Вы тут

Пра дапамогу на дзяцей і не толькі


Якія новыя віды сямейнай дапамогі з'явіліся ў гэтым годзе? На якую падтрымку ад дзяржавы ўвогуле могуць разлічваць сем'і? Хто можа атрымаць сямейны капітал? Як можна будзе яго выкарыстаць?

На гэтыя і іншыя вашы пытанні адказаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Аляксеевіч Румак падчас прамой лініі «Сацыяльная падтрымка сям'і», якая прайшла ў рэдакцыі «Звязды». Сёння мы публікуем самыя цікавыя і актуальныя пытанні і адказы на іх.

Безимени-2

— Мяне завуць Байко Аксана Іванаўна. Я жыву ў Брэсцкай вобласці, Пінскім раёне. У нас з мужам трое дзяцей. Муж працаваў у будаўнічым упраўленні ў Мінску вахтавым спосабам. Ён звольніўся, бо яго не задавальняла зарплата. Разлік фірма яму не дае: папрасілі тыдзень пачакаць. Але тыдзень ужо прайшоў. Я ўчора патэлефанавала туды і зразумела, што грошай не будзе. Мне ўвогуле адказалі: «Звяртайцеся, куды хочаце...»

— Аксана Іванаўна, гэтым пытаннем займаецца Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы. Для спагнання канчатковага разліку пры звальненні ваш муж можа звярнуцца ў Мінскае гарадское ўпраўленне Дэпартамента па адрасе: г. Мінск, вул. Кісялёва, 4, па месцы знаходжання арганізацыі, з пісьмовым зваротам. Там павінны разабрацца з гэтым пытаннем.

Таксама ваш муж мае права звярнуцца на працягу 3 месяцаў з моманту звальнення ў суд па месцы знаходжання арганізацыі для спагнання ўсіх выплат і сярэдняга заробку за затрымку разліку пры звальненні.

***

— Добры дзень! Вам тэлефануе Наталля Францаўна Кавязо з Астраўца. Мы — шматдзетная сям'я, у нас чацвёра дзетак. Мы стаім на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Ці можам мы скарыстацца сямейным капіталам, пакуль нам не далі крэдыт?

— Наталля Францаўна, пакуль што вы не можаце выкарыстаць сродкі сямейнага капіталу. Заканадаўства гаворыць, што гэтымі грашыма можна будзе скарыстацца на будаўніцтва толькі па заканчэнні 18 гадоў з даты нараджэння вашага малодшага дзіцяці.

— Зразумела.

— Скажыце, а вы ўжо аформілі дакументы на яго?

— Так. І цяпер з нецярпеннем чакаем, калі грошы паступяць на рахунак.

— Калі вы ўжо адкрылі рахунак, грошы абавязкова будуць на яго налічаны.

***

— Мяне завуць Полазава Алена, тэлефаную вам з Полацка. Чула, што ў гэтым годзе з'явіўся новы від дапамогі на дзяцей. Раскажыце пра гэта, калі ласка.

— Сапраўды, з 1 студзеня гэтага года ўказам кіраўніка дзяржавы № 572 у нашай краіне ўведзены новы від дапамогі сем'ям на дзяцей. Новая дапамога тычыцца тых сем'яў, у якіх выхоўваецца дзіця да трох гадоў і маюцца яшчэ дзеці, якім не споўнілася 18 гадоў. Яе памер складае 50% бюджэту пражытачнага мінімуму незалежна ад колькасці дзяцей, што выхоўваюцца ў сям'і. Сёння гэта 737 400 рублёў.

Хачу адзначыць, Алена, што права на атрыманне гэтай дапамогі не залежыць ад даты нараджэння дзіцяці — да 1 студзеня 2015 або пасля. Калі яно нарадзілася да 1 студзеня 2015 года, то новая дапамога прызначаецца з 1 студзеня. Калі дзіця нарадзілася ўжо ў гэтым годзе, яна будзе прызначана з даты яго нараджэння.

Звяртацца па прызначэнне новай дапамогі варта па месцы атрымання дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.

