Вы тут

Аперацыя «мадэрнізацыя»


У нас распрацоўваюць пажарную тэхніку, аналагаў якой няма на постсавецкай прасторы.

На рэспубліканскай нарадзе органаў кіравання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны прэм'ер-міністру Беларусі Андрэю Кабякову былі прадэманстраваны сучасныя пажарныя аўтамабілі. А якая ўвогуле сітуацыя мадэрнізацыяй як тэхнікі, так і абмундзіравання ратаўнікоў?

[caption id="attachment_89040" align="alignnone" width="600"]Сучасныя аўтамабілі нашмат магутнейшыя  за сваіх папярэднікаў. Сучасныя аўтамабілі нашмат магутнейшыя
за сваіх папярэднікаў.[/caption]

«Волаты» для глыбінкі

— Прыкладна да 2005 года пажарныя аўтамабілі ставіліся пераважна на шасі «ЗіЛ» ці «Урал». Іх закуплялі ў расійскіх або ўкраінскіх вытворцаў. Але цягам вось ужо дзесяці гадоў наша пажарная тэхніка выпускаецца на шасі Мінскага аўтамабільнага завода, — расказвае намеснік начальніка ўпраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Сяргей Яфрэмаў.

Ад Міністэрства абароны Беларусі мы атрымалі 150 канверсійных шасі — сабраных камплектаў агрэгатаў і механізмаў кіравання. 106 з іх адабралі для пераабсталявання пад пажарныя цыстэрны, якое плануем скончыць да канца года, а рэшту скарыстаем у якасці рамонтнага фонду. Доследны ўзор, распрацаваны ў межах навукова-даследчых работ, выпрабаванні прайшоў паспяхова. Гэтыя пажарныя цыстэрны, якія змесцяць 3 тоны вады і 180 літраў пенаўтваральніка, часткова зменяць састарэлую тэхніку.

Аднак на падыходзе куды больш магутныя аўтамабілі. Шэраг іх мадэляў быў створаны ў апошнія гады згодна са спецыяльнай дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмай. Летась канструктары завяршылі распрацоўку паўнапрывадных шасі «МАЗ» з аб'ёмам цыстэрнаў у 11 і нават больш тон, якія і былі прадстаўлены падчас візіту прэм'ер-міністра. Магчымасці атрымліваюцца ў разы большыя, чым тыя, якія былі раней. Толькі ўявіце сабе: пяць старых аўтамабіляў замяняе адзін новы! Гэта вельмі важна падчас тушэння пажараў. Старэнькі «ЗіЛ» выліў свае 2,5 тоны вады — і паехаў запраўляцца новай порцыяй.

А ёсць жа ў нашай краіне дастаткова населеных пунктаў, дзе адчуваецца недахоп вады. Цяпер жа ганяць лішні раз аўтамабіль і марнаваць на яе пошукі дэфіцытны час і паліва ўжо не давядзецца. Палепшаны і іншыя тэхнічныя характарыстыкі. Так, цыстэрны і пенабак зроблены са спецыяльнага шклопластыку. У адрозненне ад металу, гэты матэрыял непадуладны карозіі. А гэта значыць, што тэхніка праслужыць больш. Такія машыны — працяг сістэмнай работы: з 2013 года 89 падраздзяленняў па ўсёй краіне атрымалі тэхніку з аб'ёмам 10 тон ці болей.

Звышцяжкія цыстэрны адправяцца на пасты пераважна ў глыбінку. У вялікіх гарадах мы іх не ўбачым. І справа тут у перапоўненых легкавымі аўтамабілямі дварах, дзе для такой цыстэрны не застаецца месца для манеўраў. З падобнымі праблемамі ратаўнікі таго ж Мінска сутыкаюцца пастаянна. Таму для гарадоў пакінулі менш габарытныя пяцітонкі.

