Вы тут

За рулём — пажылы кіроўца!


Упраўленне Дзяржаўтаінспекцыі МУС і рэдакцыя газеты «Дорога. Транспорт. Происшествия» прапануюць усім удзельнікам дарожнага руху незалежна ад узросту прыняць удзел у конкурсе на эскіз апазнавальнага знака транспартнага сродку, за рулём якога знаходзіцца пажылы кіроўца.

— Сёння многімі ўдзельнікамі дарожнага руху і спецыялістамі ў сферы дарожнай бяспекі выказваецца меркаванне аб неабходнасці вылучэння ў транспартнай плыні аўтамабіляў удзельнікаў руху з групы рызыкі. Сярод іх не толькі пачаткоўцы, але і пажылыя кіроўцы. Многія пагаджаюцца з тым, што будзе рацыянальна абазначыць пэўным знакам транспартныя сродкі, кіроўцам якіх больш за 60 гадоў. Перадумовай для абазначэння гэтых аўтамабіляў сталі факты нестандартных паводзінаў пажылых кіроўцаў на дарозе, што пачасціліся і прыводзяць да траўміравання і гібелі як іх саміх, так і іншых удзельнікаў дарожнага руху, — тлумачаць арганізатары конкурсу.

Меркаваны варыянт апазнавальнага знака павінен быць выразным, лаканічным і прыцягальным, без літар, яго змест не павінен «дражніць», трэба, каб ён упісваўся ў фармат Правілаў дарожнага руху. Апазнавальны знак, які найбольш дакладна адлюстроўвае яго прызначэнне, плануецца ўключыць у Дадатак 5 да Правілаў дарожнага руху Рэспублікі Беларусь «Апазнавальныя знакі транспартных сродкаў».

Знак малюецца на белым аркушы паперы фармату А4 ці выконваецца з любой камп'ютарнай праграмай для малявання без наступнай анімацыі. Каляровая гама знака — не больш за чатыры колеры, фон не наносіцца. На асобным аркушы ці зваротным баку (а ў выпадку малявання з выкарыстаннем праграмнага забеспячэння ПК — у асобным файле Word) указваюцца кароткае апісанне ідэі, назва, апісанне знака — асноўныя памеры, выкарыстаныя колеры, месца меркаванага размяшчэння на транспартным сродку, прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара, хатні адрас і кантактны тэлефон. Работа, выкананая на папяровым носьбіце, не складваецца, а адпраўляецца разам з суправаджальнымі паперамі ў вялікім канверце на адрас рэдакцыі газеты «Дорога. Транспорт. Происшествия»: 220034,
г. Мінск, вул. Чапаева, 5. У выпадку малявання з выкарыстаннем праграмнага забеспячэння ПК работа і суправаджальны файл могуць быць адпраўлены на адрас электроннай пошты: gazeta.dtp@maіl.ru. На канверце ці ў тэме электроннага ліста трэба зрабіць пазнаку «Пажылы кіроўца!». Тэрмін паштовага адпраўлення — да 27 жніўня, электроннага — да 30 жніўня. У рэдакцыю (кабінет 321) работы можна прыносіць да 31 жніўня з 14 да 16 гадзін. Найлепшыя з іх будуць заахвочаны дыпломамі і прызамі.

Дарэчы

Згодна з класіфікацыяй Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, узрост ад 45 да 59 гадоў прызнаны сярэднім, ад 60 да 74 гадоў — пажылым, ад 75 да 89 гадоў — старэчым, а ад 90 гадоў і больш — узростам доўгажыхароў.

Прыведзеная градацыя ўзроставых груп заснавана на сярэднестатыстычных непазбежных функцыянальных змяненнях стану здароўя, якое з цягам часу слабее як у мужчын, так і ў жанчын.

Сяргей РАСОЛЬКА

sr@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.