Вы тут

Курс мужнасці


Карэспандэнт «Звязды» на свае вочы пабачыў, як ва ўнутраных войсках навабранцы праходзяць
курс маладога байца

«Спё­кі не ба­ім­ся — мы не рас­та­нем»

Палігон «Валоўшчына», які абкружаны з усіх бакоў магутным лесам, салдаты ведаюць, як табліцу множання. Спецназаўцы тут здаюць іспыты на права нашэння крапавага берэта, астатнія пастаянна практыкуюцца ў стральбе. Вось і гэтым спякотным чэрвеньскім днём на «Валоўшчыне» чуваць стрэлы — свой курс маладога байца праходзяць навабранцы ўнутраных войскаў.

IMG_0110

— У нашу часць прызвана 375 чалавек амаль з усіх рэгіёнаў краіны, — кажа падпалкоўнік Уладзімір Махнач, намеснік начальніка вучэбнага збора па ідэалагічнай рабоце в/ч 5448. — Да нас ідуць служыць законапаслухмяныя людзі, без прывадаў у міліцыю. Нашы ваеннаслужачыя павінны быць менавіта такімі. Бо пасля многія жадаюць застацца і працягнуць службу ў міліцыі. Цяпер яны праходзяць страявую, інжынерную, агнявую падрыхтоўку. Вывучаюць нарматыўную базу, з якой сутыкнуцца падчас службы.

IMG_5062

Суразмоўца кажа, што сярэдні ўзрост гэтых хлопцаў, якія на нашых вачах атрымліваюць баявыя патроны і рыхтуюцца страляць па роставых мішэнях, прыкладна 20 гадоў. Амаль усе з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, нехта з вышэйшай. Некаторыя жанатыя, ужо сталі бацькамі. «Але ўсе ўсведамляюць, што адслужыць у войску — неабходна. І калі ты сам не хочаш, ва ўнутраныя войскі цябе не возьмуць», — заўважае Уладзімір Махнач.

Пакуль адны салдаты страляюць, з іншымі непадалёк, на ўзгорку, праводзяць інструктаж, заняткі па падрыхтоўцы да стральбы.

IMG_0103

— Хлопцы нармальныя, — шчыра прызнаецца малодшы сяржант Мікалай Паліціла, камандзір аднаго з аддзяленняў 1-й вучэбнай роты, які яшчэ сам у лістападзе быў на месцы навабранцаў. — У іх многае атрымліваецца. Відаць, што стараюцца, а гэта галоўнае. Для іх цяпер самае асноўнае — слухацца начальніка і выконваць каманды. Мы ўсё растлумачым і пакажам.

Адметна, што за заняткамі сочыць не толькі медык, але і псіхолаг, які назірае за ўсім за некалькі метраў ад агнявой.

IMG_5154

— У нас стралковае падраздзяленне, і мне неабходна прысутнічаць, бачыць, як праходзяць першыя стрэльбы, як хлопцы спраўляюцца, рэагуюць, — пад гукі выстралаў кажа Аксана Грэчная, псіхолаг в/ч 5529.

— Цікава, а як адаптуюцца да службы вайскоўцы?

— Першы тыдзень — востры стрэс, пасля крыху ўсё выраўноўваецца. Аднак цяпер па 10-бальнай шкале суб'ектыўны ўзровень адаптацыі яны ацэньваюць у 7-8 балаў, хтосьці на 6. Наша справа — суправаджаць і назіраць. Зразумела, у кагосьці ўсё паляпшаецца, а камусьці робіцца яшчэ горш. І нам важна не ўпусціць і падтрымаць гэтых хлопцаў, скарэктаваць тыя моманты, якія іх напружваюць.

IMG_5155

— З бацькамі кантактуеце?

— Безумоўна. Калі трэба, самі ім тэлефануем, альбо яны нам. Размаўляем з імі таксама падчас дня наведванняў.

— Тое, што ваеннаслужачым дазволена карыстацца мабільнымі тэлефонамі, дапамагае хутчэй прызвычаіцца да войска?

— Гэта таксама немалаважны момант. У вольны час яны могуць патэлефанаваць блізкім, падзяліцца ўражаннямі. Сярод ваеннаслужачых ёсць людзі эмацыйна залежныя ад блізкіх. І для іх вельмі важна чуць маці ці сваю дзяўчыну.

IMG_5123

Разам з падпалкоўнікам У. Махначом мы праходзім уздоўж палігона і трапляем у гушчар лесу. Тут, непадалёк ад стрэльбішча, праходзяць заняткі па інжынернай падрыхтоўцы — салдаты капаюць акопы.

