Вы тут

Шматаблічная краіна


Беларусь у ХХІ стагоддзі — гэта краіна шматнацыянальная і шматканфесійная. На чым грунтуецца мірнае суіснаванне прадстаўнікоў розных народаў, якім чынам дзяржава забяспечвае рэгуляванне ў гэтай сферы, як праяўляе сябе асаблівы беларускі менталітэт
і што значыць быць грамадзянінам Беларусі? Такія пытанні, а таксама канкрэтныя сітуацыі і моманты, пра якія паведамілі чытачы нашай газеты, сталі прадметам размовы з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанідам ГУЛЯКАМ падчас «прамой лініі» ў рэдакцыі «Звязды».

20-34

Шматнацыянальная

— Колькі ў Беларусі пражывае нацыянальных меншасцяў?

— Мы стараемся не ўжываць азначэнне «нацыянальная меншасць», хоць яно і агульнапрынятае. Мы кажам, што згодна з вынікамі апошняга перапісу насельніцтва (у 2009 годзе) у нас пражываюць прадстаўнікі 141 нацыянальнасці — грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

Калі мы выязджаем на месцы, вядзём прыём грамадзян, удзельнічаем у пасяджэннях рай- і гарвыканкамаў, я агучваю пытанне: хто адчувае сябе няўтульна праз сваё нацыянальнае паходжанне ў краіне, у гэтым рэгіёне ці калектыве? За 10 гадоў (пакуль працую на гэтай пасадзе) ніводнага прыкладу не пачуў.

— Гэта можна лічыць дасягненнем?

— Безумоўна. Ці мала прыкладаў у Еўропе і свеце, што чалавек не хоча называць сваю нацыянальнасць? Мы карыстаемся зараз сусветнай практыкай, калі не пішам нацыянальнасць у дакументах, як і веравызнанне. Але яна з'явілася не ў Савецкім Саюзе, а ў свеце, таму што людзі не хочуць акцэнтаваць увагу на сваёй нацыянальнасці. Мы прынялі гэты стандарт.

— Так склалася, што, акрамя беларусаў, на нашай зямлі здаўна пражывалі прадстаўнікі іншых народаў. Якія з іх найбольш паўплывалі на беларускую культуру?

— Акрамя беларусаў, у нас шмат рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, татараў, яўрэяў... Гэтыя народы сталі традыцыйнымі для нашай краіны. Калі ствараюцца сумесныя сем'і, то дзеці часта не ведаюць: па кім з бацькоў дэклараваць нацыянальнасць.

20-36

Сёння ў Беларусі зарэгістравана 26 рэспубліканскіх нацыянальна-культурных аб'яднанняў. Не рэспубліканскіх значна больш — сотні. Рэспубліканскія аб'ядноўваюць людзей, якія пражываюць у некалькіх рэгіёнах. Напрыклад, у Саюза палякаў 72 пярвічныя арганізацыі і каля 7000 членаў. Акрамя таго, у нас ёсць незарэгістраваны Саюз палякаў, у ім крыху больш за 100 чалавек.

— Гэты саюз імкнуўся зарэгістравацца?

— Імкнуўся. Але ў нас няма неабходнасці ў існаванні двух Саюзаў палякаў. Мы прапанавалі аб'яднаўчы з'езд. Яны не ідуць на гэта, таму што тады, па-першае, губляюць дапамогу з Польшчы, а па-другое, вымушаны будуць паказаць, што іх мала. Але, каб была стабільнасць у дзяржаве, давайце аб'ядноўвацца і будзем разам працаваць. Больш дэмакратыі ў гэтым плане, чым у Беларусі, не прыдумаеш. Саюз не зарэгістраваны, але ў той жа час мае сваю пячатку, герб, сімволіку, свае афіцыйныя бланкі. Дзе яшчэ, у якой дзяржаве такое было б магчыма?

— Якія прычыны сёння прыводзяць прадстаўнікоў іншых народаў у Беларусь?

— У мінулым былі розныя прычыны. Але ў наш час, я ўпэўнены, стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Акрамя таго, заканадаўства, якое ў нас існуе для людзей, якія сюды прыязджаюць. Чалавек разумее, што ў Беларусі ён знойдзе працу. Калі гэта сямейныя людзі з дзецьмі, то іх прываблівае, безумоўна, магчымасць расціць і выхоўваць дзяцей ва ўмовах з нармальным стаўленнем да любой нацыянальнасці.