І яшчэ адзін вельмі важны момант — не забывайцеся на тэрміны звароту па прызначэнне дапамогі. Аналагічна іншым дапамогам на дзяцей, для звароту па яе прызначэнне ўстаноўлены 6-месячны тэрмін з дня ўзнікнення права на яе. Так што калі дзіця нарадзілася да 1 студзеня 2015 года, то звярнуцца па прызначэнне дапамогі трэба не пазней за 30 чэрвеня 2015 года.

***

— Добры дзень! Гэта Талабчук Ганна Рыгораўна са Слуцка вас турбуе. У мяне такое пытанне: як можна будзе выкарыстаць сямейны капітал?

— Ганна Рыгораўна, як будуць выкарыстоўвацца сродкі сямейнага капіталу, залежыць ад рашэння сям'і. Каб максімальна ўлічыць інтарэсы ўсіх яе членаў, прадугледжаны шырокі пералік напрамкаў іх выкарыстання:

* паляпшэнне жыллёвых умоў (будаўніцтва ці набыццё жылля, капітальны рамонт і рэканструкцыя, пагашэнне пазыкі, запазычанасці па крэдыце, выдадзеным на будаўніцтва (рэканструкцыю) жылля і выплата працэнтаў па ім);

* атрыманне адукацыі;

* атрыманне паслуг у сферы аховы здароўя;

* атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання;

* фарміраванне назапашвальнай (дадатковай) пенсіі маці (мачахі) у поўнай сям'і альбо маці (бацькі) у няпоўнай сям'і.

Пры гэтым сродкі сямейнага капіталу могуць размяркоўвацца на адзін або некалькі кірункаў адначасова, у поўным аб'ёме або па частках.

Але хачу адзначыць, што выкарыстоўваць сродкі сямейнага капіталу можна па заканчэнні 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем (усынаўленнем, удачарэннем) якога сям'я набыла права на капітал. У асобных выпадках выкарыстаць капітал можна і датэрмінова, прычым незалежна ад перыяду часу, які прайшоў з даты яго прызначэння, — на атрыманне членам сям'і платных медыцынскіх паслуг. Для гэтага патрэбна заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя аб неабходнасці атрымання членам або членамі сям'і такіх паслуг.

***

— Мяне завуць Ірына Аляксандраўна, я тэлефаную вам з Мінска. У нас у сям'і двое непаўналетніх дзетак, аднаму яшчэ няма трох гадоў. Я хацела б даведацца, ці можа мой муж пайсці ў дэкрэтны адпачынак і дзе ён будзе атрымліваць дапамогу?

— Ваш муж зараз працуе?

— Так.

— Працоўным кодэксам прадастаўляецца права працуючаму бацьку на адпачынак па доглядзе дзіцяці, калі маці выходзіць на працу або атрымлівае адукацыю ў дзённай форме навучання альбо ажыццяўляе іншыя віды дзейнасці, напрыклад, з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, рамеснікам.

Так што калі вы працуеце, то ваш муж можа пайсці ў дэкрэтны адпачынак. Дапамогу па доглядзе дзіцяці ён будзе атрымліваць па месцы сваёй працы. Але спачатку вам неабходна падаць па месцы атрымання дапамогі заяву аб спыненні яе выплаты і атрымаць даведку аб памеры дапамогі на дзяцей і перыядзе яе выплаты.

***

— Мяне завуць Шэлег Ларыса Іванаўна, я вам з Наваполацка тэлефаную. Чула, што сродкі сямейнага капіталу можна накіраваць на дадатковую пенсію для маці. Раскажыце падрабязней пра гэта і як яе можна аформіць.

— Спачатку, Ларыса Іванаўна, хачу адзначыць, што адной з умоў прадастаўлення сямейнага капіталу з'яўляецца нараджэнне, усынаўленне (удачарэнне) трэцяга ці наступнага дзіцяці ў перыяд з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года. І распараджацца сродкамі сямейнага капіталу вы зможаце па заканчэнні 18 гадоў з даты нараджэння, усынаўлення (удачарэння) дзіцяці, у сувязі з нараджэннем, усынаўленнем (удачарэннем) якога сям'я атрымала права на прызначэнне сямейнага капіталу.

