Вы тут

Тыдзень летніх дажджоў


На паўднёвым усходзе краіны яшчэ захаваецца пажаранебяспечнае становішча.

На гэтым тыдні чакаецца няўстойлівае і цёплае надвор'е, з сярэдняй тэмпературай паветра каля нормы, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі Дзмітрый Рабаў.

Гэтымі днямі ў нас будуць гаспадарыць малаактыўныя атмасферныя франты з Заходняй і Паўночна-Заходняй Еўропы. Яшчэ сёння ўмовы надвор'я на тэрыторыі краіны будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, аднак ўдзень у заходніх раёнах пачне адчувацца ўплыў франтальных падзелаў. Таму пераважна без ападкаў, толькі ўдзень па захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Максімальная тэмпература паветра складзе 17-24 цяпла, а па паўднёвым усходзе Беларусі паветра прагрэецца да плюс 27 градусаў. Уначы на сераду на большай частцы, а ўдзень месцамі чакаюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 9-16 цяпла, удзень — плюс 17-23 градусы, а па ўсходзе краіны — 24-27 цяпла.

І надалей да канца тыдня ў Беларусі будзе гаспадарыць няўстойлівае і вільготнае паветра з боку Заходняй Еўропы. У чацвер месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымыя навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 8-15 цяпла, удзень — плюс 17 -23 градусы, па ўсходзе — 24-26 цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пятніцу і суботу месцамі таксама прагназуюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Уначы стане крыху халадней, калі тэмпература паветра чакаецца ў межах 6-13 цяпла, удзень будзе плюс 17-23 градусы, але па ўсходзе краіны ўначы прагназуецца плюс 14 -15 градусаў, а ўдзень месцамі да 24-26 цяпла.

Асобна спецыяліст адзначыў, што мінулыя дажджы значна палепшылі пажаранебяспечную сітуацыю па заходняй палове краіны, аднак на ўсходзе ўсё яшчэ захоўваецца складанае становішча. Напрыклад, у Мазырскім раёне застаецца апошні, пяты клас небяспекі. Кароткачасовыя і невялікія дажджы, якія будуць на гэтым тыдні, а таксама нераўнамернае іх размеркаванне па тэрыторыі краіны, пажаранебяспечную сітуацыю па паўднёвым усходзе краіны істотна не палепшаць, упэўнены Дзмітрый Рабаў.

Сяргей КУРКАЧ.

kurkach@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.