Вы тут

Вялікія «марафонцы»


Асаблівае лета беларускага балета.

Яно пачалося 17 чэрвеня: у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі другі раз адбываецца буйны творчы праект, падчас якога напрыканцы сезона глядач мае магчымасць пабачыць ці наведаць тыя балетныя спектаклі, на якія, можа быць, не хапіла часу на працягу года. Летам час рухаецца трошкі інакш, хочацца затрымаць позірк на нечым, захапіцца прыгажосцю імгнення. Вось тут, у тэатры, яе і шукаюць балетаманы. Таму што ў праграме 8 пастановак роднага тэатра, прадстаўленне запрошаных гасцей — Тэатра балета імя Якабсона з Санкт-Пецярбурга — і яшчэ зорнае гала-прадстаўленне пад заслону.

20-40

Які спектакль мог адкрыць «Балетнае лета ў Вялікім» сёлета? Вядома, гэта балет «Лебядзінае возера» Пятра Чайкоўскага, кампазітара, які сёлета натхняе ўсіх. Самы класічны, на ўсе часы, які глядзіцца як казка і як драма. Як гісторыя фантастычная, але прыгожая. І як гісторыя павучальная, таму што дабро, вядома, перамагае зло. Балет не новы для нашага тэатра, але выклікаў ажыятаж: партыю Адэты-Адыліі выканала запрошаная зорка, заслужаная артыстка Расіі, прыма-балерына тэатра «Крамлёўскі балет» Аляксандра Цімафеева. Яна лічыць «Лебядзінае возера» адным з галоўных спектакляў у сваім жыцці, а ролю белага і чорнага лебедзя танцуе з 19 гадоў.

У Мінску Аляксандра паўстае як «акрыленая» балерына, нават у літаральным сэнсе. Таму што ўжо ў наступны вечар яна выходзіла на сцэну ў ролі Жар-птушкі. Дзіўны вобраз у балеце Ігара Стравінскага стварае зноў-такі веру ва ўсё найлепшае, якое паўстае супраць усяго благога. Казачны балет «Жар-птушка» ў харэаграфіі Міхаіла Фокіна (якую дапамог аднавіць Андрыс Ліепа) з'явіўся ў афішы нашага тэатра напачатку сезона — як жа пра гэта не нагадаць? І не паказаць, што, насамрэч, у рэпертуары беларускага балета ёсць яшчэ адзін са спектакляў славутых «Рускіх сезонаў», якія грымелі ў Парыжы напачатку ХХ стагоддзя, — балет «Шахеразада». Цяпер мы пабачым усходнія страсці з айчынным разуменнем. Тым не менш другі вечар таксама стаў своеасаблівым экскурсам у гісторыю балета, нагадаўшы пра адну з яркіх і вытанчаных яго старонак, якая прадстаўляла рускі балет у Еўропе больш за 100 гадоў таму. Была там і часцінка таленту нашай зямлі — зорка «Рускіх сезонаў» танцоўшчык Вацлаў Ніжынскі...

20-41

Але ёсць беларускі балет як з'ява. У ХХІ стагоддзі ён імкнецца быць розным. Але моцна трымаецца за гісторыю харэаграфічнага мастацтва.

Яшчэ прэм'ера мінулага сезона — балет «Лаўрэнсія» савецкага кампазітара Аляксандра Крэйна. Харэаграфія Вахтанга Чыбукіяні адноўлена ў Беларусі намаганнямі цудоўнай Ніны Ананіяшвілі, якая выступіла пастаноўшчыкам спектакля. У ім галоўная гераіня — галоўная ва ўсіх сэнсах, таму што вядзе за сабой народ дзеля сцвярджэння справядлівасці. Як спраўляліся з гэтай партыяй беларускія артысткі, можна было пабачыць на працягу сезона. А вось 19 чэрвеня трэба было глядзець на Лаўрэнсію ў выкананні Лалі Кандэлакі, салісткі Тбіліскага тэатра оперы і балета, запрошанай прымы-балерыны Каралеўскага балета Швецыі. Усё ж такі іспанку яна танцавала — партыя, для якой тэмперамент мае значэнне.

