Вы тут

Дзеля галоўных каштоўнасцяў


Мір і згода ў грамадстве — духоўны стрыжань нашай краіны.

Падчас візіту Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла гэтыя словы былі, можна сказаць, лейтматывам. Пра гэта ў першую чаргу гаварыў і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прадстаяцелем Рускай Праваслаўнай Царквы.

23-43

У нашай краіне шануюць і берагуць адсутнасць праблем ва ўзаемаадносінах прадстаўнікоў розных канфесій, адзначыў Прэзідэнт. Сустрэча праходзіла напярэдадні паездкі патрыярха ў Брэст, і кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што на поўдні краіны пражывае шмат каталікоў. «Праваслаўе і там, на заходніх межах нашай краіны, як ніколі магутнае. Каталікі і праваслаўныя жывуць вельмі мірна, у нас няма ніякіх адзін да аднаго прэтэнзій, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы стараемся дапамагчы адным і другім, каб людзям было зручна і каб кожны знайшоў сваю дарогу да храма».

У Беларусі жывуць прадстаўнікі розных веравызнанняў, у пытаннях рэлігіі «людзі самі вырашаюць, дзе ім быць, як ім быць», падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У краіне цэняць адсутнасць праблем ва ўзаемаадносінах вернікаў і маюць намер захоўваць такое становішча рэчаў, адзначыў Прэзідэнт. «Я не бачу ніякіх праблем ва ўзаемаадносінах нашых вернікаў. Мы гэта вельмі цэнім і будзем берагчы, наколькі гэта магчыма», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Важнасць гэтага даказвае сітуацыя ва Украіне. Канфлікт тут пачаўся менавіта з расколу ў царкве, «калі былі страчаны духоўныя каштоўнасці, калі іх сталі таптаць». «Усё гэта перайшло ў плоскасць ўжо ваеннага супрацьстаяння», — заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што міратворчая місія Беларусі па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне вядомая. «Ад яе нікуды не дзенешся. Мы браты — рускія, беларусы, украінцы, мы ад аднаго кораня. Нам балюча, калі адбываецца бяда ў нашых братоў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы будзем усё рабіць для таго, каб неяк змякчыць сітуацыю, а калі магчыма, і спыніць гэтую братазабойчую вайну».

Прэзідэнт выказаў падзяку патрыярху Кірылу за ўсё, што ён робіць для Беларусі. У краіне ўсё выдатна ведаюць падзвіжніцкую ролю патрыярха, яго стаўленне да краіны. Паводле яго слоў, патрыярх Кірыл неаднаразова бываў у нашай краіне і мог на свае вочы пераканацца, наколькі адданыя беларусы духоўным караням і каштоўнасцям.

Патрыярх Кірыл у сваю чаргу падзякаваў Беларусі за ролю ў арганізацыі перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Па словах настаяцеля РПЦ, тое, што адбываецца цяпер ва Украіне, брацкай краіне, з'яўляецца для яго вялікім жалем. «Гэта сапраўды рана на сэрцы, — сказаў патрыярх. — Праваслаўная кананічная царква мае ў сваёй пастве людзей як з усходу, так і з захаду. Гэта накладвае зусім асаблівую адказнасць на царкву».

«Сёння наша царква з'яўляецца адзінай арганізацыяй ва Украіне і адзінай сілай, якая захавала міратворчы патэнцыял, таму што яна сябе не атаясамляе ні з аднымі, ні з другімі», — падкрэсліў Патрыярх Кірыл. Ён заявіў, што немагчыма падзяліць паству па палітычным прынцыпе: «І там, і там праваслаўныя людзі; і там, і там пакутуюць, гінуць».

Настаяцель РПЦ расказаў, што асабліва хацеў наведаць Беларусь у год 70-годдзя Перамогі. Ён адзначыў, што кожны раз, калі наведвае краіну, адчувае цёплыя і радасныя пачуцці. «Але, акрамя таго, ступаючы на беларускую зямлю, заўсёды ўспамінаеш асаблівы ўклад Беларусі ў абарону Айчыны ў апошняй вялікай вайне», — сказаў патрыярх Кірыл.

Патрыярх падзякаваў за магчымасць наведаць Брэсцкую крэпасць, ля сцен якой загтнуў яго дзядзька. «Гэта святое месца з'яўляецца ўзорам гераізму, адвагі, здольнасці людзей не проста да канца сваіх фізічных сіл, а звыш усялякіх фізічных магчымасцяў змагацца з ворагам і быць верным прысязе», — сказаў ён.

Падчас сустрэчы Патрыярх Кірыл уручыў Прэзідэнту Беларусі ордэн прападобнага Серафіма Сароўскага І ступені, а таксама перадаў у дар абраз святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падараваў патрыярху ікону «Анёл-ахоўнік». Яна ўяўляе сабой рэльефную выяву анёла, вырабленую з серабра ў тэхніцы чаканкі. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы правёў для патрыярха кароткую экскурсію па залах Палаца незалежнасці, дзе праходзіла сустрэча.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.