Вы тут

Двор — сваімі рукамі


У Магілёве дэпутаты пазнаёміліся з працай органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.

Тое, што ў двары дома па вуліцы Арлоўскага свята, адчувалася здалёк. Ногі самі неслі на гукі музыкі і спеваў. Сімпатычны, утульны дворык быў цалкам запоўнены людзьмі.

Дзятва навыперадкі бегала паміж драўлянымі жырафамі і драконамі, майстрыхі рознага ўзросту дэманстравалі майстар-класы па рукадзеллі, а самадзейныя артысты выбівалі абцасамі дробат. Якая нагода? Ды свята двара!

Мы прывыклі скардзіцца на розныя недахопы, шукаем нешта, да чаго б яшчэ прычапіцца, лічым, што тую прыгажосць, якая існуе вось у гэтым асобна ўзятым дворыку, нам павінны ствараць камунальнікі і мясцовыя ўлады. Прыемна, што ёсць і іншыя прыклады. І ўдзельнікі выязнога пасяджэння прэзідыума Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў змаглі ў гэтым пераканацца асабіста. Цікавасць да тэмы праявілі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі і старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў. Не засталіся ўбаку і прадстаўнікі маладзёжнага парламента.

Вопытам сумеснай працы падзяліліся камунальнікі Ленінскага ЖРЭУ і энтузіясты саветаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання №6 і №13, што ў мікрараёнах Спадарожнік і Мір-2. Яны наглядна прадэманстравалі, што пры жаданні шэраг праблем можна вырашаць і без дапамогі ўлад. Ды і вынік атрымліваецца больш якасны. Тое, што зроблена сваімі рукамі і ад шчырага сэрца, потым не будзе ламацца і знішчацца.

Ініцыятары жыць неабыякава прадэманстравалі яшчэ і свае поспехі ў спартакіядзе, а таксама падрыхтавалі выставу. Удзельнікі выязнога прэзідыума былі ад убачанага пад уражаннем. Зразумела, прыемным.

— Ні для каго не сакрэт, што мясцовае самакіраванне з'яўляецца найважнейшай формай народаўладдзя, — адзначыў старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Анатоль Ісачанка. — Яно найбольш набліжана да насельніцтва і дазваляе вырашаць пытанні мясцовага значэння з улікам канкрэтных умоў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.