Вы тут

"Мне ха­це­ла­ся ўча­піц­ца за ка­ня, і хай бы ён мя­не за­біў"...


Што ў 1930-я стала прычынай антыкалгаснага руху.

У вёсцы Белева Петрыкаўскага раёна 25 лютага 1930 года жанчыны сабраліся натоўпам на вуліцы і запатрабавалі роспуску калгасаў, вяртання абагульненай маёмасці і насення. На наступны дзень узламалі замок склада з інвентаром і разабралі плугі і іншыя прылады. А 1 сакавіка калгасніцы прыйшлі да насеннага сховішча і запатрабавалі аддаць насенне. Калі ім адмовілі, сталі самі рассыпаць яго па мяхах...

[caption id="attachment_88767" align="alignnone" width="630"]Так паказвалі становішча сялянскіх гаспадарак па абодва бакі польскай мяжы. Так паказвалі становішча сялянскіх гаспадарак па абодва бакі мяжы.[/caption]

Лепш знішчыць, чым абагульніць

Падобных выпадкаў па БССР ды і ўсім Саюзе было шмат, бо краіну ахапіў харчовы крызіс. У той жа час пры цэнтральных газетах ствараліся спецыяльныя літбрыгады, якія павінны былі прапагандаваць на сваіх старонках працу ўдарнікаў і ачарняць прагульшчыкаў і лайдакоў. Аднак у большасці выпадкаў усхваленне поспехаў у калгасах было раздзьмутым. Ды і на фоне ўвядзення картачнай сістэмы на хлеб у гарадах і галоднай смерці тысяч людзей у вёсках яны выглядалі здзекліва і непраўдападобна. А тут яшчэ сялянам забаранілі прадаваць хлеб, пакуль яны не выканаюць хлебанарыхтоўчы план. Але чаканага эфекту гэта не атрымала: на базарах вёўся актыўны гандаль хлебам і мукой, а планы не былі выкананы і напалову. Квітнелі хлебныя спекуляцыі, з'явілася мноства перакупшчыкаў. Тады ўрад пайшоў на больш жорсткія меры: мясцовым органам ДПУ далі ўказанне канфіскоўваць хлеб, збожжа і муку, што прадавалі на базарах, і дармова здаваць у мясцовыя прыёмачныя пункты, якія выдавалі аб прыёме безграшовыя квітанцыі.

Усё гэта вымушала сялян ісці на крайнія меры. Многія ўласнаручна выразалі свойскую жывёлу — абы толькі не аддаваць яе ў калгас. Падпалы і іншыя дыверсіі ў калгасных гаспадарках сталі звыклай справай. У многіх раёнах, як, напрыклад, у Петрыкаўскім, узмацнілася агітацыя за распродаж жывёлы і маёмасці пад лозунгам "пі, прапівай, усё адно загоняць у калгас". Сяляне, не шкадуючы сваёй цяжкай працы, лічылі лепшым знішчыць свой набытак, чым абагульніць. Вось толькі адно роспачнае сведчанне селяніна-бедняка з Жыткавіч: "Я гараваў некалькі гадоў для таго, каб нажыць каня, здаў яго ў калгас сытым, а калі праз колькі дзён убачыў схуднелым (калі на ім вяртаўся з працы па лесавозках іншы), мне хацелася ўчапіцца за каня, і хай бы ён мяне забіў".

Кіраўніцтва краіны ніякім чынам не хацела прызнаваць немэтазгоднасць палітыкі гвалтоўнай калектывізацыі. Ва ўсіх няўдачах (а яны былі пастаяннымі, бо калгасы ствараліся без усялякага вопыту і ўцямных задач) яно вінаваціла "сабатажнікаў-кулакоў". Толькі наўрад ці тут варта было шукаць "кулацкі след". Людзі самі бачылі, да чаго вядзе жыццё ў калгасах. Таму па ўсёй краіне сталі выбухаць успышкі антыкалгаснага супраціву. Фактычна пачалася вайна сялян супраць калектывізацыі, і часам (асабліва ў хлебных раёнах) яна набывала крайне вострыя формы.

Відовішча без хлеба

[caption id="attachment_88765" align="alignnone" width="630"]Уборка бульбы ўручную ў адным з калгасаў беларускага Палесся, 1935 г. Уборка бульбы ўручную ў адным з калгасаў беларускага Палесся, 1935 г.[/caption]

Адным з буйных выступаў стаў жаночы хлебны бунт у Барысаве вясной 1932 года. Пасля абвяшчэння гарадскіх улад аб змяншэнні нормы выдачы хлеба і зняцця з цэнтралізаванага забеспячэння дзяцей рабочых і служачых 3-й катэгорыі (найменш важнай, з пункту гледжання дзяржавы) у Барысаве паўстаў стыхійны мітынг. Як сказана ў дакладной супрацоўніка ДПУ, 7 красавіка група жанчын "пры актыўным удзеле антысавецкага элемента" разграміла хлебную краму, а таксама два вазы з хлебам.

Адметна, што разам з беспартыйнымі ў беспарадках непасрэдна ці ўскосна ўдзельнічалі і многія камуністы — ды яшчэ начальнікі. Напрыклад, загадчык новабарысаўскай хлебнай крамы ЦРК N 23, член КП(б)Б Рыгор Шлома, які "спакойна назіраў за тым, як жонка яго ўдзельнічала ў раскраданні хлеба". Або старшыня Барысаўскага ЦРК Разіна, які заявіў, што "і для яго незразумела, чаму няма хлеба, бо ў цэнтральных газетах ясна сказана, што збожжавая праблема ў асноўным вырашана".

