Вы тут

Маршрут Купалы паўтарыць


 

Заўтра ў межах культурна-адукацыйнага і выставачнага праекта «Славацкімі шляхамі Янкі Купалы» распачнецца паездка супрацоўнікаў музея ды іншых дзеячаў айчыннай культуры ў Славакію. Пра мэты і змест творчага падарожжа распавядае дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч.

— У Славакіі ў нас ёсць сталыя партнёры. А пачалася супольная праца з супрацоўніцтва з Дзяржаўнай навуковай бібліятэкай у горадзе Банска Быстрыца. Мы зладзілі там некалькі выставак. Калектыў кніжніцы таксама прывозіў да нас выстаўку «Славацкія сустрэчы Янкі Купалы», што распавядала пра славацкіх пісьменнікаў і журналістаў, з якімі сустракаўся Янка Купала. Гэта Эла Шандар, Гана Грэгарава, Ян Панічан, Янка Алексы — людзі, якія пакінулі адметны след у гісторыі славацкай культуры, літаратуры. Падчас працы ў беларускай сталіцы сябрам нашага музея стаў тагачасны пасол Славакіі ў Беларусі Марыян Сэрватка — аўтар перакладу на славацкую мову вершаў Янкі Купалы «А хто там ідзе?» і «Мая малітва». Ён жа дапамагаў нам арганізаваць выстаўку «Славацкія сустрэчы Янкі Купалы» ў Браціславе — у Міністэрстве культуры Славакіі.

Сёлета спаўняецца 80 год з дня памятнага візіту Янкі Купалы ў Славакію, які адбыўся ў кастрычніку 1935-га. Паездка была арганізавана на афіцыйным узроўні Усесаюзным таварыствам культурных сувязей з замежжам (VOKS) па запрашэнні чэхаславацкага боку. Яшчэ некалькі гадоў таму ў нас у музеі ўзнікла ідэя паўтарыць гэты маршрут, прайсці менавіта сцежкамі Янкі Купалы, а падтрымалі яе Саюз славацкіх пісьменнікаў, Пасольства Беларусі ў Славакіі ды Пасольства Славакіі ў Беларусі, асабіста Марыян Сэрватка — куратар праекта са славацкага боку, — і Ганаровы консул Беларусі ў Славакіі спадар Марыян Мурын.

— Алена Раманаўна, хто ўваходзіць у склад дэлегацыі?

— Сярод удзельнікаў праекта — старшыня грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, пісьменнік Анатоль Бутэвіч; карэспандэнт тэлеканала «АНТ» Аляксандр Мацяс; карэспандэнт Беларускага радыё Наталля Баўкалава; пісьменніца, супрацоўніца рэдакцыі газеты «СБ. Беларусь сегодня» Людміла Рублеўская; галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» Таццяна Сівец; даследчык славацкага перыяду творчасці Янкі Купалы, аўтар кнігі «Янка Купала ў Славакіі» (прэзентацыя якой пройдзе падчас паездкі) Мікола Трус, супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: загадчык культурна-адукацыйнага аддзела Вольга Пархімовіч і намеснік  дырэктара па навуцы Наталля Стрыбульская. Славацкі бок прадстаўляюць Саюз славацкіх пісьменнікаў, газета «Literárny týždenník», Літаратурны і музычны музей Дзяржаўнай навуковай бібліятэкі ў Банскай Быстрыцы, Літаратурны фонд Славацкай Рэспублікі.

— А мэты вандроўкі?

— Знаёмства з адным са значных эпізодаў у станаўленні беларуска-славацкіх культурных сувязей як фактам у біяграфіі Янкі Купалы і яго славацкіх калег па творчасці, а таксама ўзаемная прэзентацыя сучаснай беларускай і славацкай культуры і літаратуры ў культурнай супольнасці нашых краін. Варта даведацца, чым сёння жыве славацкая літаратура, а таксама паказаць славакам літаратуру нашай краіны.

— Якія славацкія мясціны наведаў Янка Купала?

— Маршрут той пісьменніцка-журналісцкай дэлегацыі прайшоў праз Браціславу, Святы Юр, Модру, Пешцяны, Высокія Татры і пасёлак Ждзяр. Гэтым маршрутам праедзем і мы — свайго роду гістарычная рэканструкцыя Купалавага падарожжа. Афіцыйнае адкрыццё новага праекта адбудзецца ў Браціславе, у клубе Саюза славацкіх пісьменнікаў. Пасля наведаем гарады Святы Юр і Модру, непадалёк ад Браціславы. У нашых планах — Палфіцкі кляштар і піўніца ў Святым Юры, керамічная майстэрня і магіла паэта і грамадскага дзеяча Людавіта Штура, з дня нараджэння якога сёлета спаўняецца 200 гадоў... З’ездзім і ў горад Марцін — месца зараджэння славацкай нацыянальнай мовы і літаратуры. Дарэчы, вялікую цікавасць да новага праекта выказалі мэры згаданых гарадоў.

— Што яшчэ прадугледжана праграмай паездкі?

—Экскурсія па Музеі горада Браціславы, наведаем Фарны касцёл Святога Юра ХІІІ ст., у Модры — галерэя знанага славацкага кераміста Ігнацыя Біжмаера, у Пешцянах — Музей Івана Краскі, Музей бальнеалогіі і гарадская бібліятэка, у Марціне — Турчанская галерэя… Запланаваны сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй, дыскусіі. Спадзяёмся, што вандроўка паспрыяе творчаму сяброўству Саюза славацкіх пісьменнікаў з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Магчыма, будзе распачата і рэалізацыя сумесных перакладчыцкіх ды выдавецкіх праектаў.

1

    Яна ЯВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».