Вы тут

Ягадны бізнес


Пра гектары клубніц і мільёны рублёў за сезон.

Для адных лета — чаканы адпачынак, для іншых, уладальнікаў лецішчаў і агародаў, — гарачая працоўная пара. Асабліва гарачыя дзянькі чакаюць фермераў Брэстчыны, для якіх уласная гаспадарка — найлепшая крыніца даходу. Чэрвень для іх — салодкі сезон: у гэтым месяцы спеюць клубніцы. Ці вялікі сёлета ўраджай, як ідзе нарыхтоўка і наколькі прыбытковы ягадны бізнес? Па адказы мы паехалі ў самыя клубнічныя мясціны — у Лунінецкі раён.

Колькі сіл укладзеш, столькі і вырасце

Клубнічных «плантатараў» мы заўважылі яшчэ а шостай раніцы, калі пад'язджалі да Лунінца. Мясцовыя жыхары хуценька збіраюць салодкі ураджай, каб ужо ў сем-восем завезці яго на рынак (большасці ж пасля градак трэба паспець на асноўную працу). Хоць прадаць ягады можна і побач з домам: шматлікія машыны перакупшчыкаў стаяць уздоўж дарогі.

Па дарозе ў вёску Дварэц (менавіта тут вядзецца самы буйны клубнічны гандаль у краіне) спыняемся ля адной з раённых крам у Язвінках. Тут таксама прымаюць ураджай у насельніцтва. Па 2500 рублёў за кілаграм бяруць дробныя клубніцы для перапрацоўкі на пладова-ягадныя віны, па 4000 — ягады буйнейшыя (яны пойдуць на кансервы, дзіцячае харчаванне, джэмы). Кошты не самыя прывабныя, таму і здаюць няшмат (прадавец расказвае, як сама сёння зранку сабрала са свайго ўчастка два вядры і аддала праезджым скупшчыкам па 25 тысяч за кілаграм).

Набліжаемся да дварэцкага рынку. На гадзінніку — дзевяць раніцы, і гандаль у самым разгары. Падчас сезона штодзень сюды прыязджае каля 160 машын нарыхтоўшчыкаў, 150 тон ягад скупляецца за суткі. Зранку клубніцы набываюць беларусы, пасля абеду падцягваюцца расіяне. Кошт залежыць ад попыту.

— Некалькі дзён таму было мала пакупнікоў, добрыя ягады аддавалі па 7-14 тысяч за кілаграм, — успамінае старшыня Дварэцкага сельвыканкама Аляксандр ВІДНІКЕВІЧ, які вызваўся быць нашым гідам. — Сёння месцічам больш шанцуе, кілаграм ідзе ў сярэднім за 18-22 тысячы.

Прадаўцы прыбываюць адзін за адным. Толькі адчыняецца багажнік — збягаюцца скупшчыкі, тавар ацэньваюць.

— 25 тысяч за кілаграм! — называе свой кошт жанчына, якая прывезла клубніцы з вёскі Чырвоная Воля, што ў пяці кіламетрах адсюль.

Нарыхтоўшчыкі адмахваюцца: знойдзем таннейшыя. Урэшце хтосьці з аптавікоў згаджаецца забраць ягады па 23 тысячы за кіло. Пакуль клубніцы ўзважваюць (у 24 вёдрах аказалася амаль паўтара цэнтнера), размаўляем з задаволенай гаспадыняй. Сённяшні ўраджай Валянціна разам з сястрой сабрала за дзве з паловай гадзіны. Зямельны надзел, адведзены пад клубніцы, — 25 сотак. Але, па словах жанчыны, па мясцовых мерках гэта не так шмат: некаторыя і па гектары засаджваюць.

[caption id="attachment_88797" align="alignnone" width="630"] Пакупнікоў сёння шмат, таму прадаўцы выбіраюць, каму здаць клубніцы будзе больш выгадна.
Пакупнікоў сёння шмат, таму прадаўцы выбіраюць, каму здаць клубніцы будзе больш выгадна.[/caption]

— І ці шмат грошай на гэтым можна зарабіць? — цікавімся мы.