Для накіравання сродкаў сямейнага капіталу на назапашвальную (дадатковую) пенсію вам трэба будзе звярнуцца ў Беларусбанк з заявай аб выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу на фарміраванне назапашвальнай (дадатковай) пенсіі. Пасля гэтага Беларусбанк пералічыць грошы на спецыяльны рахунак фонду, адкрыты ў банку. Гэтыя сродкі фондам будуць размяшчацца ў банку, упаўнаважаным абслугоўваць дзяржаўныя праграмы, з мэтай налічэння на іх прыбытку.

Скарыстацца назапашвальнай (дадатковай) пенсіяй можна будзе, пачынаючы з месяца, наступнага за месяцам дасягнення вамі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Назапашвальная пенсія будзе выплачвацца ў памеры бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, дзеючага ў месяцы, за які яна выплачваецца. Калі сродкаў на выплату пенсіі ў такім памеры недастаткова, яна выплачваецца ў памеры астатку сродкаў вашага індывідуальнага асабовага рахунку.

— Скажыце, а калі мне споўніцца 55 гадоў раней, чым майму дзіцяці 18, я змагу атрымліваць дадатковую пенсію са сродкаў сямейнага капіталу?

—  Трэба ўлічваць сказанае вышэй: распараджацца сродкамі сямейнага капіталу можна тады, калі трэцяму ці наступнаму дзіцяці, народжанаму ў перыяд з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года, у сувязі з нараджэннем якога сям'я атрымала права на прызначэнне сямейнага капіталу, споўнілася 18 гадоў.

***

— Лашч Людміла Уладзіміраўна з вёскі Пласок Любанскага раёна вас турбуе. У нас дачка — інвалід, ёй 4 гады. Я хацела б даведацца, дзе я магу ўзяць бясплатны білет на аўтобус, каб завезці сваю дачку-інваліда ў Бараўляны?

— У касе на вакзале — пры прад'яўленні пасведчання аб інваліднасці. Дзіця-інвалід і асоба, якая суправаджае яго, маюць права на бясплатны праезд на чыгуначным, водным і аўтамабільным пасажырскім транспарце агульнага карыстання рэгулярных прыгарадных зносін (акрамя таксі). Пры суправаджэнні дзіцяці-інваліда ў вас таксама ёсць права на бясплатны праезд ва ўсіх відах гарадскога пасажырскага транспарту (акрамя таксі), прычым незалежна ад месца жыхарства.

***

— Добры дзень! Гэта Антон Лойка, я з Мінска. Скажыце, калі ў сям'і маці паехала працаваць у Расію, ці можа бацька, які пражывае ў Беларусі, аформіць водпуск па доглядзе дзіцяці да трох гадоў? І ці мае ён права на дапамогу па доглядзе дзіцяці?

— Бацька можа аформіць водпуск па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, але толькі ў выпадку, калі маці працуе на тэрыторыі Беларусі. Гэтага патрабуе наша заканадаўства.

***

— Мяне завуць Хамячова Алена Анатольеўна, г. Мінск. У мяне такое пытанне: ці ўключаецца час знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці ў стаж працы для прысваення кваліфікацыйнай катэгорыі інжынеру?

— Алена Анатольеўна, давайце з самага пачатку: водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў уключаецца ў стаж працы, а таксама ў стаж працы па спецыяльнасці, прафесіі, пасадзе ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Што ж тычыцца прысваення спецыялісту кваліфікацыйных катэгорый па займаемых ім пасадах, то яно праводзіцца ў парадку, які вызначаецца калектыўным дагаворам, пагадненнем або наймальнікам у адпаведнасці з кваліфікацыйнымі характарыстыкамі пасад спецыялістаў, прадугледжанымі Адзіным кваліфікацыйным даведнікам пасад служачых, з улікам рэкамендацый атэстацыйнай камісіі.

Пры гэтым заканадаўства аб працы не прадугледжвае ўключэння ў стаж працы для прысваення кваліфікацыйнай катэгорыі перыяду знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў.

Але спецыялісту, які не мае неабходнага стажу працы, прадугледжанага кваліфікацыйнай характарыстыкай адпаведнай пасады, наймальнік можа прысвоіць кваліфікацыйную катэгорыю ў парадку выключэння з улікам рэкамендацый атэстацыйнай камісіі пры ўмове наяўнасці ў гэтага спецыяліста ступені магістра па адпаведнай спецыяльнасці (кваліфікацыі), вопыту работы па адпаведным напрамку дзейнасці, у тым ліку на кіруючых пасадах. Прысвоеная ва ўказаным парадку кваліфікацыйная катэгорыя можа быць як наступнай, так і пазачарговай.