У дакладной запісцы гаворыцца і пра бяздзейнасць міліцыі ў Барысаве. Зрэшты, асобныя міліцыянеры замест таго, каб заклікаць да парадку, самі вырывалі з рук работнікаў прылаўка хлеб і перадавалі жанчынам. Напрыклад, міліцыянер Прадзед, калі яму прапанавалі не дапускаць расхоплівання хлеба, заявіў: "Я сам галодны". Другі міліцыянер (прозвішча невядомае), падышоўшы да натоўпу жанчын, заклікаў іх дзейнічаць арганізавана. Абодва былі арыштаваныя.

Каб пазбегнуць разбірання хлеба на вуліцы падчас перавозкі ў крамы, на 8 красавіка ён быў дастаўлены туды ноччу. Аднак рабочыя не выходзілі на працу і ішлі на дэманстрацыі. Хваляванні сціхлі толькі 9 красавіка, калі аднавіліся пастаўкі хлеба, а норма выдачы яго дзецям была павялічана да 200 грамаў.

"Усюды арудуюць бабы"

Пачаліся самавольныя выхады з калгасаў. Прычыны іх па ўсёй рэспубліцы былі прыкладна аднолькавыя. Вось некаторыя сведчанні.

Серадняк з калгаса "Колас Калініна" Асвейскага раёна па прозвішчы Лебедзь казаў: "Працаваў я шмат, а атрымаў мала, не далі зусім ільну, хаджу без кашулі". Калгаснік Юхневіч, серадняк: "Я вазіў для МТС цэглу і бярвенне, калгас не запісаў мне працадзён і МТС таксама нічога не дала. У нас безгаспадарчасць і шкодніцтва, на 90 коней ёсць толькі 20 камплектаў збруі, і тая парваная. Пры такіх умовах я мушу прападаць з дзецьмі з голаду". Калгасніца Марыя Казакевіч: "У той час, калі калгаснікі ў цэнтры калгаса штодня атрымліваюць 5-6 літраў малака, у мяне няма каровы, я мушу хадзіць за два кіламетры па некалькі разоў выпрошваць малако. Старшыня калгаса хаваецца, і мы яго нідзе не бачым. Рахункавод калгаса, калі ўбачыў мяне басанож восенню ў холад падчас уборкі бульбы, сказаў мне: "Усе сабакі ходзяць босыя". Пры такіх умовах я жыць у калгасе не магу".

Па стане на 1 мая 1932 года колькасць гаспадарак, якія выйшлі з калгасаў, перавысіла 25 тысяч. Распаліся ўвогуле 57 калгасаў. Прычым, як адзначаецца ў дакладной запісцы сакратара ЦК кампартыі Беларусі Гікалы, гэтыя звесткі недакладныя, насамрэч развалаў і выхадаў было больш.

З дакладной сакратара Клімавіцкага раённага камітэта партыі Крыпца першаму сакратару ЦК КП(б)Б Шаранговічу, 13.07.1932 г., зусім сакрэтна:

"На 13.07 па раёне выйшла з калгасаў <...> усяго да 2000 двароў. <...> Самы працэс распаду пачаўся перш за ўсё па вёсках, якія мяжуюцца з Шумяцкім раёнам Заходняй вобласці, дзе з калгасаў выйшла 4000 двароў, прычым па нашай мяжы не засталося ніводнага ў іх калгаса. Пры распадзе ў нас асаблівую актыўнасць праяўляе кулак, цвярдзяк і, як правіла, яны ж з'яўляюцца зачыншчыкамі разбору калгаснай маёмасці, хоць самі ў калгасах не былі. Наогул распад калгасаў і разбор маёмасці суправаджаецца антысавецкімі выступленнямі <...>, а ў в. Дудараўка Галіцкага сельсавета была дэманстрацыя з белым сцягам і са спяваннем "беларускай марсельезы"... У пераважнай большасці выпадкаў работа па падрыхтоўцы разбору маёмасці калгаснікамі канспіруецца. Па размеркаванні абагуленай маёмасці часта ствараюцца свае "пяцёркі", камітэты і г.д.; як правіла, мужчыны ўбаку ад актыўнай работы і ўсюды арудуюць бабы".

Масаваму адтоку людзей з калгасаў паспрыяў голад ва Украіне 1932 — 1933 гадоў. У дакладной запісцы сакратару ЦК кампартыі ад сакратара Капыльскага РК Шпака паведамлялася: "Вялікую агітацыю распаўсюджваюць мяшэчнікі з Украіны, якія гавораць пра голад ва Украіне. Калі ўпаўнаважаны тлумачыць, што гэта няпраўда, што гэта кулацкая агітацыя, тады калгаснікі паказваюць на ўкраінцаў, што прыехалі з Кіеўшчыны, якія працуюць на будоўлі мастоў, і на мяшэчнікаў. Наплыў украінцаў-мяшэчнікаў вельмі вялікі". Якая гэта была "кулацкая агітацыя" свет даведаўся праз многія дзесяцігоддзі, калі былі рассакрэчаны матэрыялы пра ўкраінскі галадамор...

Дзіяна СЕРАДЗЮК,
seradzyuk@zviazda.by

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ.

Ілюстрацыі прадастаўлены Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў.

Іншыя матэрыялы рубрыкі "Сам-насам"

Кулаком ты можаш і не быць…

Калгаснае будаўніцтва: выратаваць індустрыялізацыю

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.