Вы тут

З герба — у рэальнасць


У Бярозе аднавілі браму, якая лічыцца сімвалам горада.

Гісторыя для чалавека пачынаецца тады, калі ён аднойчы разумее: у старым і закінутым будынку ёсць жыццё. Ён не памёр, нягледзячы на тое, што некалькі стагоддзяў не жыў сваім жыццём, некалькі дзясяткаў гадоў не выкарыстоўваўся наогул. Яго цела (сцены) сведчыла пра былую магутнасць, але балела і крывіла, калі губляла свае часткі-цаглінкі-клеткі (як у жывога арганізма), ператвараючыся ў руіны. Аднак усё адно гэта нябачнае і амаль незаўважнае жыццё самотнай істоты.

[caption id="attachment_88807" align="alignnone" width="600"]Уязная брама Картэзіянскага кляштара ў горадзе Бяроза да рэстаўрацыі Уязная брама Картэзіянскага кляштара ў горадзе Бяроза да рэстаўрацыі[/caption]

[caption id="attachment_88808" align="alignnone" width="600"]...і пасля ...і пасля[/caption]

Для мяне такім жывым арганізмам з'яўляецца Картэзіянскі кляштар у горадзе Бяроза Брэсцкай вобласці. Цяпер — помнік архітэктуры ХVІІ стагоддзя, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Але так было не заўсёды, у манастыра багатая гісторыя. Пазнаёміцца з ёй — гэта значыць зразумець сэнс існавання такой істоты, як гістарычны помнік: ён дажыў да нашых часоў і можа нешта расказаць, прадставіць мінуўшчыну, якую бачыў. Зразумець яго сэнс — гэта значыць, зразумець лепш сябе. Мне так падавалася ўсе тыя дзесяцігоддзі, што я назірала за рэшткамі манастырскага комплексу ордэна Картэзіянцаў. у помніка былі розныя часы. Але нават у гады майго савецкага дзяцінства, калі з гэтым дзіўным будынкам амаль не звязвалася гісторыя (тады на яго тэрыторыі размяшчалася вайсковая часць), ён вельмі прыцягваў. Мы бегалі вакол, аглядалі высокія чырвоныя сцены і імкнуліся дазнацца: што гэта ўсё ж такое (бо горад у той час рос за кошт тыпавога панэльнага будаўніцтва). Дарослыя распавядалі вельмі прыгожае паданне, якое інтрыгавала яшчэ больш.

Сляпы стары і хлопчык, стаміўшыся ад доўгай дарогі, спыніліся на адпачынак сярод бярозак. Стары заснуў, а хлопчык тым часам пайшоў пагуляць. Калі стары прачнуўся, зразумеў, што малога няма, кінуўся на пошукі. Сляпы блукаў, пакуль не пачуў шум імклівай крыніцы. Схіліўся да яе, каб папіць. Змыў стому з твару — і зразумеў, што бачыць. Чысцюткая вада забрала яго хваробу. У памяць пра цуд, які здарыўся ля ракі, тут спачатку ўзнік крыж. А потым сталі славіць Бога і яго ласку да людзей у манастыры. Будаўніцтва яго звязваюць з уплывовым і заможным магнатам Вялікага Княства Літоўскага Казімірам Львом Сапегам (сынам канцлера ВКЛ), якому належалі гэтыя землі.

Гаспадар, шчыры вернік, вырашыў запрасіць прадстаўнікоў ордэна Картэзіянцаў, аднаго са старажытных каталіцкіх ордэнаў, узнікненне якога адносяць да ХІ стагоддзя. Ордэн вылучаўся вялікай патрабавальнасцю, аскетычным жыццём манахаў, але і працавітасцю, засяроджанасцю на навуцы і ведах, шчыраваннем у малітве. Можа таму не надта шмат яго прадстаўніцтваў было ў Еўропе. А вось гэтая бярозаўская «філія» стала ці не самай буйной сярод іншых картэзіянскіх манастыроў. Праўда, для гэтага давялося пастарацца.

Атрымаўшы блаславенне на будаўніцтва манастыра, Казімір Леў Сапега запрасіў італьянскага архітэктара Жана Батыста Джыслені. Будаўніцтва пачалося ў 1648 годзе. Гэта была эпоха барока. Пышнасць будынкаў адцяняла ідэі засяроджанасці на недасканаласці чалавека і пошукаў яго шляхоў развіцца ў імкненні да Бога. Манастыр атрымаўся сапраўды пышны, нават калі меркаваць па тых рэштках, якія ад яго засталіся.