А бываюць партыі рамантычныя. Адна з такіх — Жызэль. Дзяўчына-мроя, рэальная і адначасова ўяўная, як каханне. У балеце «Жызэль, альбо Вілісы» Адольфа Адана 22 чэрвеня галоўную партыю танцуе заслужаная артыстка Расіі, салістка Міхайлаўскага тэатра Кацярына Борчанка. Але яе беларускай балетнай публіцы доўга прадстаўляць не трэба — Кацярына некалькі гадоў была салісткай Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі. Тут яна фактычна пачынала кар'еру па запрашэнні Валянціна Елізар'ева.

Але, каб паглядзець на тых, хто працягвае працаваць на беларускі балет, трэба ісці на вечар, які складаецца адразу з некалькіх асобных спектакляў. Так, невялікіх, але адметных. «Шэсць танцаў» на музыку Моцарта ў харэаграфіі Іржы Кіліяна, яскравыя і з гумарам, апелююць да класікі: у той жа час імкнуцца пераасэнсаваць і адысці ад яе. Яшчэ ніводзін чалавек пасля гэтага балета не заставаўся абыякавым — гэта проста немагчыма. У сваю чаргу пра неабыякавасць стварылі балет «Хто Я?» Канстанцін Кузняцоў і Юлія Дзятко. Музыку выбралі нераўнадушнага чалавека, які ў нейкім сэнсе разважаў пра сябе, калі ствараў балет «Апошні інка». Сучасны кампазітар, народны артыст Беларусі Сяргей Картэс паходзіць з сям'і інтэрнацыянальнай, ён дзіця эмігранткі з Расіі і чылійца. І вось яго твор, напісаны напрыканцы 1980-х гадоў, увасоблены маладымі артыстамі і пастаноўшчыкамі ў іх інтэрпрэтацыі з сучаснай харэаграфіяй. Да яе прыходзіць і Вольга Костэль пры стварэнні «Танца ў плыні часу», дзе харэограф разважае пра тое, як развівалася гэтае цудоўнае мастацтва. Усё гэта нам распавядуць мовай танца 23 чэрвеня.

[caption id="attachment_88578" align="alignnone" width="600"]Сцэ­на з ба­ле­та «Ра­мэа і Джуль­е­та»  Санкт-Пе­цяр­бург­ска­га Тэ­ат­ра ба­ле­та імя Якаб­со­на. Сцэ­на з ба­ле­та «Ра­мэа і Джуль­е­та»
Санкт-Пе­цяр­бург­ска­га Тэ­ат­ра ба­ле­та імя Якаб­со­на.[/caption]

Але пакуль тое будзе, усё ж варта не прапусціць адну вялікую і самую сумную гісторыю ў свеце. Вядома, гэта пра Рамэа і Джульету. Менавіта яе нам прадставяць госці з Тэатра балета імя Якабсона (Санкт-Пецярбург). Аднак балет на музыку Сяргея Пракоф'ева ў гэтым тэатры атрымаў іншае ўвасабленне — сучаснае. Тым больш што калісьці Шэкспір прыдумаў гісторыю вечную, на ўсе часы, якая будзе актуальнай да той пары, пакуль людзі носяць у сабе каханне. А балет жа распавядае пра пачуцці.

Балет і абуджае пачуцці. Дзеля гэтага з'явіўся праект, падсумаваннем якога стане гала-канцэрт зорак сусветнага балета. На сцэне 24 чэрвеня будуць танцаваць госці з розных краін. Усё правільна, лагічна для заканчэння. Але найлепшым вынікам «Балетнага лета ў Вялікім» будзе адкрыццё для сябе зорак сваіх. Каб потым увесь сезон шукаць сустрэчы з імі праз спектаклі.

Ларыса ЦІМОШЫК
tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.