Вы тут

Жыццёвыя «дробязі»


У Парэцкім сельсавеце і СВК «Хвінявічы» не дзеляць надзённыя пытанні вяскоўцаў на «свае» і «чужыя».

Тэрыторыя Парэцкага сельсавета, што на Дзятлаўшчыне, вялізная — каля 300 квадратных кіламетраў. І як жа ў такім выпадку кіраўніку мясцовай улады трымаць пад кантролем сітуацыю ў 26 населеных пунктах, вырашаючы надзённыя праблемы людзей? Старшыня сельскага Савета Аляксандр ЯДЭЙКА лічыць, што тут не патрэбна нешта звышардынарнае. Галоўнае — наладзіць стасункі і потым цесна ўзаемадзейнічаць з сельгаскааператывам ды іншымі прадпрыемствамі і арганізацыямі. Ну і, безумоўна, уцягваць у «арбіту» агульных інтарэсаў мясцовых жыхароў.

Не будзем шчыльна супрацоўнічаць з гаспадаркай — не дапаможам людзям. Так, у нас розныя фінансавыя магчымасці, але ж абавязкі агульныя, — тлумачыць мясцовую «арыфметыку» Аляксандр Ядэйка.

Гэтую прапісную ісціну ён засвоіў яшчэ працуючы ў сельгаспрадпрыемстве, і ўжо 5 гадоў кіруецца ёй на пасадзе старшыні мясцовай улады. Такой жа пазіцыі прытрымліваецца і старшыня СВК «Хвінявічы» Мікалай БУБНОЎСКІ.

[caption id="attachment_89025" align="alignnone" width="400"]Пра­яз­джа­ю­чы па тэ­ры­то­рыі сель­са­ве­та, Аляк­сандр Ядэй­ка ка­рыс­та­ец­ца ма­біль­ным тэ­ле­ф Пра­яз­джа­ю­чы па тэ­ры­то­рыі сель­са­ве­та, Аляк­сандр Ядэй­ка ка­рыс­та­ец­ца ма­біль­ным тэ­ле­фо­нам як фо­та­апа­ра­там.[/caption]

— Мікалай Анатольевіч, дзе б ні працаваў, заўсёды думае пра сацыяльную сферу. Бо разумее: калі чалавек адчувае клопат пра сябе, то і працуе добра. Вось, напрыклад, адкрылі лазню ў вёсцы Руда Яварская. Гэта не цэнтральная сядзіба сельгаскааператыва, але там знаходзіцца яго структурнае падраздзяленне. Неяк пацікавіўся ў старшыні, ці не стратная тая лазня. Ён кажа: «Стратная. Але ж яна патрэбна людзям», — распавядае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр КАМАРОЎ.

У штаце Парэцкага сельвыканкама тры работнікі, якія займаюцца добраўпарадкаваннем населеных пунктаў па адпаведным графіку. Летам — найперш абкошваннем, у тым ліку там, дзе жывуць адзінокія састарэлыя людзі. Толькі ў Агародніках, адзначае Аляксандр Ядэйка, — сёлета косяць ужо ў трэці раз, пачынаючы нават з 6 гадзін. Прычым, калі сваімі сіламі з гэтымі і іншымі жыццёвымі «дробязямі» справіцца немагчыма, то дапамагае гаспадарка. Тут не лічаць «чужой», напрыклад, работу па ўстаноўцы па просьбе вяскоўцаў крыжа на ўездзе ў вёску, дапамогу адзінокай бабулі з рамонтам калодзежа альбо навядзенне парадку на могілках. Па просьбе мясцовых жыхароў, што была выказана падчас Дня Парэцкага сельсавета, за кошт сельгаскааператыва прыбралі 14 аварыйных дрэў на могілках у вёсцы Чырвоны Бор.

Дарэчы, на тэрыторыі сельсавета ажно 17 могілак. Перадаць іх, як гэта практыкуецца ў іншых месцах, на абслугоўванне раённай жыллёва-камунальнай службы? Але такі вялізны аб'ём работ ЖКГ відавочна не па сілах. Таму ўсе могілкі замацаваны за мясцовымі арганізацыямі — дарожнымі службамі, лясгасам, а большасць — за СВК «Хвінявічы».

Разам з ДРБУ № 119 сельская ўлада займаецца падсыпкай і грэйдаваннем лясных дарог да маланаселеных пунктаў. Няхай у вёсцы цяпер пражываюць усяго некалькі чалавек, але туды павінна без праблем прыехаць аўтакрама. Альбо такая «дробязь»: паставілі папераджальныя таблічкі ў месцах, дзе забаронена купанне. Фінансавыя затраты ўзяла на сябе гаспадарка, а сельвыканкамаўская брыгада ўсё сама зрабіла.

Летась у Хвінявічах праводзіліся раённыя «Дажынкі». У аграгарадку за сродкі раённага бюджэту далі, так бы мовіць, другое жыццё ФАПу, клубу, капітальна адрамантавалі дзіцячы сад — сярэднюю школу. Сваё «плячо», зразумела, падставілі сельгаскааператыў і іншыя арганізацыі. Не засталіся ўбаку і мясцовыя жыхары — дапамагалі, чым маглі, на розных аб'ектах, наводзілі «марафет» на сваіх падворках і побач з імі. Вось так, талакой, клапаціліся аб парадку. А ў вёсцы Разважжа мясцовыя жыхары за свае грошы купілі металічную сетку і слупкі для агароджвання могілак, працавалі там на суботніках.

Праўда, такое жаданне ёсць не ва ўсіх. Нямала і такіх, хто не адчувае адказнасці не тое што перад грамадствам, але і перад уласным лёсам, сваёй сям'ёй.

[caption id="attachment_89026" align="alignnone" width="600"]Дзі­ця­чы сад — ся­рэд­няя шко­ла ў Хві­не­ві­чах. Дзі­ця­чы сад — ся­рэд­няя шко­ла ў Хві­не­ві­чах.[/caption]

— Стараемся неяк уплываць на людзей. Некаторыя, трапіўшы на пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы правапарадку, урэшце бяруцца за розум, — кажа Аляксандр Ядэйка.

— Для тых, хто хоча працаваць, ёсць работа на тэрыторыі сельсавета?

— Безумоўна — было б жаданне. Дарэчы, прыняцце дэкрэта аб «дармаедстве» многіх падштурхнула да дысцыпліны. Калі раней п'яніцу спачатку выганялі з працы, а на заўтра маглі папрасіць вярнуцца на ферму, то цяпер у таго ж сельгаспрадпрыемства ёсць выбар. Таму, калі хочаш працаваць, павінен адчуваць адказнасць за свае паводзіны.

Павучыцца такой адказнасці можна ў добрых памочнікаў сельсавета і СВК — старастаў. У той дзень, калі мы сустрэліся з Аляксандрам Ядэйкам, яны некалькі разоў тэлефанавалі яму па тых ці іншых пытаннях, каб нешта ўдакладніць. Аднойчы, расказалі мне, старасту насцярожыў візіт у вёску незнаёмцаў, якія быццам праводзілі акцыю па продажы тавару са зніжкамі. Адразу ж — званок старшыні сельскага Савета, а той паведаміў у міліцыю. Аказалася, што з гэтымі гандлярамі лепш не звязвацца...

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchik@zviazda.by

Дзятлаўскі раён.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.