— Наколькі павялічылася ўкраінская суполка ў сувязі з сітуацыяй у самой Украіне?

— Бежанцы, якія ідуць з Украіны, займаюцца сваімі бытавымі справамі, ім пакуль не да грамадскіх аб'яднанняў. Лічбы не назаву, бо наша ведамства гэта не адсочвае. Мы ведаем пра святароў, якія прыязджаюць з Украіны, бо ўзгадняем іх знаходжанне тут, у асноўным, з Беларускай праваслаўнай царквой. У большасці выпадкаў — па Гомельскай вобласці, але і па Брэсцкай таксама. У нас выбудавана такая схема: святароў запрашаюць і прымаюць кіраўнікі рэлігійных аб'яднанняў, а з намі гэта запрашэнне ўзгадняюць.

За апошні час з Украіны прыехала прыкладна 17-18 святароў. Ёсць яшчэ ахвотныя. Згодна з заканадаўствам, самы вялікі тэрмін служэння замежнага свяшчэннаслужыцеля — да года, але можна запрашаць на паўгода ці на тры месяцы, а потым мы ўзгадняем запрашэнне наноў. Тады патрабуецца новае хадайніцтва мясцовага епіскапа да нас. Мы разглядаем пытанне, і, калі не працягваем узгадненне, ён павінен пакінуць прыход і з'ехаць.

— Такім чынам вырашаецца праблема дэфіцыту святароў у рэгіёне?

— У нас няма такой праблемы ў Праваслаўнай царкве. З некалькіх тысяч праваслаўных святароў запрошаных усяго 17-20 чалавек — гэта не паказчык існавання дэфіцыту кадраў. У Беларусі дастаткова навучальных устаноў, якія рыхтуюць сваіх свяшчэннаслужыцеляў. Але мы не ставім задачу нікога з-за мяжы не прымаць. Іншае пытанне, што ў такім выпадку далучаюцца праблемы жылля, уладкавання дзяцей і іншыя.

— У Беларусі ёсць магчымасць атрымліваць адукацыю на нацыянальных мовах?

— Заканадаўства такую магчымасць прадугледжвае — у законе «Аб адукацыі», і ў законе «Аб нацыянальнасцях». У школах дзейнічаюць факультатывы польскай мовы, ёсць магчымасць асвоіць іўрыт і ідзіш. У Ваўкавыску і Гродне ёсць школы, дзе выкладанне вядзецца цалкам на польскай мове. У Польшчы школ, дзе ўсё выкладанне ідзе на беларускай мове, няма. Там дзейнічае прынцып факультатываў. Нават у тых рэгіёнах, дзе пражываюць беларусы, — Падляшшы, Беласточчыне.

У Рымдзюнах, што ў Гродненскай вобласці, у школе на літоўскай мове выкладаецца прыкладна 80 працэнтаў дысцыплін. Выкладчыкі прыязджаюць з Літвы. Літоўцы дапамагалі пабудаваць культурны цэнтр. Але дзяцей у гэтай школе становіцца ўсё менш.

— Нацыянальныя аб'яднанні, існуючыя ў Беларусі, могуць паказаць сябе на фестывалі нацыянальных культур. Якія з іх больш актыўныя?

— Як правіла, у фестывалі ўдзельнічаюць 30-32 нацыянальныя культурныя аб'яднанні. Усе яны досыць актыўныя, бо ладзяць падворкі, дэманструюць свае традыцыі... Дарэчы, практычна ўсе калектывы, якія прыязджаюць на фестываль, апрануты ў касцюмы, створаныя за кошт апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. У бюджэце нашай краіны закладзены грошы на падобныя мерапрыемствы, там закладзены грошы і на працу з беларусамі замежжа.

— Наколькі лёгка стаць грамадзянінам Беларусі прадстаўніку іншага народа? Сёння асабліва звяртаеш на гэта ўвагу дзякуючы спартсменам: у нас нават бразільцы гуляюць у футбол, канадцы ў хакей, ёсць і іншыя прыклады.

