Вы тут

Падарожжа без абмежаванняў


Віза ў Албанію не патрэбна.

З пачатку гэтага месяца і па першае лістапада мы можам наведаць Албанію без віз. Гэта стала магчымым дзякуючы Пастанове Савета Міністраў гэтай краіны №487 ад 10 чэрвеня гэтага года. Раней улады Албаніі ўжо ўводзілі безвізавы рэжым для некаторых краін, у тым ліку для Расіі, у аднабаковым парадку.

Албанія — краіна ў паўднёва-ўсходняй Еўропе, берагі якой амываюцца хвалямі Адрыятычнага і Іанічнага мораў. Не так даўно сфера турызму там была зусім слаба развітай, бо на працягу доўгіх гадоў Албанія была закрытай краінай. Па гэтай жа прычыне і сёння большасць людзей мала ведае пра яе багатую культурную і прыродную спадчыну. Гэта археалагічныя помнікі часоў Старажытнай Грэцыі і Рыма, Асманскай імперыі, а таксама чыстыя пляжы, горныя сцежкі, стравы нацыянальнай кухні.

У апошнія гады албанскі ўрад робіць значныя намаганні, каб зрабіць сваю краіну прывабнай для замежных гасцей. Ідзе рэканструкцыя і будаўніцтва дарог, прадпрыемстваў грамадскага харчавання, ачышчальных збудаванняў. Прыватны сектар Албаніі і замежныя інвестары ўкладваюць значныя сродкі ў рэканструкцыю гістарычных месцаў, выказваюць зацікаўленасць у будаўніцтве курортаў і партоў.

Асноўная частка замежных турыстаў прыбывае ў Албанію з Косава, Македоніі, Чарнагорыі, Грэцыі і Італіі, ёсць турысты з Польшчы і Чэхіі, а таксама з краін Заходняй Еўропы — Германіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Францыі. У апошнія гады становіцца папулярным медыцынскі турызм у Албаніі, перш за ўсё стаматалагічны, паколькі албанскія дантысты прапануюць паслугі па значна ніжэйшых коштах, чым у Заходняй Еўропе.

Пакуль што дабрацца ў Албанію з Мінска не так проста — турыстычны кірунак не распрацаваны, таму спадзявацца на зручныя чартарныя рэйсы з Нацыянальнага аэрапорта не прыходзіцца. На самалёце туды можна даляцець з перасадкай у Вене, а яшчэ ёсць інфармацыя пра адкрыццё ў хуткім часе прамога рэйса Масква — Тырана.

Адмену віз для беларусаў карэспандэнту «Звязды» пракаментавала Вольга ПАЛІЦІКА, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі:

— Адмена віз — гэта заўсёды добра. Натуральна, такі крок з боку ўрада Албаніі робіць краіну больш прывабнай для беларускіх турыстаў. З іншага боку, змена турыстычнага кірунку — дастаткова марудны працэс. Калі мы выбіраем месца адпачынку, то, як правіла, грунтуемся на ўласным вопыце або на рэкамендацыях знаёмых. Пакуль што Албанія не вельмі вядомая ў нас у якасці курорту. Таму, хутчэй за ўсё, вялікага прытоку беларусаў сёлета туды не будзе. У той жа час, калі албанскі ўрад і ў будучыні будзе прытрымлівацца палітыкі часовай адмены віз для нашых грамадзян на сезон адпачынкаў, то паступова гэты маршрут знойдзе сваіх прыхільнікаў.

Што да перспектывы адмены віз для замежных турыстаў, якія хочуць наведаць нашу краіну, то ў нас ужо ёсць пэўны досвед у гэтай справе. Нядаўна першыя турысты з замежжа наведалі беларускую частку Белавежскай пушчы без віз. Добры вопыт мы атрымалі ў мінулым годзе падчас правядзення чэмпіянату свету па хакеі. Аднак гэта запатрабавала ўзмоцненага кантролю з боку мытных службаў...

У апошні час рэгулярна праводзяцца перамовы з Еўрапейскім саюзам наконт змякчэння візавага рэжыму — сапраўды, хочацца свабодна падарожнічаць па Еўропе. Але трэба разумець, што рашэнне аб адмене віз, як правіла, прымаецца на двухбаковай аснове.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

 

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.