Па-першае, Сапега не пашкадаваў зямлі: тэрыторыя велічэзная. Але і шмат усяго на ёй трэба было размясціць. Корпус, дзе жылі самі манахі (іх лад жыцця нас, сучасных, вельмі здзівіў бы, бо гэта быў аскетызм, які застаўся ў спадчыну ад суровага Сярэднявечча), велічны храм (ад якога, на жаль, нічога не засталося), была бібліятэка, шпіталь (яго рэшткі ёсць) і нават аптэка, шмат гаспадарчых пабудоў (таму што трэба было забяспечваць сябе харчамі, і ў гэтым ім дапамагалі мясцовыя жыхары і іх дзеці, якія працавалі на манастыр). Але асабліва вярэдзілі ўяўленне звесткі пра шыкоўны сад, дзе манахі ўмудраліся вырошчваць нават экзатычныя расліны, і вадаём. У гэтым спакойным маляўнічым месцы пад аховай Бога любіў праводзіць час і сам Казімір Леў Сапега, і яго сямейнікі, нібыта і палац для іх адмысловы быў пры манастыры (а некаторыя з сучасных гісторыкаў вылучалі версію пра тое, што сам Казімір Сапега мог быць пахаваны на тэрыторыі манастыра).

Усе гэтыя пабудовы з вялікай часткай зямлі былі абнесены высокай і добра ўмацаванай сцяной па перыметры: не тое, каб манахі вось так баяліся людзей, што адгароджваліся ад іх, але насамрэч складаны быў час, калі вайна магла прыйсці з любога боку. А манахі-картэзіянцы спадзяваліся не толькі на дапамогу Боскую, яны былі гатовы (і ўмелі) абараняцца ад ворагаў. Паводле некаторых звестак, валадары зямныя звярталіся па пасярэдніцтва манастыра, калі гаворка ішла пра сур'ёзныя супрацьстаянні. Так, у 1706 годзе падчас Паўночнай вайны ў Бярозе адбылася сустрэча Пятра І і караля Польшчы Аўгуста ІІ. Але бывала, што і разбуралі манастыр ворагі, а ён аднаўляўся — і ўсё роўна жыў. Здарылася такое, што хацелі зусім знішчыць памяць пра непакорны манастыр, асабліва пасля паўстанняў XVІІІ стагоддзя, таму што манахі ўдзельнічалі ў тых падзеях. Закрывалі. Але стаяў як сімвал былых часоў. Руйнавалі (нават казармы для салдат пабудавалі, разабраўшы частку манастырскіх пабудоў). Ён стаў калекам, але ўсё яшчэ быў. Яго імкнуліся скарыстоўваць нават ужо вельмі параненага і амаль нежывога: за савецкім часам на тэрыторыі манастыра месцілася вайсковая часць. Але вялікую частку тэрыторыі вызвалілі — і стала магчыма прайсці праз браму ў двор, агледзець руіны і званіцу, якая знямела за доўгія часы занядбання.

Але кожны, хто падыходзіць да руін Картэзіянскага кляштара, усё роўна можа адчуць, наколькі ён трымаецца за жыццё. Ёсць людзі, якія вельмі хацелі б дапамагчы: некалькі гадоў таму прадстаўнікі мясцовай улады абвясцілі пра планы аднаўлення кляштара. Некалькі гадоў ля брамы, якая вяла ў манастыр, стаялі рыштаванні і віселі папераджальныя таблічкі пра тое, што на аб'екце вядуцца працы.

І вось! У адзін з апошніх прыездаў у родны горад Картэзіянскі кляштар уразіў. Захацелася спыніцца. Першы вынік: адноўленая брама, тая самая, якая вельмі захапляла нас у дзяцінстве. Тая самая, якая стала сімвалам горада Бяроза: красуецца на яго гербе як напамін пра тое, што некалі мы прыходзім у жыццё, недзе атрымліваем разуменне пра яго і, прайшоўшы свой шлях, крочым праз нябесную браму далей. Аднаўленне брамы — пачатак, з якога Картэзіянскі кляштар можа атрымаць новы штуршок да жыцця, калі зноў будзе карысны людзям, таму што патэнцыйна прыцягальны аб'ект для турыстаў (тут недалёка да Сапегаўскіх Ружанаў і да Косава з сядзібай Тадэвуша Касцюшкі і больш познім палацам Пуслоўскіх). Гэта так мяркуецца здалёк. Што будзе далей — вядома, зразумела Богу, але і людзям, якія калі нешта пачыналі, то маюць намер давесці да ладу. І так хацелася б скончыць на аптымістычнай ноце ўсё цяпер. Але сучаснасць і мары Картэзіянскага кляштара вартыя асобнай размовы ў адным з наступных нумароў.

Ларыса ЦІМОШЫК,

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.