— Тут я заўсёды спасылаюся на закон. Зразумела, што калі нейкія асобы ці спецыялісты патрэбны ў Беларусі (ёсць тыя, каго запрашаюць у краіну), яны могуць атрымаць грамадзянства паскорана. Паводле заканадаўства, такое рашэнне прымае толькі кіраўнік дзяржавы.

У іншых выпадках чалавек павінен пражыць тут не менш за 7 гадоў, перш чым зможа прэтэндаваць на атрыманне грамадзянства Беларусі. Гэта робіцца не аўтаматычна. Згодна з законам «Аб грамадзянстве», афармляюцца адпаведныя дакументы і хадайніцтвы. Таму складана сказаць, лёгка ці не. Можа быць, некаму прасцей, таму што чалавек вельмі запатрабаваны і таленавіты.

— Наконт пасялення беларускіх студэнтаў разам з замежнымі. Ці можна абысціся без такой практыкі?

— У наша ведамства з такімі прапановамі ніколі не звярталіся. Але трэба глядзець аб'ектыўна. Асобны інтэрнат для, скажам, 100 студэнтаў з адной краіны будаваць ніхто не будзе. Селяць туды, дзе ёсць месцы.

Дапускаю, што можа быць незадаволенасць, звязаная з жаданнем жыць больш камфортна. Але не думаю, што гэта можа ствараць праблему для краіны. Мы з Міністэрствам адукацыі ў кантакце, але часцей абмяркоўваем дзейнасць замежных свяшчэннаслужыцеляў у студэнцкіх інтэрнатах. Ёсць спробы некаторых прапаведаваць, абсталёўваць для гэтага асобныя пакоі. Такога не павінна быць, бо інтэрнат не для такіх мэт. Калі вы хочаце задавальняць свае рэлігійныя патрэбы, у нас дастаткова месца, дзе гэта можна рабіць, у тым ліку ў горадзе Мінску.

— Як вы лічыце, ці не пагражае нам праблема вялікай колькасці нелегальных мігрантаў з прычыны таго, што мы на мяжы з Еўрасаюзам?

— На мой погляд, у рэспубліцы добра працуе сістэма міграцыйнай службы. Таму няма такога, каб наша грамадства хвалявалі пытанні, падобныя да тых, што некалі хвалявалі Францыю праз задужа вялікую прысутнасць нелегалаў-цыганоў. Ці падобныя да тых, што цяпер хвалююць Італію, Грэцыю або Венгрыю. Так, ёсць шмат спроб праз Беларусь транзітам рушыць далей у Германію і Францыю, але гэта не выклікае ў грамадства і ўлад вялікую заклапочанасць.

Шматканфесійная

— Кацярына, выкладчык гісторыі. Хацелася б даведацца, якім чынам у нас падлічваюцца вернікі? Ці ёсць наогул методыка падліку?

— Што тычыцца статыстыкі, то 84,5 працэнта ў нас праваслаўных, 12,5 — католікаў. Астатнія 7 працэнтаў прыпадаюць на 23 рэлігійныя аб'яднанні рознай накіраванасці. З іх 16 кірункаў пратэстанцкіх. Адна маленькая дэталь, калі вы гэтым цікавіцеся: гэтыя працэнты вылічваюцца не ад колькасці людзей, якія пражываюць у краіне (9,5 мільёна), а ад колькасці вернікаў.

20-43

Як яны падлічваюцца? Выкарыстоўваем матэрыялы комплексных даследаванняў па абласцях, па раёнах, ёсць установы, якія ў гэтым дапамагаюць, напрыклад, Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі Прэзідэнта. Апошнія два гады актыўна працуем з Беларускім дзяржаўным універсітэтам. Робяцца сацыялагічныя зрэзы, аналітычныя апытанні, выкарыстоўваюцца звесткі ад святароў, кіраўнікоў Царквы. Гэта лічбы не прыблізныя, але і не самыя дакладныя. Таму што сёння ў адным прыходзе 20 прыхаджан, а праз некалькі месяцаў іх колькасць можа змяніцца.

— Як ідзе работа па падрыхтоўцы канкардату?

— У адрозненне ад Пагаднення паміж Беларускай праваслаўнай царквой і дзяржавай, фармат канкардату цалкам іншы, бо ён заключаецца паміж Святым Прастолам (дзяржавай Ватыкан) і канкрэтнай дзяржавай — гэта міждзяржаўны дакумент. Адпрацаваць яго больш складана.

