходзіць праз Браціславу, невялікія гарады Святы Юр, Модра, Пешцяны і канчаецца ў Высокіх Татрах. Мы будзем сустракацца з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, наведаем тыя ж установы культуры, бібліятэкі, дзе быў Купала. У гарадскія бібліятэкі, дарэчы, у якасці падарункаў будуць перададзены кнігі нашых сучасных аўтараў. Таму славакі даведаюцца не толькі пра Купалу, але і ўвогуле пра сучасную беларускую літаратуру.

Гэтую ідэю горача падтрымалі мэры гарадоў, праз якія пройдзе маршрут. Нашы партнёры са славацкага боку — гэта Саюз славацкіх пісьменнікаў, Дзяржаўная навуковая бібліятэка ў горадзе Банска Быстрыца. Разам з бібліятэкай мы ажыццявілі ўжо некалькі праектаў, а на гэты раз яна адкрые выстаўку «Славацкія сустрэчы Янкі Купалы», прысвечаную творцам, з якімі той сустракаўся: Гане Грэгаравай, Янку Алексу, Яну Панічану і іншым. Трэба сказаць, што вандроўка ажыццяўляецца з удзелам і дапамогай славацкага дыпламата Мар'яна Серваткі, які пэўны час быў паслом Славацкай Рэспублікі ў Беларусі. Ён жа пераклаў на славацкую мову два вершы Купалы — «А хто там ідзе?» і «Малітву» — і вельмі шмат зрабіў для таго, каб беларусы ведалі пра Славакію, а славакі пра Беларусь.

Людміла Рублеўская, пісьменніца:

— Купала быў у Славакіі неаднойчы. Яго папярэдняя паездка, якая адбылася ў 1926-м, і вандроўка 1935 года — вельмі розныя, што абумоўліваецца культурніцкай і палітычнай сітуацыяй у Беларусі. Супраца з дзеячамі іншых культур для Беларусі заўсёды была важнай, асабліва ў тыя моманты, калі адбывалася станаўленне нацыянальнай культуры, а славакі перажывалі і перажываюць тыя ж праблемы, што і мы. Гэта тычыцца выжывання нацыянальнай культуры і мовы. У 20-х было важна, што беларусы (якія нядаўна не мелі сваёй дзяржавы) едуць як прадстаўнікі самастойнага народа і дзяржаўнага ўтварэння. Той культурніцкі абмен, безумоўна, спрыяў не толькі папулярызацыі Беларусі ў свеце, але і самаўсведамленню саміх беларусаў. Ужо ў 1935 годзе было іншае становішча: зварочвалася беларусізацыя, на той момант прайшло ўжо некалькі хваляў рэпрэсій. Купала ехаў у Славакію пасля таго, як яго спрабавалі зрабіць лідарам выдуманага «Саюза вызвалення Беларусі» (працэс па якім дазволіў знішчыць значную частку беларускай навуковай і культурнай інтэлігенцыі), пасля таго, як зрабіў спробу самагубства. Ужо тады пайшлі трывалыя чуткі, асабліва ў эміграцыі, што Купала альбо памёр, альбо сасланы. За межамі ў прэсе нават называлі дату яго смерці. Сапраўды, на фоне тых рэпрэсій здавалася неверагодным, што такі пасіянарый, сімвал нацыянальнага адраджэння, мог ацалець.

Купалу трэба было паслаць у гэтую вандроўку хаця б для таго, каб паказаць, што ён жывы. Але ж Купала цяпер мусіў быць больш асцярожным, не меў такой вольнасці ў словах... За мяжой часта бачылі ў ім паэта-пакутніка, прэса пісала, што ён не зламаўся і працягвае ўвасабляць тое, што ўвасабляў.

Для творчай інтэлігенцыі Славакіі тады было важна дакрануцца не да афіцыёзу з пафаснымі прамовамі, а пачуць паэта, які меў на той час вялікі аўтарытэт у свеце. У выніку абудзілася цікавасць да беларускай культуры і самога Купалы.

