Вы тут

Хто каму абавязаны, або КТГС вам у дапамогу


Камітэты тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, або КТГС — структура для Беларусі не новая. Але аб працы гэтага цалкам грамадскага ўтварэння ведаюць нямногія. Тым больш што занятак «тэрытарыяльных» актывістаў можна аднесці да руціннага вырашэння агульных гаспадарчых праблем і высвятлення ўзаемаадносін паміж суседзямі...

[caption id="attachment_89028" align="alignnone" width="600"]Стар­шыя да­моў Ма­рыя Акі­мен­ка і Свят­ла­на Ра­зен­таль ра­зам з на­чаль­ні­кам РЭУ-6 Ва­сі­лём Ня­ўмо­вен­кам. Стар­шыя да­моў Ма­рыя Акі­мен­ка і Свят­ла­на Ра­зен­таль ра­зам з на­чаль­ні­кам РЭУ-6 Ва­сі­лём Ня­ўмо­вен­кам.[/caption]

Намеснік дырэктара жыллёвага рамонтна-эксплуатацыйнага ўнітарнага прадпрыемства «Савецкае» Вольга Ткачова расказвае, што на іх тэрыторыі ў Гомелі створана 12 такіх камітэтаў. А курыруюць іх работу гарсавет і адпаведныя раённыя адміністрацыі.

— Вось толькі адзін прыклад. На тэрыторыі РЭУ-14 пры правядзенні капітальнага рамонту менавіта па ініцыятыве камітэта грамадскага самакіравання была павялічана колькасць месцаў для паркоўкі. Актывісты не атрымліваюць грошай за сваю грамадскую работу. Гэта людзі, якім неабыякавы лёс свайго горада, раёна, пад'езда, дома.

Каб з такімі людзьмі сустрэцца і пазнаёміцца бліжэй, Вольга Віктараўна раіць звярнуцца ў РЭУ-6. Яго тэрыторыя цяпер — зусім не ўскраіна горада, а вось паўстагоддзя таму горад над Сожам тут заканчваўся. Тады «на Фестывалі» (так спачатку называлі гэты раён) актыўна будавалі шматлікія аднолькавыя «хрушчоўкі», якія ў наш час прайшлі або чакаюць капітальнага рамонту.

Цяпер у раёне ёсць і новыя дамы, ёсць і прыватны сектар. Начальнік РЭУ-6 Васіль Няўмовенка расказвае, што пад яго наглядам 33 дамы дзяржаўнай уласнасці і 420 — у прыватным сектары. Такім чынам, клопатаў хапае з лішкам: ад крана, які працякае і забітай падчас дажджу «ліўнёўкі» да суседа, што іншым жыць не дае. Усё як ва ўсіх. Між тым галоўнае, падкрэслівае Васіль Іванавіч, дамаўляцца і ўсе праблемы вырашаць разам. І КТГС у гэтым першы памочнік.

— Старшы па дому, як і актывіст КТГС, — абсалютна грамадская пасада, — тлумачыць Святлана Разенталь, якая «прадстаўляе» дом №29 па Рэчыцкім праспекце.

У гэтай якасці жанчына паспяхова перажыла капітальны рамонт свайго дома, сачыла за выкананнем усіх будаўнічых работ. Яна лічыць, што самае галоўнае — быць неабыякавым. У першую чаргу да тых, хто жыве побач. Святлана Міхайлаўна расказвае пра старую суседку, якую нядаўна прыйшлося ўладкоўваць у псіханеўралагічны дыспансер:

— Мы ж усе ведаем, калі ў яе пачынаюцца праблемы. Яна небяспечная ў першую чаргу для сябе самой — можа адкрыць газ або ваду, як ужо было не раз.

Гэта толькі адна з сітуацый тэрміновага рэагавання грамадскасці. Іншыя тычацца, напрыклад, добраўпарадкавання. На дзіцячай пляцоўцы па просьбе Марыі Акіменкі пасадзілі дзевяць дрэўцаў. Жанчына — старшая па дому № 23, што па Рэчыцкім праспекце, ужо на працягу 40 гадоў. Сама настойліва турбуе адказных асоб, каб хутчэй вырашалі тую ці іншую праблему.

— Ёсць шмат пытанняў, якія жыхары могуць вырашыць без прыцягнення спецыялістаў РЭУ, — выказвае сваю думку Святлана Разенталь. — Напрыклад, у адным з пад'ездаў нашага дома тырчаў кабель. Я выклікала спецыялістаў адпаведнай арганізацыі і папрасіла яго замацаваць. І ніякіх праблем ужо няма.

Насамрэч жыллёва-камунальныя праблемы ёсць заўсёды. Вось і мае суразмоўцы пасля нашай размовы запрашаюць начальніка РЭУ паглядзець, дзе што яшчэ трэба ўдасканаліць. Ён жа кажа, што дзякуючы вось такім людзям рухаюцца з месца справы, якія раней здаваліся невырашальнымі. Васіль Іванавіч на памяць згадвае адрасы, прозвішчы і акалічнасці.