— Вераніка. Ці ёсць у нашай краіне забароненыя рэлігійныя арганізацыі?

— У Беларусі зарэгістравана 25 рэлігійных аб'яднанняў. Але ў нас ёсць рэлігійныя абшчыны, якія ні ў якія аб'яднанні не ўваходзяць. Напрыклад, ёсць 14 грэка-каталіцкіх прыходаў, а рэспубліканскага аб'яднання няма. Мармоны таксама не з'яўляюцца аб'яднаннем, а 4 прыходы мармонаў у Беларусі існуюць. Яны не забаронены. У нас няма «забароненых» канфесій. Ёсць незарэгістраваныя. Забарона той або іншай рэлігійнай арганізацыі ў нас не прадугледжана законам.

— Улад. У цэнтральных раёнах еўрапейскіх сталіц расце колькасць мячэцяў. Ці магчыма падобнае ў Мінску?

— У законе «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», новая рэдакцыя якога была прынята ў 2003 годзе, прадугледжаны аднолькавыя адносіны дзяржавы да ўсіх рэлігій. Таму не можа быць ніякіх перашкод для з'яўлення мячэцяў у цэнтры нашай сталіцы.

— Ці не выкліча гэта незадавальненне большасці вернікаў, якія спавядаюць іншую рэлігію?

— У праваслаўных і католікаў, якіх сярод беларускіх вернікаў большасць, такіх прэтэнзій не ўзнікае. Прывяду канкрэтны прыклад. У Мінску на вуліцы Грыбаедава заканчваецца будаўніцтва вельмі вялікай мячэці. А гэта, па сутнасці, — цэнтр горада. Мячэць будуецца на тым месцы, дзе яна да вайны і была. Можна сказаць, яна аднаўляецца. Думаю, што ў наступным годзе мінскія мусульмане ўжо змогуць праводзіць свае абрады і задавальняць рэлігійныя патрэбы там.

— Няўжо ў Мінску столькі мусульман?

— Любое рэлігійнае аб'яднанне будуе столькі храмаў, колькі патрэбна вернікам. І дзяржава падтрымлівае гэты прынцып. Калі мусульман у Мінску будзе столькі, што ўзнікне патрэба ў другой мячэці, то дзяржава бясплатна вылучыць зямельны ўчастак і рэлігійнае аб'яднанне будзе будаваць другую мячэць.

— Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» апошні раз карэкціраваўся 12 гадоў таму. Ці не з'явілася неабходнасць у яго абнаўленні?

— Закон гэты быў прыняты ў 1992 годзе. У 2003 годзе ён быў амаль цалкам перапрацаваны. Тады неабходнасць змен была вялікая. Але за апошнія 12 гадоў такой неабходнасці не ўзнікла. Кажу так, бо ні прыхаджане, ні клір, ні свяшчэнаначалле прапаноў змяніць заканадаўства не ўносілі.

Можна зрэдку пачуць незадавальненне тым, што для стварэння рэлігійнай абшчыны (а абшчына мае права на будаўніцтва культавага будынка) патрэбна 20 чалавек, а не 10, як было раней. Але ва ўмовах скарачэння сельскага насельніцтва распачатае будаўніцтва храма закончыць вельмі цяжка. З 20 прыхаджан праз пяць гадоў яшчэ можа застацца столькі, колькі неабходна для завяршэння будаўніцтва. А з 10 прыхаджан праз пяць гадоў можа застацца занадта мала, а дабудоўваць трэба.

— Наколькі востра стаіць праблема недабудаваных храмаў?

— Пытанне гэта я не назваў бы вострым, але яно існуе. У нас ёсць прыклады, калі зямлю адвялі 8-10 гадоў таму, а храм да гэтага не пабудаваны. Так здараецца, калі зямлю давалі пад гарантыю спонсара, а той разарыўся. Дзяржава кантралюе памер зямельнага ўчастка і абмяжоўвае выдачу дазволу на будаўніцтва ў выпадку, калі на тэрыторыі дабрачыння існуюць культавыя даўгабуды.

— Ці закранула Беларусь сучасная еўрапейская тэндэнцыя закрыцця храмаў з прычыны іх незапатрабаванасці?

