Вы тут

БелАЭС: будаўніцтва без крытычных заўваг


Ніякіх сістэмных недапрацовак падчас комплексных праверак не выяўлена.

23-32

Менавіта так была ацэнена агульная сітуацыя на галоўнай будпляцоўцы краіны начальнікам Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі (Дзяржатамнагляда) Вольгай Лугаўской. Пра гэта яна паведаміла на брыфінгу «Ядзерная і радыяцыйная бяспека ў Беларусі: міжнародная і ўнутрыкраінавая ацэнка» ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

Цяпер на гэтым аб'екце дзейнічае рэжым пастаяннага нагляду, калі спецыялісты дэпартамента правяраюць выкананне тых патрабаванняў, якія былі прад'яўленыя па выніках папярэдніх інспекцый. Вольга Лугаўская адзначыла, што станцыя выконвае ўсе патрабаванні ў адпаведнасці з вызначанымі тэрмінамі, таму крытычных заўваг па якасці ўзвядзення аб'екта ўвогуле ўзнікаць не павінна.

Недахопы выпраўляюцца
ў рэжыме анлайн

Паводле слоў Вольгі Лугаўской, на буд-пляцоўцы БелАЭС працуе вялікая колькасць арганізацый, таму ёсць шэраг пытанняў, якія не тычацца кампетэнцыі Дзяржатамнагляда. Тут узнікаюць заўвагі агульнага будаўнічага характару, напрыклад, тыя, што тычацца падрыхтоўкі дакументаў. Пры гэтым усе яны не носяць сістэмны характар. Пасля кожнай праверкі рыхтуецца акт, які дасылаецца ў эксплуатуючую арганізацыю. «Разам з тым, стаўленне да заўваг тут сапраўды сур'ёзнае, бо частка з іх выпраўляецца адразу падчас праверкі», — удакладніла кіраўнік дэпартамента.

Наступная праверка адбудзецца ў кастрычніку

Першая комплексная праверка забеспячэння бяспекі пры ўзвядзенні першага і другога энергаблокаў Беларускай АЭС праводзілася з 12 па 29 мая. Кіраваў праверкай першы намеснік начальніка Дзяржатамнагляда Леанід Рыдлеўскі, у ёй удзельнічалі падраздзяленні МНС, Дзяржстандарт, Міністэрства аховы здароўя, Мінпрыроды, Мінэнерга, МУС, Мінпрацы і сацабароны. У якасці кансультантаў у комплекснай праверцы прымалі ўдзел расійскія спецыялісты — супрацоўнікі федэральнага прадпрыемства «Бяспека».

Пасля гэтай маштабнай праверкі Дзяржатамнаглядам падрыхтаваны і прадстаўлены акт праверкі і прадпісанне, выкананне якога будзе строга адсочвацца. А вось другая такая праверка БелАЭС запланавана сёлета на кастрычнік. Цяпер спецыялісты дэпартамента рыхтуюць адпаведны пералік пытанняў. Тут Вольга Лугаўская падкрэсліла, што ў працоўным парадку гэты пералік будзе яшчэ карэктавацца. «Сёлета з лютага ўсе наглядныя органы працуюць па новым распарадку. Мы ажыццяўляем рэжым пастаяннай прысутнасці на пляцоўцы, калі інспектары Дзяржатамнагляда, па сутнасці, кожны дзень выходзяць на працу на пляцоўку будаўніцтва», — патлумачыла спецыяліст.

За абсталяваннем — двайны кантроль

Дзяржатамнагляд адзначае поўнае выкананне патрабаванняў да захоўвання абсталявання для Беларускай АЭС. Такую ацэнку станцыі пасля праверкі даў начальнік упраўлення ацэнкі бяспекі сістэм і абсталявання ядзерных установак Дзяржатамнагляда Сяргей Зайцаў.

Спецыяліст нагадаў, што падчас комплекснай праверкі будаўніцтва БелАЭС у маі правяраліся ў тым ліку ўмовы захоўвання абсталявання. «Што тычыцца захоўвання, то хачу адзначыць, што ангары, якія для гэтага пабудаваны, сапраўды чыстыя і сухія, абсталяванне захоўваецца ў вельмі добрых умовах, — адзначыў Сяргей Зайцаў. — Патрабаванні да захоўвання абсталявання БелАЭС выконваюцца, доступ да яго абмежаваны, ніякіх заўваг па гэтым пытанні не было».