— У адным з двароў у нас стаялі столік і лаўка. Вакол іх разгарэліся сапраўдныя спрэчкі. Адны казалі — трэба прыняць, каб там моладзь не сядзела па начах. Іншыя, наадварот, лічылі, што пакінуць трэба і добраўпарадкаваць. Мы вырашылі правесці апытанне грамадзян. Урэшце, згодна з большасцю пажаданняў, замест старых зрабілі і ўсталявалі новыя столік і лаўку. Цяпер самі людзі сочаць, каб там быў парадак. Самыя неабыякавыя звычайна агучваюць ініцыятывы «знізу».  Напрыклад, Рыгор Цюлькоў пераканаў кіраўніцтва ЖРЭУП пакінуць у дварах прылады для выбівання дываноў і сушкі бялізны — іх збіраліся зразаць пасля добраўпарадкавання тэрыторыі. Уладзімір Ашыхмін дапамог правесці асфальтаванне дваровай тэрыторыі. Дзякуючы настойлівасці Валерыя Дымшакова ў доме №43 па Рэчыцкім праспекце зрабілі цыркуляцыю гарачага водазабеспячэння — цяпер жыхарам не прыходзіцца доўга зліваць ваду, каб дачакацца гарачай. Па ініцыятыве Аляксандра Антушэвіча адрамантавалі ліўнёвую каналізацыю ў пад'ездзе дома №33 на праспекце Рэчыцкім. Людзям абавязкова трэба давяраць і з імі трэба раіцца.

Акрамя таго, грамадскія камітэты пры РЭУ-6 у Савецкім раёне Гомеля выконваюць функцыі назіральных камісій. Калі трэба абследаваць тую ці іншую кватэру, актывісты разам з участковым ідуць у праблемную сям'ю і высвятляюць, як ёй можна дапамагчы.

Васіль Іванавіч расказвае, што ў адной з маласямеек на тэрыторыі РЭУ жыве інвалід без ног.

— Мы аднойчы прыйшлі да яго, бачым — у памяшканні брудна... Даведаліся, што ў інваліда ёсць жонка. Мы яе запрасілі сюды, пагутарылі. Разам вырашылі, што ў кватэры трэба навесці парадак. Калі прыйшлі праз тры тыдні і праверылі — усё было зроблена... Або з вуліцы Брэсцкай па дапамогу звярнулася маці. Кажа, дачка паводзіць сябе непрыстойна. Разам з участковым ужо працавалі, а потым маці напісала нам удзячнасць за тое, што дачка перастала піць. Ёсць у нас адзін «кандыдат» на адсяленне. Чалавек мае юрыдычную адукацыю, але не працуе, не плаціць за кватэру. Сваё жыллё ён ператварыў у прытон. Газ і святло яму адключылі. Цяпер думаем, як з ім быць далей, бо ў кватэры, акрамя яго, зарэгістраваны сваякі, якія таксама з'яўляюцца наймальнікамі жылля.

Усе драмы чалавечыя ў Васіля Іванавіча — як на далоні. Пра парадоксы жыцця сямейнага, якія становяцца вядомымі пасля ўмяшання суседзяў, начальнік РЭУ можа расказваць бясконца. Напрыклад, у адной з кватэр ляжала хворая, нікому не патрэбная бабуля. Наведваў яе толькі сацыяльны работнік. Актывісты КТГС пабывалі ў яе кватэры, а потым знайшлі сваякоў. Высветлілася, што бабуля сама іх некалі выгнала і не хацела мець ніякіх стасункаў.

Намеснік дырэктара ўнітарнага прадпрыемства «Савецкае» Вольга Ткачова гаворыць, што актывісты КТГС — сапраўдныя памочнікі ўлады на месцах:

— Яны часта хутчэй могуць вырашыць канфлікт паміж суседзямі, чым праваахоўнікі. Сёлета пры іх актыўным ўдзеле правялі два суботнікі па навядзенні парадку і азеляненні. Гэта яны фарбуюць лаўкі, садзяць кветкі. У нас пад'езды ў шматпавярховіках перададзены на грамадскую захаванасць. І цяпер людзі пільна сочаць, каб у іх не ламалі дамафоны і ліфты.

— Я лічу, што рух павінен быць у абодвух напрамках, — агучвае пазіцыю актывістаў КГТС Святлана Разенталь. — Не тое, што «я плачу падаткі, вы атрымліваеце заробак, таму вы мне абавязаны ўсё зрабіць». Калі кожны з нас будзе нераўнадушным да навакольных, калі будзе ахвяраваць частку часу і сіл на грамадскія справы, усім будзе лягчэй.

astashkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.