Вы тут

Да Святла!..


 

Сонца і святло, жаданне ўбачыць бясконцасць прасторы, зазірнуць у далягляды, адчуць вартасці штодзённага пошуку — вось тое шматграннае мастацкае аздабленне, якое паўстае перад намі ў знаёмстве з новымі перакладамі. Іх дорыць свайму чытачу «Літаратура і мастацтва» сёння. Таццяна Сівец, адолеўшы прыступкі па дарозе да вяршынь славацкай паэзіі, множыць даўнія і добрыя традыцыі беларуска-славацкага літаратурнага пабрацімства. Ян Тазберык, Штэфан Цыфра, Міраслаў Белік і іншыя паэты, прадстаўленыя праз беларускае слова, гавораць пра вечныя каштоўнасці. Яны ведаюць, што «мякка сцеле / Бог нашы пасцелі» (Петр Місак), таму цвёрда перакананыя ў велізарных духоўных магчымасцях чалавека і грамадства. Яны, паэты з Божай Ласкі, вераць у святло, вераць у доўгія мільёны гадоў сустрэч чалавека з Сонцам. І гэта робіць іх вершаваныя радкі аптымістычным грунтам для сталення і спеласці нашых думак, для рашучасці нашай у самых розных добрых і светлых памкненнях. Дзякуй, Паэзія! Дзякуй, шчодры мастацкі свет славакаў, таленавіта адлюстраваны Таццянай Сівец!..

Мікола Раўнапольскі

 

Міраслаў Белік

Санет да Арфея

Іосіфу Бродскаму

 

Настаўнік, не ведаю, ці адшукалі спакой Вы

там, дзе Арфей, Эўрыдыка, дзе Божая амбасада.

Я Вам лісты адпраўляў, але лепш данясу самастойна,

бо Вы ж заняты —у вас, можа, дом там — з садам.

Дзе Вы, Настаўнік, куды пракладаеце мост свой?

«Мост па-над безданню»

(як тутне азірнуцца?)…

Калі табе дзевяноста,

усё надзвычайна проста —

і можна вяртацца,

ды лепей ужо — не вярнуцца…

Тое калісьці было ўжо, здаецца, з Рыльке:

«Проставалосая, як учарашні дождж непатрэбная,

сталася маім коранем»…

Я азіраюся — на Арфея і (што за прыклад!)…

Уздыхаю пакорліва,

ды вяртаюся — да Эўрыдыкі!

 

 

Барыс Брэндза

Бірузовая панна

 

Бірузовая панна, мой храм на вяршыні поўначы,

я спяшаю да Вас, пра самога сябе не помнячы.

Бірузовая панна, няўжо гэта праўда Вы?

Галава мая ап’янела ад сінявы.

 

З вежы чароўнай махні залатым крылом,

маланкаю зыркай маё блаславі чало.

Ты ўсіх саграваеш, ты свеціш — на шэсць бакоў,

дык адамкні мне браму, не будзь такой…

 

Каб самоты пазбыцца — зараз і назаўжды, —

я прашу: «Каханая, падары мне ўздых!»

Прашапчы так соладка: «Ты — адзін».

Я трымацьму цябе ў далонях, а ты — глядзі.

 

У вачох тваіх раны, і цемра, і ноч, і боль.

Але я не хачу пра боль гаварыць з табой.

Тым, хто не ўмее лётаць, ты крылы даеш на час.

Не выракай на здзекі гэтых няшчасных — нас.

 

Ты вышываеш сонца на стромах свінцовых сцен,

бо табе невядома, калі распачнецца дзень.

Лашчыць твае абрысы хочацца да зары.

Бірузовая панна, са мною пагавары.

 

Бірузовая чараўніца мая, мая пляшка абсэнту,

ведаю, нам з табою заўжды пашэнціць…

 

 

Штэфан Цыфра

З кімсьці сустрэцца

 

1

Хтосьці жыве

як паперчына

на вятрыску.

 

Ён жыве,

 

а іншыя за ім сочаць,

цвеляць яго балячкі

і ўсё чакаюць,

 

калі ж ён

падохне.

 

Ды ён смяецца

над шэраю іх

аблогай

 

і ўсё паўтарае:

 

«Я вам нічога

не вінны».

 

2

 

Іншы

сам сябе

цягне на карку

быццам звон,

што чакае волі.

 

А калі ўжо зусім няўсцерп,

кленчыць, жагнаецца.

 

Хтосьці

асудзіць яго,

скажа: «Вось дурань…»

 

А іншыя зробяць выгляд,

нібыта і не было яго,

ці прамовяць:

«…Дружа, дапамажы сабе сам,

і Гасподзь табе дапаможа!»

 

 

3

А хтосьці

цалкам інакшы

цешыцца малым,

з самага ранку

ў ім расцвітае радасць.

 

Хоць яго доля

горкая, як атрута,

хоць яго паліць

мацней за старую язву,

што ўночыпрачнецца раптам.

 

Заўжды,

калі сустракаю

некага,

трохі падобнага

да яго,

пазнаю па ўсмешцы,

і нават калі балюча,

хіба што вады

папросіць.

 

А больш і не знаеш,

чым яму дапамагчы.

 

Крыж яго цяжкі

ніхто не бачыць.

 

 

Ян Тазберык

 

Што далей?

 

Гаварыць пра былое і заўтра—

я дужа ахвочы.

Дзесяць страхаў маіх

бессаромна ўзіраюцца ў вочы.

Я пагуляю ў хованкі

сам з сабою.

 

Смерць не палохаеболей—

няхай яна мяне абыходзіць.

Да світання шукаю сноў

па пакоях стылых.

У тваёй галаве да раніцы

стану пылам.

 

 

Петр Місак

Што з таго

 

Ведаеш, напачатку

яшчэ не было

размовы —

ці то пра рэчы,

ці то пра словы.

 

Дык з чаго, васпане,

ўсё пачалося з намі?

 

 

***

Бачыш,

як мякка сцеле

Бог нашы пасцелі.

 

Толькі як змружыш

вочы

хаця б аднойчы,

вось тады і пачнецца

сапраўдная

барацьба.

 

 

***

Чуеш,

уночы тутака — цішыня.

Радыё заціхае.

 

І пахне дымам.

 

На гэткай адлегласці

цяжка кагось

пазнаць.

 

А тым болей

чакаць на цябе да раніцы.

 

Мы ж, крый божа, тут

не святыя.

 

Мы проста сядзім…

 

І ціха

чакаем

знак…

Пераклад са славацкай мовы Таццяны СІВЕЦ

7

 

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.