Эксперт Дзяржатамнагляда паведаміў, што вытворчасць абсталявання для Беларускай АЭС знаходзіцца на пастаянным кантролі. У працэсе яго перадачы ад вытворцы эксплуатуючай арганізацыі наладжаны двайны кантроль якасці — спачатку на прадпрыемстве і непасрэдна пры паступленні на атамную станцыю. «На заводзе на этапе прыёмкі абсталявання правяраецца ўся дакументацыя на працягу некалькіх дзён ці тыдняў. На асаблівым кантролі — акты праверак і акты выпрабаванняў абсталявання», — расказвае Сяргей Зайцаў. Пасля гэтага абсталяванне дастаўляецца на пляцоўку БелАЭС, дзе яно праходзіць такі ж пільны кантроль. Такім чынам, кантрольныя мерапрыемствы праводзяцца і пасля транспарціроўкі. Гэта дазваляе не дапусціць дэфармацыі абсталявання ці страты дакументаў. У працэсе мантажу і наладкі абсталявання таксама кантралюецца адпаведнасць яго праектнай дакументацыі.

Радыеактыўныя адходы застануцца на станцыі каля 10 гадоў

Намеснік начальніка Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Рыгор Асташка нагадаў, што ўрад нядаўна зацвердзіў стратэгію абыходжання з радыеактыўнымі адходамі БелАЭС. У адпаведнасці з ёй, радыеактыўныя адходы (РАА) будуць захоўвацца на станцыі толькі на працягу пэўнага перыяду. Гэты працэс абмяжоўваецца 10 гадамі, пасля чаго неабходна будзе вырашаць пытанне будаўніцтва пункта пахавання РАА.

Вырашэнне пытання абыходжання з радыеактыўнымі адходамі Беларускай АЭС разглядаецца ў межах агульнай ліцэнзіі на будаўніцтва атамнай электрастанцыі, і гэта ўжо зроблена. «Што тычыцца ўзвядзення пункта пахавання адходаў і іншых пытанняў, звязаных з гэтай тэмай, то такая работа ў нас яшчэ наперадзе», — удакладніў сітуацыю Рыгор Асташка.

У сваю чаргу начальнік Дзяржатамнагляда Вольга Лугаўская дадала, што ліцэнзаванне — працэс досыць працяглы, працаёмкі і навукаёмісты. Для выканання экспертызы бяспекі арганізацыя (патэнцыйны ліцэнзіят) падае ў адпаведны орган цэлы камплект дакументаў — так званую справаздачу па абгрунтаванні бяспекі. Такая справаздача змяшчае ў тым ліку спецыяльныя раздзелы, якія тычацца пытанняў радыеактыўных адходаў, якія ўтвараюцца на АЭС.

Такім чынам, у якасці адной з умоў выдачы такой ліцэнзіі вызначаны абавязак БелАЭС прадаставіць Дзяржатамнагляду інфармацыю аб класіфікацыі РАА, іх колькасці і стратэгіі абыходжання з імі. Цяпер наша станцыя атрымала поўную ліцэнзію на будаўніцтва двух энергаблокаў. Для атрымання наступнай ліцэнзіі неабходна падрыхтаваць удакладнены варыянт справаздачы па абгрунтаванні бяспекі. «Пры ліцэнзаванні падобнага аб'екта ўсе пытанні, звязаныя з радыеактыўнымі адходамі, вывучаюцца ў поўным аб'ёме», — лічыць Вольга Лугаўская.

Увогуле, стратэгія абыходжання з радыеактыўнымі адходамі Беларускай атамнай электрастанцыі распрацавана з улікам прынцыпаў абыходжання з радыеактыўнымі адходамі, якія рэкамендаваны Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі (МАГАТЭ). У дакуменце прадугледжваецца забеспячэнне прымальнага ўзроўню абароненасці персаналу АЭС, насельніцтва і навакольнага асяроддзя ад радыяцыйнага ўздзеяння, дзе асаблівая ўвага будзе засяроджана на прадухіленні аварый з радыяцыйнымі наступствамі.

