Вы тут

Самавар — душа дома


У этнакультурным комплексе «Наносы — Наваселле», што на Мядзельшчыне, працуе адзіны ў Беларусі музей самавараў. У яго калекцыі каля 600 розных мадэляў. Такой разнастайнасці і колькасці можа пазайздросціць нават аналагічны музей, што створаны на радзіме самавараў — у Туле.

— Гісторыя самавараў пачалася ў 1740 годзе. Менавіта тады на мытні горада Екацярынбурга затрымалі групу купцоў. У іх адабралі 6 кадушак мёду і цікавую пасудзіну пад назвай «самавар». Хоць ў яе былі і іншыя найменні: вадагрэй, самакіпец і нават — таўстапузае бажаство. Людзі верылі, што самавар прыносіць у дом шчасце, удачу, спакой. Самыя першыя самавары выкарыстоўваліся не для чаю, а для прыгатавання збіценю, — распавяла экскурсавод Валерыя Ёдчык. — Іх рабілі з медзі, якую здабывалі на Урале. Яе было так многа, што пачалі будаваць заводы, фабрыкі па вытворчасці меднага посуду. Нягледзячы, што такіх прадпрыемстваў узнікла шмат, посуд усё роўна быў вельмі дарагі. Напрыклад, каб купіць чайнік, трэба было цалкам утрамбаваць яго сабалінымі шкуркамі.

Самавары ў музеі — самыя розныя, часам незвычайныя і мудрагелістыя. Напрыклад, на адной з вітрын змешчана звычайная труба.

— На першы погляд, нібыта самавар. Але не зусім так. Гэта спецыяльная ёмістасць для каньяку, — тлумачыць Валерыя. — Асаблівасць прыстасавання ў маленькім непрыкметным кране, накшталт будыйскага сімвалу: нічога не бачу, не ведаю, нічога нікому не скажу. Зроблена гэта для таго, каб нагадаць людзям, што каньяк развязвае язык, а тое, пра што гаварылася за сталом, тут павінна і застацца.

А вось яшчэ цікавыя і ўнікальныя самавары: у выглядзе пеўняў, рога багацця, крэйсера, сумнавядомага «Тытаніка», паравоза. Яны адлюстроўваюць развіццё тэхнікі і навуковага прагрэсу, зроблены па індывідуальным заказе і таму маюць асобы статус. Асноўнае прызначэнне самавараў-бульётак не нагрэць ваду, а падтрымліваць яе ў гарачым стане звычайна з дапамогай спіртоўкі або газніцы. Для іх вырабу часта выкарыстоўваліся і падручныя матэрыялы, пра што сведчыць вялікая прылада з двух медных тазікаў. Усе настолькі хацелі мець адметныя, не такія, як у суседзяў, самавары, што прыдумлялі незвычайныя формы.

23-35

Сталіцай самавараў лічыцца Тула. А пачатак іх вырабу паклалі збройнікі. Вытворцы зброі багацелі, грошы трэба было некуды ўкладваць. Менавіта выпуск самавараў стаў перспектыўнай і прыбытковай справай.

У XІX стагоддзі наяўнасць самавара павышала статус дома. Лічылася, той, хто яго мае, — заможны чалавек. Усе імкнуліся купляць два, тры самавары. Карысталіся адным, астатнія былі выстаўлены на паказ, маўляў, глядзіце, якія мы багатыя гаспадары. Бясспрэчна, дазволіць сабе такую раскошу маглі далёка не ўсе. На той час сялянскі дом каштаваў 7 рублёў, мяшчанскі — 20, а самавар — ад 7 да 15 рублёў. Гаспадыня часцей за ўсё прадавала сваё жытло, а не самавар, таму што ён лічыўся душой дома, а душа не прадаецца.