— Не. Рост колькасці храмаў і рэлігійных абшчын у нашай краіне працягваецца, але кожны год ён усё больш запавольваецца. Дзяржава ў гэтыя працэсы не ўмешваецца. Тут усё адбываецца так, як жадае насельніцтва.

У 1996 годзе ў нас было 938 праваслаўных і 372 каталіцкія прыходы. Сёлета — 1615 і 488 адпаведна. Іўдзейскіх абшчын было 10, стала 38. Мусульманскіх было 20, стала 25. Прыходаў Хрысціян веры евангельскай было 311, стала 520. Працэнт забяспечанасці культавымі будынкамі самы высокі ў католікаў — 98%. У праваслаўных 84% абшчын маюць храмы.

— Сяльчане з вёскі Слабада. Святар сказаў нам, што трэба выкупляць зямлю, дзе стаіць храм.

— Гэта, хутчэй за ўсё, непаразуменне. Зямлю пад храмам выкупляць не трэба. Зямля пад культавыя забудовы ў Беларусі аддаецца бясплатна.

— Сказаў, што трэба пашпарт атрымаць пад храм. Трэба 18 мільёнаў.

— Пашпарт атрымаць трэба, гэта правільна, зямля павінна быць дакументальна аформлена.

— А як аформім пашпарт, то каму будзе належыць храм?

— Прыходу. Храм і зямля пад ім належаць не свяшчэннаслужыцелю, а прыходу. Выдзяляецца ўсё прыхаджанам. Колькі каштуе афармленне, не ведаю. Спрачацца не магу. Гэтым займаюцца землеўпарадкавальныя службы.

— Вольга. Вы амаль дзевяць гадоў працавалі з Мітрапалітам Філарэтам. Якія заслугі гэтага чалавека вы паставілі б на першае месца?

— Мог бы адказаць коратка: заслугі Мітрапаліта Філарэта, сёння ганаровага Патрыяршага Экзарха, былі ацэнены найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай — званнем Героя Беларусі — яшчэ ў 2006 годзе. Але расшыфрую, што за гэтым стаіць, са свайго пункту гледжання.

Трэба разумець, што 38 гадоў таму ён быў прызначаны ўзначаліць Царкву ў краіну, дзе змагаліся з рэлігіяй напоўніцу і хацелі першымі паказаць, кажучы словамі Хрушчова, «апошняга папа па тэлевізары».

Сярод самага значнага, што, на мой погляд, зрабіў Мітрапаліт Філарэт, — адраджэнне і заснаванне духоўных навучальных устаноў, якія рыхтуюць свяшчэннаслужыцеляў. Сёння ў Беларускай праваслаўнай царкве сем навучальных устаноў. Студэнты і выкладчыкі чатырох з іх утрымліваюцца за кошт дзяржаўнага бюджэту. Студэнты атрымліваюць стыпендыю, выкладчыкі — заробак.

Пад яго кіраўніцтвам у значнай ступені ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база Царквы, было пабудавана шмат храмаў, больш за 800 будынкаў дзяржава перадала праваслаўным. Яшчэ адзін важны момант — падпісанне ў 2003 годзе пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквой. Пасля было падпісана яшчэ 16 пагадненняў паміж БПЦ і асобнымі міністэрствамі, аблвыканкамамі, Мінгарвыканкамам, Саюзам пісьменнікаў, Нацыянальнай акадэміяй навук, дзяржаўнымі камітэтамі. Усе гэтыя пагадненні працуюць.

Па ініцыятыве і пры актыўным ўдзеле Мітрапаліта Філарэта былі пабудаваны добрыя ўзаемаадносіны Беларускай праваслаўнай царквы з іншымі канфесіямі і рэлігіямі. Для нашай краіны гэта вельмі важна, бо разумная палітыка самай масавай Царквы вызначае міжрэлігійнае становішча ў грамадстве ўвогуле. Вельмі важна, каб усе адчувалі сябе камфортна — і католікі, і пратэстанты, і мусульмане, і іўдзеі.

У чэрвені 2014 года ў Беларусі адбыўся чацвёрты па ліку Еўрапейскі Праваслаўна-Каталіцкі форум. З 22 краін свету прыехалі 40 епіскапаў і архіепіскапаў. Яны правялі тут тры дні і выказалі меркаванне, што ў нас створаны ідэальныя ўзаемаадносіны паміж асноўнай канфесіяй і ўсімі астатнімі.