— За сёння амаль на 3,5 мільёна прадалі, — падлічвае Валянціна. — Бывае, і пяць за дзень атрымліваем. За сезон тысячы тры долараў зарабіць можна. Сакрэты ўраджайнасці? Колькі сіл укладзеш, столькі і вырасце. Саджанцы ледзь не ўвесь год даглядаеш: праполваеш, падкормліваеш. За святло шмат плацім, бо электрычная калонка стаіць, паліваем грады з 4 да 12 раніцы.

Марыя Іванаўна з вёскі Дварэц прыцягнула на веласіпедзе тры вядры.

— Важу па трошачку. Старыя багата хіба здадуць? — усміхаецца яна.

— Вялікі сёлета ўраджай?

— Ай, спёка збіла, — войкае Марыя Іванаўна. — Клубніцы ладна, а вось бульба прапала.

Транспарт лунінецкіх фермераў — асобная гісторыя. Да звычайнага веласіпеда ці матацыкла знаходлівыя месцічы прымацоўваюць палкі, дошкі, кручкі. Пасля такога «цюнінгу» за адзін рэйс удаецца завезці ў тры разы больш вёдраў. Жыхар вёскі Цна Васіль Рыгоравіч дабраўся да рынку на самаробным трактары. Змайстраваў з фанеры і пластмасавых лістоў кабіну, прыладзіў прычэп — і зручны для паклажы і кароткіх маршрутаў транспарт гатовы!

— Суседзяў завёз, — кажа стары. — Заадно і свае ягады крыху здаў. Але ў мяне клубніцы дробныя, у бочку ўзялі.

Акрамя прыватных перакупшчыкаў, якія бяруць тавар для продажу ў Мінску, Магілёве, на рынак па клубніцы прыехалі і машыны раённых спажывецкіх таварыстваў.

— Ці шмат закупілі? — пытаемся ў супрацоўнікаў Лагойскага спажыўтаварыства.

— Крыху болей за тры тоны. У планах нарыхтаваць 10 тон: дзве — на продаж, восем — на прамысловую перапрацоўку (для Чэрвеньскага і Барысаўскага заводаў). За буйныя ягады прапануем 16 тысяч за кілаграм, за малыя — пяць. Вунь насупраць бяруць па чатыры, калі і мы такі кошт установім, марна прастаім дзень, людзі не здадуць. А набываць даражэй — не акупіцца. З улікам ПДВ, гандлёвай нацэнкі, транспартных расходаў клубніцы, якія мы бяром па 16 тысяч, у краме пойдуць за 22 тысячы. Заплацім за ягады столькі, колькі прыватныя перакупшчыкі, — трэба будзе прадаваць па 30 тысяч, для насельніцтва гэта дорага.

[caption id="attachment_88796" align="alignnone" width="630"]Маленькая Лера з вёскі Цна дапамагае  бацькам збываць салодкі ўраджай. Маленькая Лера з вёскі Цна дапамагае
бацькам збываць салодкі ўраджай.[/caption]

У кааператыва Лунінецкага раёна для нарыхтоўкі ўсё гатова: і тара, і машыны. Толькі б людзі здавалі! Але прыносяць слаба. Дырэктар аптова-рознічнага аб'яднання Лунінецкага райспажыўтаварыства Ніна ВІЦЭНКА канстатуе, што сёння яны маюць толькі 24 тоны:

— Летась мы нарыхтавалі 124 тоны. А былі гады, што і па 500, і па 700 тон набывалі. Гэта толькі наша аб'яднанне, а лічбы па кааператыве яшчэ вышэйшыя атрымліваліся. У нас заключаны дагаворы аб пастаўках з Бабруйскам і Баранавічамі (там ягады ідуць на віно), з Маларытай (вытворчасць дзіцячага харчавання). Сёлета ўсе ж такі ўраджайнасць меншая. Пакупнікоў больш, чым тых клубніц. З прыватнікамі нам складана спаборнічаць. Нават за дробныя ягады, якія мы бяром для кансервавых заводаў, яны на тысячы дзве даражэй прапаноўваюць.

IMG_8979 копия

Самі прыватнікі, праўда, такому высокаму закупачнаму кошту не рады. Але машыну загрузіць трэба, таму, сціснуўшы зубы, згаджаюцца на ўмовы прадаўцоў, якія не хочуць аддаваць плады сваёй працы за бесцань.