23-34

На пачатку XІX стагоддзя ў Туле налічвалася каля 25 самаварных фабрык. Але самымі вядомымі вытворцамі былі браты Баташовы. Яны разумелі, што самавар каштуе дорага і не кожны можа ім абзавесціся. Таму спрасцілі канструкцыю і паставілі выпуск на паток. У выніку цана зменшылася і самавары рэалізоўваліся вялікімі партыямі. Дзякуючы братам, доўгачаканая рэч нарэшце з'явілася амаль у кожнай сям'і. Самыя бедныя куплялі яго ў складчыну або нават адзін на ўсю вёску. Калі ў хаце адбываліся хрысціны, вяселле, самавар часова перадаваўся гаспадарам. Але пры гэтым заварвала чай прызначаная захавальніца: лічылася, што самавар слухаецца толькі адных рук.

— Сама гісторыя братоў Баташовых таксама вельмі цікавая. Упершыню заснаваў фабрыку ў 1840 годзе галава сям'і Сцяпан Баташоў, але яна згарэла. Ён не перажыў страты і памёр. Яго старэйшы сын Васіль (на той час яму было 19 гадоў) разам з малодшым 13-гадовым Аляксандрам аднавілі справу бацькі. На ўсіх усерасійскіх выставах яны заваёўвалі залатыя медалі. Нездарма іх называлі каралямі самаварнай справы. Браты мелі права адціскаць на сваім вырабе знак дзяржаўнага герба. Яго мог ставіць той вытворца, які пастаўляў сваю прадукцыю да двара. Гэтага гонару былі ўдастоены адзінкі. Такія самавары прадаваліся на ўра: кожны пакупнік думаў, раз з яго п'е сам цар, то і мне трэба мець такі, — гаворыць Валерыя Ёдчык.

Дарэчы, чалавек, які сабраў гэтую калекцыяю, нарадзіўся 28 сакавіка, і ў Аляксандра Баташова дзень нараджэння 28 сакавіка. У Валерыі, якая зацікавілася гісторыя самавараў і праводзіць экскурсіі для шматлікіх гасцей, таксама дзень народзінаў 28 сакавіка. Супадзенне або заканамернасць?

23-33

Абсалютна ўсе вытворцы тульскіх самавараў імкнуліся ўдзельнічаць у выставах, дзе маглі атрымаць 1, 2, 3 месцы і адпаведна залаты, сярэбраны, бронзавы медалі. За чацвёртае месца давалі пахвальны ліст. Медалі былі вельмі вялікія, цяжкія і выставіць іх на паказ было праблематычна. Тады прыдумалі рабіць іх адбітак на самім вырабе. Вядома, чым больш медалёў, тым даражэйшы самавар. І ўсе самаварных спраў майстры імкнуліся займець як мага больш медалёў. Часам прыбягалі да хітрыкаў: з медаля, што ўдавалася заваяваць пад час выставы, рабілі некалькі адбіткаў на самавары. І ніхто на гэта не звяртаў увагі. А вось зарабіць гонар змяшчаць герб на сваіх вырабах было значна цяжэй. Але і тут прадпрымальныя людзі знайшлі выхад. Справа ў тым, што адваротны бок медаля ўпрыгожваў дзяржаўны герб. Сімволіку павялічвалі ў размерах, адціскалі ў цэнтры самавара.

Бясспрэчна, прадукцыя братоў Баташовых стала брэндам. Таму многія вытворцы карысталіся іх імем, знаходзілі людзей з аналагічным прозвішчам, плацілі ім невялікія грошы і ставілі «Баташоў» на самавары (а ў дужках — вельмі маленькімі літарамі прозвішча сапраўднага вытворцы). Таму сёння можна ўбачыць шмат нашчадкаў, пераемнікаў, захавальнікаў ідэі Баташовых. Калі братам надакучыла такое махлярства, яны звярнуліся ў суд. У выніку быў складзены спіс з 30 чалавек, якія незаконна выкарыстоўвалі прозвішча Баташоў. Але прыйшла рэвалюцыя, і ўсё прыватнае стала грамадскім. І на прадукцыі тульскіх патроннага завода, завода «Штамп» не было неабходнасці пісаць імя братоў Баташовых.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.