— У даўжыню ён павінен складаць 5 сапёрных рыдлёвак, ушыркі — 60 сантыметраў, глыбіня — 30, — выціраючы ўзмакрэлы твар, тлумачыць заданне радавы Аляксандр Шалесны. — Пасля яго трэба замаскіраваць, каб не было відаць рыхлай зямлі, абсталяваць для стральбы.

— Гэта добра. Але скажы шчыра, ці стала для цябе служба ў войску нечаканасцю?

— Не, мяне павінны былі прызваць яшчэ раней, але далі адтэрміноўку. Праўда, я сам хацеў пайсці ва ўнутраныя войскі, бо збіраюся звязаць сваё жыццё са службай у міліцыі.

IMG_5250

— Як успрымаеш фізічныя нагрузкі?

— Раней займаўся гіравым спортам. Нават за свой універсітэт выступаў на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Гуляў таксама ў футбол і хакей. З гэтым пытанняў у мяне не ўзнікае. Спёка? А навошта яе баяцца?! Мы не растанем.

Чыста па-армейску

Сам вучэбны цэнтр падрыхтоўкі часцей мінскага гарнізона «Валоўшчына» знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад стрэльбішча. На вялікай тэрыторыі знаходзяцца кампактныя казармы, сталоўка, пляц, адкрытыя класы... Тыя, хто сёння не на палігоне, займаюцца ў размяшчэнні роты — сядзяць на табурэтах на цэнтральным праходзе і моўчкі нешта канспектуюць пад дыктоўку камандзіра. Знутры казарма застаўлена двух'яруснымі ложкамі. Паміж імі стаяць драўляныя тумбачкі з асабістымі рэчамі байцоў. Тут усё па-армейску чыста. Кожную невялічкую шафу дзеляць два чалавекі. Першае аддзяленне прызначана для сродкаў гігіены; другое — для сшыткаў, ручак; у трэцім месціцца крэм для абутку, якім да бляску свае берцы начышчаюць салдаты. На фоне чыста паголеных навабранцаў я сваёй барадой нагадваю пустэльніка, што прыйшоў да іх з блізкага лесу. З гэтым тут насамрэч усё строга. У роце ёсць свой пазаштатны цырульнік. Кожны дзень салдаты голяцца, правяраецца знешні выгляд ваеннаслужачых. Уладзімір Махнач дадае, што па суботах хлопцы ходзяць у лазню і іх дадаткова аглядаюць медыкі.

IMG_5172

Сталоўка, як і ў любой іншай часці, так і тут, напэўна, адно з улюбёных месцаў для вайскоўцаў. Сёння на сняданак, напрыклад, давалі прасяную кашу з варанай каўбасой, салату з капусты, масла, сыр, батон, з чаго можна было змайстраваць сытны бутэрброд, гарбату. Працуе тут і невялічкі буфет, які салдаты здаўна называюць «чапком». Выбар у ім таксама добры. Галодным тут дакладна не застанешся.

— Умовы створаны не жорсткія, — кажа падпалкоўнік Махнач. — Салдат знаходзіцца ў адрыве ад звычайнага жыцця. Ён павінен паступова адаптоўвацца, а не забіваць у сабе жаданне да службы.

IMG_5137

Падчас перапынку хлопцы таўкуцца ў курылцы, усміхаюцца, пытаюцца пра жыццё на грамадзянцы і па-летняму адзетых дзяўчат. Для многіх з іх служба яшчэ толькі пачынаецца і працягнецца 1,5 года. Сёння, перад сваімі сваякамі, яны прымуць прысягу, а ўжо недзе праз месяц атрымаюць сваё першае службовае хрышчэнне — выйдуць на патруляванне мінскіх вуліц.

IMG_5273IMG_5328IMG_5141

Тарас ШЧЫРЫ, taras@zviazda.by

Фота аўтара

Cёння звыш 1200 ваеннаслужачых унутраных войскаў МУС РБ у розных рэгіёнах краіны прысягнуць на вернасць беларускаму народу. Урачыстае мерапрыемства в/ч 3310 пройдзе на мемарыяльным комплексе «Курган Славы» і пачнецца ў 10:00. Праз гадзіну вайскоўцы прымуць прысягу ў сталічнай брыгадзе міліцыі (в/ч 5448, вул. Маякоўскага, 97). Перад прысутнымі з плац-канцэртам выступіць рота ганаровай варты, сапёры абясшкодзяць умоўнае выбуховае прыстасаванне, а новае папаўненне прадэманструе гасцям навыкі рукапашнага бою і страявой падрыхтоўкі... Пасля прысягі навабранцы атрымаюць першае ў жыцці трохдзённае звальненне.

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.