Ужо дзейнічае беларуская распрацоўка — незвычайная пажарна-помпавая станцыя. Яшчэ з часоў СССР яна складалася з двух аўтамабіляў. Адзін перавозіў цэнтрабежную помпу, якая падавала ваду, напрыклад, з самага блізкага вадаёма, а другі вёз рукавы, па якіх гэтая вада і ішла да ратаўнікоў, як па шлангу. Цяпер жа беларускія канструктары стварылі пажарна-помпавую станцыю, якая можа таксама і транспартаваць рукавы. Такім чынам, няма неабходнасці ў другім аўтамабілі. І месца пад рукавы запраектавана шмат — станцыя, якая будзе працаваць на шасі «МАЗ», зможа падаваць ваду на адлегласць да двух кіламетраў. Дзякуючы ёй лясныя, тарфяныя, балотныя пажары будзе тушыць зручней.

Аператыўнасць перш за ўсё

Аўтамабіль з цыстэрнай аб'ёмам у 11 тон быў прэзентаваны ў маі на міжнароднай выставе ў Маскве «Комплексная бяспека-2015». Магутная паўнапрывадная машына вельмі спадабалася расійскім калегам. Для іх умоў яна вельмі падыходзіць — вялікая адлегласць паміж населенымі пунктамі, якія раздзелены не заўжды якаснымі дарогамі. Убачыў свет і распрацаваны для Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння пажарна-аварыйны ратавальны аўтамабіль. Яго можна будзе нават аператыўна транспартаваць на лятальным апараце для ліквідацыі надзвычайных сітуацый у іншых краінах.

[caption id="attachment_88978" align="alignnone" width="600"]На аўтамабілі Geely з адмысловай расфарбоўкай перасядзе частка падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. На аўтамабілі Geely з адмысловай расфарбоўкай перасядзе частка падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.[/caption]

Частка падраздзяленняў Міністэрства перасаджваецца на аўтамабілі айчыннай вытворчасці Geely. Датычыцца гэта тых, хто будзе праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы, правяраць на пажарную бяспеку арганізацыі, дастаўляць аператыўныя групы на месца пажараў. Вылучацца ён будзе на дарозе яркай расфарбоўкай з чырвонымі палосамі.

У сваім

Раней амаль уся амуніцыя ратаўнікоў набывалася за мяжой. Аднак у апошняе дзесяцігоддзе перавага за беларускім вытворцам. Пры гэтым характарыстыкі вопраткі і сродкаў абароны пастаянна паляпшаюцца — спецыялісты, якія адказваюць за матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, збіраюць ад ратаўнікоў прапановы па ўдасканаленні тых рэчаў, якія яны пастаянна выкарыстоўваюць у баявых умовах.

— Давайце разгледзім касцюм ратаўніка, — кажа галоўны спецыяліст упраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Сафоненка. — Пачнем са шлема. Яшчэ не так даўно мы куплялі іх у расійскіх, польскіх і нямецкіх вытворцаў. Але вось ужо чатыры гады беларускія ратаўнікі карыстаюцца шлемамі, якія робяць у Полацку. Імпартным аналагам па якасці яны не саступаюць, бо паспяхова прайшлі ўсе неабходныя выпрабаванні.

Вытворчасць баявога абмундзіравання асвоена на адным з прадпрыемстваў, якое размешчана ў Мікашэвічах. Раней мы закуплялі яе ў расійскіх вытворцаў, але пасля аказалася, што зрабіць такую ж у нас каштуе ўдвая танней. І баявое абмундзіраванне ратаўнікоў чакаюць змены. Яшчэ адной з навацый стане непранікальны ўніверсальны абаронны касцюм. Ім будуць камплектавацца аўтамабілі з разліку трох адзінак на экіпаж. Скарыстацца ім ратаўнікі змогуць, напрыклад, у час падтапленняў гарадскіх вуліц пры моцных ліўнях. Дагэтуль ім даводзілася эвакуяваць людзей з грамадскага транспарту ў стандартнай баявой вопратцы, якая важыць шмат, але цяпер рабіць гэта будзе лягчэй.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.