Вы тут

Аднавіць дом. Зберагчы сям'ю


Дэпутаты мясцовых Саветаў працуюць разам з органамі выканаўчай улады, вырашаючы многія пытанні, якія выклікаюць рэзананс мясцовага насельніцтва. Найбольш «балючая» з іх датычыцца дамоў, якія пустуюць, і сем'яў, у якіх дзецям жыць небяспечна. Так лічыць Андрэй Навумовіч, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі.

[caption id="attachment_89017" align="alignnone" width="600"]Паездкі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у «глыбінку» —  не рэдкасць (пер­шы зле­ва — Анд­рэй На­ву­мо­віч). Паездкі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у «глыбінку» — не рэдкасць (пер­шы зле­ва — Анд­рэй На­ву­мо­віч).[/caption]

— Андрэй Мікалаевіч, як сёння вырашаецца пытанне са старымі пустуючымі дамамі?

— Пачнём з таго, што некалькі тыдняў таму прайшла нарада Прэзідэнта, дзе ішла размова пра паляпшэнне заканадаўства па ахове і выкарыстанні зямель. На ёй Прэзідэнт паставіў задачу па навядзенні парадку з зямельнымі надзеламі, хоць праблему гэтую падымаў ужо не раз. Першым дакументам, які рэгулюе ўзгаданую сферу, стаў Указ № 667 «Аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў ад 27 снежня 2007 г.» А 23 лютага 2012 года выйшаў Указ №100, закліканы зменшыць колькасць пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці. Яго рэалізацыя — прамая задача Саветаў дэпутатаў пярвічнага звяна. У кожнага ўчастка павінен быць уладальнік, які нясе за яго непасрэдную адказнасць.

Напрыканцы мая адбылося і сумеснае пасяджэнне Навагрудскага райвыканкама і сесіі раённага Савета дэпутатаў, на якім чарговы раз абмяркоўвалася гэтае набалелае пытанне. Падчас мерапрыемства ўдзельнікі, у тым ліку і дэпутаты, наведалі Брольніцкі сельсавет. Там была праведзена значная работа па зносе 46 дамоў, а 75 пустых домаўладанняў прыведзены ў належны стан уласнікамі. Але, нягледзячы на станоўчыя вынікі, існуюць і праблемы. Напрыклад, на тэрыторыі раёна налічваецца 590 дамоў, у дачыненні да якіх у сельвыканкамаў няма паведамленняў ад уласнікаў аб намеры іх выкарыстання. Большасць праблем заключаецца ў пошуку ўласнікаў домаўладанняў, бо некаторыя з іх пражываюць за межамі нашай краіны. Усяго за перыяд з 2012 года па І квартал 2015 года ў Навагрудскім раёне было знесена 550 старых дамоў і падмуркаў. Я лічу, што ў гэтым пытанні патрэбна значна пашырыць паўнамоцтвы дэпутатаў пярвічнага ўзроўню для прыняцця канчатковага рашэння.

— Якія яшчэ вы бачыце выйсці з гэтай сітуацыі?

— На раней узгаданым пасяджэнні дэпутаты прапанавалі, каб у рэспубліканскіх і абласных бюджэтах быў прапісаны асобны артыкул для выканання Указа №100. І самае галоўнае — на месцах знесеных дамоў трэба ўзводзіць новыя. Гэта дазволіць навесці парадак у вёсках і разам з гэтым сэканоміць бюджэтныя сродкі і спросціць будаўніцтва для новых гаспадароў. Бо на гэтых участках ужо існуе адпаведная інфраструктура і камунікацыі. Такім чынам, адбываецца новы віток жыцця раней не патрэбных нікому участкаў і будынкаў, адкрываецца «другое дыханне».

— Сітуацыя з сем'ямі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, не можа не хваляваць. Якім чынам могуць паўплываць на яе народныя абраннікі?

— Гэтае пытанне цесна ўзаемазвязана з выкананнем на месцах Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у небяспечных сем'ях». Стварэнне нармальнага асяроддзя для дзіцяці — гэта таксама адна з задач мясцовай улады. Мы не павінны заставацца абыякавымі да бяспекі дзяцей. Таму з небяспечнымі сем'ямі павінна праводзіцца менавіта сістэмная праца. Маецца на ўвазе няспынны пастаянны нагляд. Гэтае пытанне павінна быць у полі зроку ўсіх зацікаўленых і адказных (сельскі Савет, сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў, школа, дэпутаты і старасты вёсак), каб бацькі адчувалі, што яны знаходзяцца пад пільнай увагай грамадскасці.

Акрамя таго, зараз сфарміравана рабочая група па падрыхтоўцы праекта закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях папярэджання п'янства, безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх», а таксама ў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі вядзецца работа над законапраектам аб абароне дзяцей ад небяспечнай інфармацыі. Па кожным з іх былі праведзены выязныя сустрэчы, і абмеркаванне ішло з усімі ўзроўнямі мясцовай улады.

Хачу асабліва адзначыць, што абмеркаваныя пытанні магчыма вырашыць толькі сумеснымі намаганнямі мясцовай улады і насельніцтва.

pustavit@zviazda.by

Вераніка ПУСТАВІТ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.