Рэалізацыя стратэгіі абыходжання з радыеактыўнымі адходамі БелАЭС будзе садзейнічаць удасканаленню сістэмы абыходжання з адходамі такога тыпу, мінімізацыі іх узнікнення ў працэсе эксплуатацыі атамнай электрастанцыі, а таксама зніжэнню эксплуатацыйных выдаткаў на абслугоўванне такой сістэмы. У будучыні стратэгія павінна спрыяць памяншэнню фінансавай нагрузкі, якая звязана з неабходнасцю падтрымання бяспекі аб'ектаў сістэмы абыходжання з радыеактыўнымі адходамі для наступных пакаленняў.

Наш даклад пачулі і станоўча ацанілі

Рыгор Асташка паведаміў, што абарона 5-га Нацыянальнага дакладу Беларусі аб выкананні Аб'яднанай канвенцыі аб бяспецы абыходжання з адпрацаваным палівам і аб бяспецы абыходжання з радыеактыўнымі адходамі адбылася на нарадзе ў штаб-кватэры МАГАТЭ ў Вене. Тады былі прызначаны міжнародныя эксперты, якія праводзілі гэтую нараду. Іх задачай было сабраць усе пытанні і ўсю інфармацыю, якая агучвалася, аналізавалася і абмяркоўвалася, і зрабіць свае высновы. «Справаздача, што была падрыхтавана па сітуацыі ў Беларусі, мае пазітыўнае адценне», — адзначыў спецыяліст.

Ён падкрэсліў, што нацыянальны даклад Беларусі выклікаў вялікую цікавасць. На беларускай прэзентацыі прысутнічаў намеснік генеральнага дырэктара
МАГАТЭ Дзяніс Флоры. Паводле вызначанай МАГАТЭ працэдуры, у ходзе падрыхтоўкі да нарады ў прадстаўнікоў іншых краін была магчымасць у аддаленым рэжыме задаць пытанні па беларускім дакладзе, адначасова беларускія спецыялісты маглі задаваць пытанні па нацыянальных дакладах іншых краін. Усяго ў аддаленым рэжыме па беларускім дакладзе паступіла 69 пытанняў. Найбольшую цікавасць да дакумента праявілі Германія, Літва, ЗША, Украіна, Францыя і ПАР.

У прыватнасці, з боку Літвы паступіла 14 пытанняў. «Абмеркаванне ў фармаце ўзаемадзеяння Беларусь—Літва праходзіла вельмі канструктыўна, і мы таксама мелі магчымасць у ходзе дакладу Літвы задаць пытанні», — сказаў Рыгор Асташка. Увогуле, пытанні па беларускім дакладзе тычыліся заканадаўчай інфраструктуры, дзейнасці спецпрадпрыемства «Экарэс», сістэмы абыходжання з адходамі чарнобыльскага паходжання, павышэння бяспекі пунктаў захоўвання радыеактыўных адходаў у месцах дыслакацыі вайсковых часцей СССР, а таксама стратэгіі абыходжання з адходамі Беларускай АЭС. На кожны з іх былі дадзены грунтоўныя адказы. Асаблівая цікавасць была праяўлена да парадку абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам на Беларускай АЭС, у тым ліку яго магчымае вяртанне.

Сяргей КУРКАЧ.

kurkach@zvіazda.by

Даведка «Звязды»

Пяты Нацыянальны даклад быў падрыхтаваны ў 2014 годзе. Ён афіцыйна прадстаўлены ў МАГАТЭ, размешчаны на сайце гэтай арганізацыі і Дзяржатамнагляда. Даклад змяшчае пералік установак, на якіх адбываецца абыходжанне з адпрацаваным палівам і радыеактыўнымі адходамі ў Беларусі, звесткі аб дзяржаўнай палітыцы і практыцы ў гэтай сферы, заканадаўстве, выкананні рэкамендацый па выніках разгляду папярэдняга дакладу і іншую інфармацыю. У дакуменце ёсць інфармацыя аб падзеях 2012-2014 гадоў. Распрацоўшчыкам дакумента выступіў Дзяржатамнагляд у супрацоўніцтве з іншымі зацікаўленымі органамі дзяржкіравання.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.