Вы тут

Наш боль, наша памяць, наш святы абавязак...


Ушанаваць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і не дазволіць перапісаць гісторыю.

Позна ўвечары 22 чэрвеня, у 74-ю гадавіну пачатку вайны, пад Мінскам урачыста адкрылі мемарыяльны комплекс «Трасцянец». Менавіта тут дзейнічаў самы буйны на акупіраванай тэрыторыі Савецкага Саюза канцэнтрацыйны лагер. Тут абарвалася жыццё больш як 200 тысяч чалавек, сярод іх былі жыхары многіх краін Еўропы.

24-35

«Сэрца сціскаецца ад болю, калі ўяўляеш размах зверстваў і злачынстваў нацыстаў супраць чалавечнасці, — сказаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на мітынгу-рэквіеме «Вароты памяці», прысвечаным адкрыццю мемарыяльнага комплексу. — Цэлымі эшалонамі сюды звозілі людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Не толькі нашых суайчыннікаў, але і жыхароў іншых еўрапейскіх дзяржаў — Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Чэхаславакіі. Працаваў страшны канвеер смерці».

Восенню 1943 года, прадчуваючы зыход вайны, фашысты пачалі знішчаць сляды сваіх злачынстваў. Яны выкопвалі астанкі загінулых і спальвалі іх на драўляных стэлажах. Толькі за тры дні да вызвалення Мінска тут былі расстраляны, а потым спалены 6,5 тысячы вязняў.

«Ёсць раны, якія не лечыць час. Незлічоныя ахвяры Вялікай Айчыннай вайны — адна з такіх незагойных ран, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Гады фашысцкай акупацыі пакінулі глыбокі след на нашай зямлі. Спаленыя вёскі і разбураныя гарады, бесчалавечныя «фабрыкі смерці» — усё гэта было нацэлена на знішчэнне нашага народа. Ад Беларусі практычна не засталося і следу. Нельга забывацца, што на тэрыторыі краіны было амаль 250 лагераў савецкіх ваеннапалонных, 350 месц зняволення грамадзянскага насельніцтва, 186 яўрэйскіх гета».

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў: «Мы свята шануем і будзем помніць ахвяр той вайны. Таму ўзвядзенне мемарыяла ў Трасцянцы з'яўляецца для беларусаў справай гонару».

Перад архітэктарамі мемарыяла стаіць няпростая задача — увекавечыць памяць аб ахвярах фашызму, захаваць гістарычную дакладнасць і стварыць поўную карціну перажытых пакут народа. Мемарыяльная кампазіцыя павінна стаць сведчаннем страшнай трагедыі, якая разгарнулася ў цэнтры Еўропы, на беларускай зямлі. «Узвядзенне манумента «Вароты памяці» стала сапраўды агульнанародным праектам, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Адкрыты дабрачынныя рахункі, на якія паступаюць грошы ад грамадзян і арганізацый. Частка сродкаў, заробленых на рэспубліканскім суботніку, таксама была накіравана на будаўніцтва манумента».

Боль Трасцянца падзяляюць з намі грамадзяне многіх краін, на ажыццяўленне гэтага праекта актыўна пералічваюцца сродкі ад замежных мецэнатаў, а на мітынгу-рэквіеме прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і замежныя госці. «Помнік у Трасцянцы — гэта сімвал асуджэння антычалавечай палітыкі нацызму ў дачыненні да мірнага насельніцтва ўсёй Еўропы. Дэвіз «Ніхто не забыты, нішто не забыта» аб'ядноўвае ўсіх нас. Словы глыбокай удзячнасці мы гаворым тым, хто ўвасабляе ў жыццё гэты маштабны праект, хто аказваў і аказвае ўсебаковую дапамогу ў яго рэалізацыі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама адзначыў: «Няхай гэты помнік служыць збліжэнню людзей у імя ідэалаў дабра і міласэрнасці. Няхай ён нагадвае нам, нашым дзецям, нашым унукам, як важна цаніць і аберагаць мір і грамадскую згоду. І няхай ён ніколі і нікому не дазволіць забыцца на тое, да якіх жахлівых трагедый прыводзяць ідэі нацызму, нецярпімасці і імкнення навязваць сваю волю сілай зброі».

Безимени-4

«Апошнім часам мы ўсё часцей чуем: «А навошта ўсё гэта трэба, давайце пра ўсё забудземся». Пад гэтым, здавалася б, бяскрыўдным лозунгам хаваецца жахлівая рэч, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэта спроба не толькі забыцца, але і перапісаць гісторыю апошняй вайны, адабраць подзвіг нашага народа ў нас, мы гэтага не павінны забываць, мы не павінны нікому аддаць гэту Вялікую Перамогу, таму што яна сведчанне велічы савецкага народа, нашчадкамі якога з'яўляемся і мы». «Мы ў Беларусі будзем рабіць усё для таго, каб такая трагедыя ніколі не паўтарылася, а гэтыя святыні будуць нагадваць нам аб той страшнай вайне і недапушчальнасці яе паўтарэння ў сучасных умовах», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Пасля завяршэння мітынгу-рэквіема Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Ён пажадаў ім здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

Паводле БЕЛТА.

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.