***

— Добры дзень! З Маладзечна тэлефануюць. Мяне завуць Вольга Міхайлаўна, і ў мяне да вас такое пытанне: скажыце, у якіх выпадках сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны датэрмінова?

— Так, такія выпадкі прадугледжаны пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 6 сакавіка 2015 года № 24, у адпаведнасці з якой сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны датэрмінова (у поўным аб'ёме або па частках) незалежна ад перыяду часу, які прайшоў з даты прызначэння сямейнага капіталу, на атрыманне членам (членамі) сям'і платных медыцынскіх паслуг, што аказваюцца арганізацыямі аховы здароўя, у парадку і па пераліку, што вызначаюцца Міністэрствам аховы здароўя.

У выпадку, калі пасля прыняцця рашэння аб датэрміновым выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу яны не былі ўжыты або ўжыты не ў поўным аб'ёме, права выкарыстаць іх будзе прадастаўлена пасля дасягнення дзіцем 18 гадоў.

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

Пра тату ў дэкрэце

Сёння ў Беларусі ў водпуску па доглядзе дзіцяці знаходзіцца каля 2,7 тысячы мужчын.
Гэта ўсяго каля 1% ад агульнай колькасці тых, хто знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску.

Між тым, у Еўропе тата ў дэкрэце — зусім не навіна. Еўрапейскім мужчынам няньчыць маленькае дзіця не сорамна: галоўнае, каб пры гэтым былі захаваны даходы і зменшаны выдаткі. Першай краінай, якая заканадаўча замацавала права мужчын на водпуск па доглядзе дзіцяці, стала Нарвегія: з пачатку 90-х гадоў там прадастаўляецца дэкрэтны водпуск не толькі мамам, але і татам.

У Германіі ўрад заахвочвае тат нароўні з мамамі сыходзіць у дэкрэт, гарантуючы грашовую дапамогу і захоўваючы за бацькам дзіцяці яго працоўнае месца. А шведскі тата наогул абавязаны па законе хаця б месяц пасядзець дома са сваім малым. Нешта падобнае ёсць і ў Японіі. Японскія ўлады адпраўляюць мужчын-бацькоў, якія працуюць у муніцыпальных установах, у прымусовы 40-дзённы водпуск па доглядзе дзіцяці.

У нашай краіне згодна з Працоўным кодэксам водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім трох гадоў можа прадастаўляцца не толькі жанчыне, але і працуючаму бацьку або іншым сваякам дзіцяці, якія фактычна ажыццяўляюць догляд яго, з выплатай штомесячнай дзяржаўнай дапамогі. Але, як бачым, беларускія мужчыны карыстаюцца такой магчымасцю вельмі рэдка.

Чым можа быць карысны дэкрэтны водпуск таты? Мы ўжо прыводзілі ў «Звяздзе» словы намесніка старшыні Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі Алены Касько пра тое, што мужчыны, залучаныя ў актыўнае бацькоўства, практыкуюць менш рызыкоўныя паводзіны і, адпаведна, радзей гінуць у працаздольным узросце ад знешніх прычын. Акрамя таго, па яе словах, вопыт скандынаўскіх краін, дзе значна большы працэнт мужчын бяруць водпуск па доглядзе дзіцяці, паказвае, што мужчыны пры гэтым становяцца больш мяккімі і гуманнымі, а давер грамадства да іх павышаецца.

Псіхолагі, са свайго боку, кажуць, што татава выхаванне вельмі карысна для дзіцяці, бо з'яўляецца больш роўным. Мужчыны адрозніваюцца псіхаэмацыянальнай стабільнасцю, яны не пакутуюць ад рэзкіх перападаў настрою і пасляродавай дэпрэсіі. Дзеці, выхаваннем якіх займаўся бацька, мысляць больш рацыянальна і лагічна, чым іх аднагодкі, якіх выхоўвала ў асноўным маці.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.