Вы тут

Упершыню ў краіне будаўнічую спецыяльнасць атрымалі пастаяльцы псіханеўралагічнай установы


Дзякуючы сумеснаму праекту Мураванскага дома-інтэрната для псіханеўралагічных хворых, Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, ГрДУ імя Янкі Купалы і Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 дзевяць маладых людзей прайшлі трохмесячнае навучанне і атрымалі пасведчанне аб прысваенні кваліфікацыі дзяржаўнага ўзору.

24-40

Давайце паспрабуем!

— Аднойчы кіраўнік Мураванскага дома-інтэрната Тарэса ЖУКОЎСКАЯ прапанавала: «Давайце навучым нашых хлопцаў будаўнічым спецыяльнасцям, дапаможам ім адаптавацца да самастойнага жыцця». Мы, зразумела, пагадзіліся, — кажа дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў №1 Алена ЖАЛЕЗНЯКОВІЧ.

У ліцэі ўжо маюць вопыт навучання дзяцей ва ўзросце ад 15 да 16 гадоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Падлеткі практыкуюцца на будоўлях, атрымліваюць спецыяльнасць і потым працаўладкоўваюцца. Больш за тое, яшчэ на працягу двух гадоў у ліцэі сочаць, як праходзіць іх адаптацыя ў працоўных калектывах. Для такой катэгорыі ёсць абмежаванне па працы на вышыні, але ўвогуле патрабаванні да іх нічым не адрозніваюцца. Выконваюць, напрыклад, тую ж норму тынкавання і пафарбоўкі, як і іншыя.

— Мы можам паказаць некалькі аб'ектаў, дзе працавалі групы маладых спецыялістаў з псіхафізічнымі асаблівасцямі. Усё зроблена цудоўна! — ганарыцца сваімі выхаванцамі Алена Жалезняковіч.

Аднак упершыню яны ўзяліся вучыць не дзяцей, а ужо дарослых людзей, якія з'яўляюцца пастаяльцамі інтэрната. Штодня яны прыязджалі ў ліцэй на васьмігадзінныя заняткі. Навучанне праходзіла ў два этапы — тэорыя і практыка. Першыя навыкі тынкавальных і малярных работ гэтая група атрымала ў майстэрнях ліцэя. А «дыпломнай работай» стаў рамонт калідора і жылых пакояў на адным з паверхаў Мураванскага дома-інтэрната.

— Нават не верыцца, што за даволі кароткі час яны выканалі такі аб'ём работ, прычым з выдатнай якасцю! — сказала Алена Жалезняковіч, уручаючы прафесійныя дакументы «наваспечаным» тынкоўшчыкам і малярам.

Гэта быў... станоўчы шок

У Мураванскі дом-інтэрнат мы прыехалі разам з прафесарам кафедры медыцынскай псіхалогіі і псіхатэрапіі Гродзенскага дзяржаўнага мед-
універсітэта, доктарам медыцынскіх навук Аленай КАРАЛЁВАЙ
і намеснікам дэкана медыка-псіхалагічнага факультэта Віктарам ВАРАНЦОМ. Яны там ужо не проста госці, а партнёры, сябры. І не толькі яны, але і многія студэнты медуніверсітэта, якія ўдзельнічаюць у праекце «Мураванка» па паляпшэнні сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі хворых псіханеўралагічнага профілю.

Што тычыцца навучання «мураванцаў» будаўнічым спецыяльнасцям, то задача Алены Каралёвай была ў тым, каб вызначыць людзей, у якіх ёсць адпаведная матывацыя, і дапамагчы гэтае жаданне развіць. Каб яны хацелі жыць лепш, каб ім было цікава. Нават Алена Рыгораўна, прафесіянал у псіхатэрапеўтычнай сферы, спачатку да гэтага ставілася даволі насцярожана. Што граху таіць — у масавай свядомасці ўстановы такога профілю асацыіруюцца з прыстанішчам разумова непаўнацэнных пацыентаў у бальнічных піжамах, дзе толькі ложкі, харчаванне ды медыцынскія паслугі. Здавалася б, на што здатны такія людзі?

— Калі я ўпершыню прыехала ў Мураванку, то ў мяне ў пэўным сэнсе быў шок — у станоўчым плане. Я ўбачыла дагледжаны будынак, утульныя пакоі з кветкамі, акуратна апранутых не ў аднолькавае, а ў сваё адзенне людзей. Мне паказалі працоўныя майстэрні і цудоўныя вырабы, зробленыя рукамі пацыентаў: вязанне, вышыўка, кубкі з... газетнай паперы, карціны... Потым была ўражана канцэртамі і спектаклямі ў іх выкананні. А як яны даглядаюць тэрыторыю каля інтэрната, свой сад! Цяпер я ўжо проста душой прыкіпела да гэтага дома, — дзеліцца Алена Каралёва.

24-41

На паверсе, дзе свой першы ў жыцці прафесійны экзамен здавала брыгада тутэйшых будаўнікоў, завяршаліся рамонтныя работы. Усе ідэі былі ад іх саміх — і па дызайне, і па каляровых рашэннях. Стараліся зрабіць так, каб кожны пакой быў адметны, адрозніваўся ад іншых.

— Я рады, што навучыўся будаўнічай спецыяльнасці, — кажа Сяргей Лапаткін.

Вельмі падабаецца яна і Івану Сяўко. Дарэчы, ён з задавальненнем даглядае сад, дзе атрымліваюць някепскі ўраджай яблыкаў, а таксама агарод, які часткова забяспечвае інтэрнат бульбай, цыбуляй, капустай і буракамі.

Урокі жыцця

— Нашы студэнты-валанцёры спачатку з трывогай пераступалі парог гэтай установы. Але ад'язджалі з вялізным жаданнем зноў сюды вярнуцца. Цяпер ужо больш за 100 ахвотных прыехаць у гэты інтэрнат, каб нечым дапамагчы яго пацыентам, нават не можам адразу ўсіх узяць, — гаворыць Віктар Варанец.

Супрацоўніцтва медуніверсітэта з Мураванскім домам-інтэрнатам доўжыцца два гады. Ужо як сябры прыязджаюць туды і студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы, якія навучаюцца на спецыялістаў па сацыяльнай рабоце. Прычым задача не толькі ў тым, каб будучыя медыкі і сацыяльныя работнікі атрымалі прафесійныя навыкі па доглядзе псіханеўралагічных хворых. Не менш важна, што наладжаны чалавечыя стасункі — дзякуючы сумесным святам, канцэртам, спартыўным спаборніцтвам, суботнікам па навядзенні парадку і азеляненні тэрыторыі інтэрната.

— Гэта для студэнтаў не толькі прафесійная практыка, але і ўрокі жыцця, — лічыць Віктар Варанец.

Дарэчы, сваё супрацоўніцтва з домам-інтэрнатам у медуніверсітэце не збіраюцца абмяжоўваць нейкімі часовымі рамкамі сацыяльнага праекта «Мураванка». Верыцца, што гэтае партнёрства надоўга, з новымі ініцыятывамі і карыснымі справамі.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchik@zviazda.by

Гродзенскі р-н

 

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.