Пры Мітрапаліце Філарэце вельмі вырас аўтарытэт Праваслаўнай царквы. Туды пацягнуліся людзі, былі ўтвораны новыя прыходы.

— На змену Мітрапаліту Філарэту ўжо прыйшоу новы Патрыяршы Экзарх...

— Мітрапаліт Павел паўтара года служыць у Беларусі. Ён сам заўсёды гаворыць, што яму тут трэба будзе шмат рабіць для таго, каб утрымаць планку, на якую быў падняты аўтарытэт папярэдняга кіраўніка БПЦ. Я цалкам згодны. І тое, што залежыць ад дзяржавы, мы імкнёмся рабіць, каб дапамагчы яму.

— Раскажыце пра самыя буйныя праекты, якія дзяржава ажыццяўляе сумесна з рэлігійнымі арганізацыямі.

— Адзін з першых такіх праектаў — аднаўленне Крыжа Ефрасінні Полацкай. Пазней дзяржава ўдзельнічала ў аднаўленні Ракі святой, аплаціўшы 130 кілаграмаў срэбра для яе вырабу. Абедзве святыні зрабіў мастак Мікалай Кузьміч. Дзяржава зыходзіць з таго, што прыхаджане Беларускай праваслаўнай царквы і грамадзяне Рэспублікі Беларусь — гэта адны і тыя ж людзі.

На рэстаўрацыю вучэбнага корпуса Жыровіцкай духоўнай семінарыі было выдаткавана каля 40 млрд рублёў дзяржаўнага бюджэту. За кошт дзяржавы пабудаваны Духоўна-адукацыйны цэнтр на Нямізе ў Мінску.

На сталічнай вуліцы Усіхсвяцкай, у якую цяпер пераходзіць вуліца Каліноўскага, магчыма, ужо ў будучым годзе завершыцца будаўніцтва ўнікальнага Храма-помніка, які фінансуецца дзяржавай. Дом Міласэрнасці — таксама сумесны праект.

Дзяржава не можа за свой кошт дабудаваць або аднавіць усе храмы, таму яна, у першую чаргу, аказвае дапамогу ў рэстаўрацыі храмаў, якія з'яўляюцца помнікамі гісторыі і культуры. У рэстаўрацыю касцёла ў гонар Прасвятой Дзевы Марыі на плошчы Свабоды ў Мінску ўкладзены і грошы Аўстрыі, і грошы Каталіцкай царквы, і грошы беларускай дзяржавы (3,7 млрд рублёў).

Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы рэстаўруецца цалкам за кошт дзяржаўных сродкаў. У рамонт Будслаўскага храма, напярэдадні святкавання 400-годдзя Цудатворнага абраза Божай Маці, дзяржава ўклала амаль 2 млрд рублёў.

— Якім чынам дзяржава ўдзельнічае ў наладжванні міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялогу ў краіне?

— Я ўжо казаў пра ІV Еўрапейскі Праваслаўна-Каталіцкі форум. Без удзелу дзяржавы ён бы не адбыўся, бо арганізацыю і выдаткі на пражыванне, харчаванне, трансфер гасцей яна ўзяла на сябе.

Пры Упаўнаважаным са згоды і пры ўдзеле кіраўнікоў усіх 25 зарэгістраваных у Беларусі канфесій створаны Міжканфесійны рэспубліканскі савет. Ён вырашае надзённыя праблемы рэлігійнага жыцця нашага грамадства. Напрыклад, калі б Міністэрства па надзвычайных сітуацыях прыняло рашэнне, каб усе культавыя збудаванні прытрымліваліся будаўнічых нормаў і правілаў, то 70% іх былі б закрыты. Бо большасць з іх не мае запаснога выхада для эвакуацыі людзей і канструктыўна ён там не прадугледжаны. А значыць зрабіць яго немагчыма. У такіх выпадках мы збіраем савет, запрашаем прадстаўніка міністэрства і наладжваем дыялог. Гэта дапамагае знімаць шмат самых розных пытанняў.

Акрамя таго, члены гэтага савета маюць магчымасць сустрэцца, пагаварыць, абмеркаваць тыя або іншыя пытанні, пачуць праблемы адзін аднаго.

Ларыса ЦІМОШЫК
tsimoshyk@zviazda.by

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
medvedeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.