Сённяшняя паездка ладзіцца ў тым ліку для таго, каб сцвердзіць, што культурніцкі абмен нельга спыніць. Гэта стымулюе ўзаемную цікавасць, а такія фігуры, як беларус Янка Купала і славак Людавіт Штур, якія, нягледзячы на перашкоды, на рызыку, усё роўна застаюцца носьбітамі нацыянальнай культуры, зразумелымі любому народу. Гэты абмен вельмі важны, асабліва сёння, у час глабалізацыі, калі для нацыянальных культур з'явілася пагроза знішчэння. Гэтаму можна супрацьстаяць усведамленнем важнасці захавання нацыянальнай самабытнасці. Важна таксама, што тое ж адбываецца і на літаратурнай глебе, бо літаратурныя сувязі сёння парушаныя. Класік славацкай літаратуры Людавіт Штур вядомы ў нас толькі спецыялістам, тое ж з Купалам у Славакіі. Што казаць пра сучасных пісьменнікаў, пра літаратуры многіх краін мы ўвогуле ўяўлення не маем. Таму паездка — спроба пракласці масты паміж паўнавартаснымі самакаштоўнымі культурамі.

Таццяна Сівец, галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва»:

— Любая вандроўка, нават у суседні раён, — ужо прыгода, а для творцы — яшчэ і магчымасць атрымаць новыя ўражанні, сустрэць цікавых людзей, глыбей адчуць само жыццё. Што да нашых «славацкіх вакацый», дык гэта найцудоўнейшая магчымасць не проста спрычыніцца да шляхоў Янкі Купалы, але і параўнаць два творчыя і жыццёвыя планы, між якімі, ні больш ні менш, — 80 гадоў. Зразумела, у 1935 годзе Купала зусім па-іншаму бачыў свет — ён быў не такі вузкі, які ёсць сёння (дзякуй нашым мабільным прыладам!), ды светаадчуванне творцы, на маю думку, нязменнае ва ўсе часы — і галоўнае для Івана Дамінікавіча было за падрыхтаванымі афіцыйнымі мерапрыемствамі ўбачыць сапраўднае жыццё людзей гэтага краю. Дарэчы, яно яго ўразіла, нездарма ж ён пісаў пра Славакію: «Як убрана зямля, як дагледжана...» Дзякуючы натхнёнаму даследчыку Міколу Трусу, мы ведаем пра тагачасную «купалаўскую» Славакію вельмі шмат, але ж асэнсаванне сучаснай рэчаіснасці дазволіць наблізіць беларускіх творцаў да іх славацкіх калег, наладзіць масты ўзаемаперакладу, што надзвычай важна сёння.

Славацкіх літаратараў перакладалі калісьці Уладзімір Караткевіч, Пятрусь Макаль, Хведар Жычка... Сучасныя беларускія аўтары, дарэчы, не так рэдка звяртаюцца да славацкай літаратуры. Напрыклад, Вераніка Бяльковіч, Святлана Богуш, Сяргей Сматрычэнка, Святлана Рогач ды інш. І калі глыбей учытваешся ў радкі, разумееш, наколькі блізкая нам, беларусам, творчасць славацкіх аўтараў. Калі б трэба было ахарактарызаваць яе адным словам, я сказала б — «шчырая». Не таму, што ўсе іншыя літаратуры падманваюць, ствараючы нейкі ўяўны мастацкі свет, а таму, што славацкія творцы ў гэтым свеце існуюць і пачуваюцца абсалютна натуральна. Так, старшыня Саюза пісьменнікаў Славакіі Міраслаў Белік прамаўляе да Арфея, а шэф-рэдактар славацкай «Літаратуркі» Штэфан Цыфра адлюстроўвае трохаблічную выяву сучаснага жыцця...

Спадзяюся, што і славацкаму боку будзе карысным і прыемным знаёмства з творчасцю беларускіх калег, у тым ліку і са старонак газеты «Літаратура і мастацтва», свежы нумар якой якраз і прысвечаны праекту «Славацкімі шляхамі Янкі Купалы». Яго атрымаюць паўсюль, дзе будзе праязджаць наша дэлегацыя, і, магчыма, у нас з'явяцца свае славацкія падпісчыкі і карэспандэнты. Хто ведае, ці не будуць праз сто гадоў узнімаць падшыўку «ЛіМа», каб даведацца больш ужо пра наша падарожжа.

Галоўнае ж, я мяркую, каб за экскурсіямі і «пратакольнымі» мерапрыемствамі мы паспелі пагутарыць са славацкім чытачом, якому таксама вязём падарункі — бібліятэчкі кніг беларускіх аўтараў. Падорым іх некалькім славацкім кніжніцам.

80 гадоў таму з Браціславы Купала прывёз паліто і чамадан, а што прывязуць сучасныя творчыя дзеячы, пакажа час. Але спадзяюся, гэта, найперш, будуць прыемныя ўражанні і выдатныя вершы. Прынамсі, я еду — па паэму!..

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».