Зямельная самазанятасць

Спецыяльны рынак у Дварцы, дарэчы, з'явіўся толькі ў гэтым годзе. Аляксандр Віднікевіч прызнаецца, што неабходнасць у ім адчувалася даўно. Пасля стыхійных пунктаў клубнічнага гандлю заставалася шмат смецця, прыбіраць якое прыезджыя аптавікі не хацелі. Але заплаціць патрэбную для навядзення парадку суму скупшчыкі былі згодны. Улады выдзелілі пад рынак кавалак зямлі і шукалі інвестара, якія б узяўся за арганізацыю. І нарэшце знайшлі. Прадпрымальнік Ігар Пракаповіч згадзіўся ўкласці ў гэты аб'ект свае сродкі. Калі пытаем яго пра акупнасць такіх інвестыцый, кажа, што гэта доўгія грошы, разлічваць на хуткі прыбытак не даводзіцца. Але аб'ект перспектыўны. Зараз непадалёк будуецца траса М-10. Калі зрабіць з яе цывілізаваны з'езд, то рынак у міжсезонне можна выкарыстоўваць як стаянку для фур.

23-28

— Вадзіцелям з доўгай дарогі патрэбен шэраг паслуг. Тут яны змогуць прыняць душ, паесці, пакінуць машыну пад вартай на ноч, — дзеліцца планамі на будучыню Ігар Іванавіч. — Ужо сёння на рынку ўстаноўлены відэанагляд, працуюць вартаўнікі. Калі зрабіць падобную стаянку якасна і сучасна, на яе будзе попыт. Гэта складана, і раённай уладзе не пад сілу, разлічваем, што ідэю падтрымаюць на абласным узроўні.

Месца для нарыхтоўшчыкаў на рынку платнае. За дзень для легкавога аўтамабіля 75 тысяч, — для «легкавушкі» з прычэпам, мікрааўтобуса і грузавога транспарту 150 тысяч. Ігар Іванавіч мяркуе, што на гандаль станоўча ўплывае любая арганізацыя:

— Пакупнікі задаволены, яны цяпер стаяць на чыстай асфальтаванай пляцоўцы. Для тых, хто здае клубніцы, ад рынку таксама ёсць плюс, бо тут — канкурэнцыя, барацьба за вытворцу, магчымасць патаргавацца. Мы ўдзячны мясцовым жыхарам, якія аказалі нам давер і пайшлі на рынак. Ведаеце, гэта працавітыя людзі, яны заслугоўваюць дапамогі.

IMG_8947 копия

Вялікай колькасці фермераў раённая ўлада толькі рада. «Гэта, у першую чаргу, самазанятасць насельніцтва, — адзначае намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір КАВАЛЕВІЧ. — А калі людзі яшчэ і зарабляюць на сваіх гаспадарках — чым дрэнна?»

IMG_8927 копия

Прыбытак ягады, сапраўды, даюць неблагі. Знаёмыя неяк расказвалі пра фермера з Драгічына (яшчэ адзін клубнічны райцэнтр), які на грошы з ураджаю пабудаваў сваёй сям'і кватэру ў Брэсце. У Лунінцы і яго ваколіцах таксама добра жывуць. Палеская глыбінка выглядае па-еўрапейску прыгожа і ўтульна. Але, думаю, любы, хто спрабаваў працаваць на зямлі, разумее, як гэта цяжка. Свая гаспадарка патрабуе шмат сіл (у тым ліку і фізічных). Давесці зямельны надзел да ладу аднаму чалавеку немагчыма. Гэта, бадай, адна з прычын, чаму лунінецкія сем'і не раз'язджаюцца (так, у Дварэцкім сельсавеце, у 13 вёсках, жыве 5,8 тысячы чалавек!). Дый навошта пакідаць зямлю, якая корміць?

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ.

lubneuskaya@zviazda.by

Мінск — Лунінецкі раён — Мінск

Дарэчы

Спецыялізацыя рэгіёна адлюстроўваецца і ў мясцовых святах. Штогод ладзіцца фестываль «Лунінецкія клубніцы» (праходзіў у мінулую суботу). Народныя ўмельцы прэзентуюць мастацкія вырабы на ягадную тэматыку, а кулінары — разнастайныя стравы з клубніц: сочыва, морсы, жэле, печыва.

 

 

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.