Вы тут

Чысціня без хіміі


Аднойчы ў краме з экзатычнымі таварамі на мае вочы трапіліся індыйскія арэхі, дужа прывабныя на выгляд. Прадавец патлумачыў: яны не для ежы, а для... мыцця. «Рэцэпт» наступны: замачыць арэхі ў гарачай вадзе на 5 хвілін, пасля крыху пацерці іх — убачыце пену. Можаце мыць бялізну, а можаце і выкарыстоўваць у якасці мыла для цела.

25-13

Забягаючы наперад, падзялюся вопытам: з мыльных арэхаў атрымліваюцца нядрэнныя гелі для душа. Праўда, прызнаюся: далейшае знаёмства з заморскімі дарамі не склалася. Адзін толькі водар размочаных арэшкаў адбіў далейшае жаданне імі карыстацца. Але размова не пра тое. Насамрэч, прыбрацца ў кватэры можна, выкарыстоўваючы сродкі, якія заўжды ёсць пад рукой. Намеснік дырэктара ўстановы «Цэнтр экалагічных рашэнняў» Дар'я ЧУМАКОВА расказала, чым можа быць небяспечна для нас бытавая хімія. А ў якасці альтэрнатывы мы зрабілі падборку простых натуральных і экалагічных сродкаў для мыцця і прыборкі.

Чытайце этыкеткі!

Аказваецца, у аснове многіх сродкаў для мыцця посуду і бялізны знаходзяцца паверхнева-актыўныя рэчывы (ПАР). Дзякуючы ім бруд лёгка выдаляецца. Аднак ёсць у іх небяспечнае «але»: калі мыем посуд альбо апранаем памытае парашком адзенне, аніённыя ПАР назапашваюцца ў арганізме: у нырках, лёгкіх, мозгу, печані. Дар'я раіць выбіраць сродкі з мінімальнай колькасцю аніённых ПАР. Пасля мыцця посуд лепш апалоскваць як мага даўжэй.

Фасфаты альбо фасфанаты выклікаюць алергічныя рэакцыі скуры і пашкоджанне дыхальных шляхоў. Трапляючы ў вадаёмы, яны становяцца ўгнаеннем для водарасцяў, праз гэта пачынае цвісці вада. «Выбіраючы парашок, аддавайце перавагу тым, у якіх фасфаты заменены на цэаліты альбо палікарбаксілаты, прыродныя змякчальнікі вады. Калі такой магчымасці няма, то пашукайце парашок, у саставе якога менш за 5% фасфатаў, — адзначыла спецыяліст. — Дарэчы, выкарыстанне гэтых рэчываў у парашках і сродках для мыцця посуду забаронена ў краінах Еўрасаюза».

У сродках для мыцця шкла выкарыстоўваецца аміяк. Яго пары могуць выклікаць часовае спыненне дыхання і ацёк верхніх дыхальных шляхоў, а таксама аміяк раздражняе слізістыя абалонкі, выклікае апёкі.

Натуральная альтэрнатыва

Для ручнога мыцця бялізны вазьміце здробненае на буйной тарцы гаспадарчае мыла. Для машыннага прання адзення выкарыстайце мыльныя арэхі: проста пакладзіце іх у палатняны мяшэчак і кіньце разам з бялізнай. Але з цяжкімі выпадкамі — плямамі тлушчу, крыві, суніц — гэты сродак не справіцца. Таму лепей апрацаваць іх загадзя: калі яны свежыя, натрыце іх звычайнай соллю.

Адбельвальнік для бялізны можна зрабіць наступным чынам: змяшаць 2-3 сталовыя лыжкі перакісу вадароду і столькі ж нашатырнага спірту. Вельмі лёгка робіцца і натуральны асвяжальнік паветра: проста капніце на ватныя шарыкі 2-3 кропелькі эфірнага алею і пакіньце іх у прыбіральні. Прыемны водар гарантаваны!

Памыць падлогу таксама можна з дапамогай раствору з гаспадарчага мыла. Лепей выбіраць кавалкі цёмна-карычневага колеру: менавіта ў іх маецца неабходная колькасць натуральных актыўных шчолачаў. Калі ў вас плітачная падлога, то дабаўце ў раствор воцат.

Сода — выдатны змагар за чысціню. Нават у халоднай вадзе яна здольна адмыць посуд. Праўда, з «моцным» тлушчам сода не заўжды эфектыўна «працуе». Варыянты два — альбо адмываць посуд даўжэй, альбо дабавіць парашок гарчыцы і лімонную кіслату — разам яны справяцца лепш. Можна дадаткова натаркаваць гаспадарчага мыла — тады сродак для мыцця посуду «запеніцца» і пачне мыліцца.

Гарчычны парашок выдатна распускае тлушч. Зрабіце раствор, проста дабавіўшы вады. Нанясіце губкай «кашу» на пліту і пакіньце на 10 хвілін, пасля змыйце.

Лімон справіцца з накіпам у чайніку — нарэжце яго, пакладзіце ў чайнік і пракіпяціце ваду ў ім два разы. Сок лімона знішчае непрыемныя пахі. Калі ў вашым халадзільніку пах такі, быццам нешта пратухла, зрабіце раствор з лімоннага соку і вады, выкарыстаўшы кожны інгрэдыент у роўнай прапорцыі. А калі маеце справу з такімі пахучымі прадуктамі, як часнок, цыбуля, рыба, то пратрыце апрацоўчую дошку і рукі долькай лімона — і непрыемны пах знікне. Лімон надае бляск посуду з нержавейнай сталі і сталоваму серабру.

Воцат — майстар дэзынфенкцыі. Ён спраўляецца з васковымі плямамі і накіпам, ачышчае кафель, шкло. На аснове воцату эколагі раяць рабіць сродкі для чысткі падлогі, пліткі, свяцільнікаў, шкла. Прыбіральню і ванны пакой можна прыбіраць як чыстым воцатам, так і растворамі: дадайце некалькі кропляў эфірнага алею піхты, сасны альбо цытрусавых. Брудныя вокны? Вазьміце лупіны цытрусавых, заліце іх прыкладна літрам сталовага воцату, закаркуйце і пакіньце настойвацца цягам двух тыдняў. Атрыманы раствор працадзіце і разбаўце вадой у прапорцыі 1:1. Воцат вяртае таксама фарбы дывану. Зрабіце раствор з воцату і вады ў прапорцыі 3:1 і папрацуйце са шчоткай. Перад гэтай працэдурай дыван лепш прапыласосіць. Пасля апрацоўкі растворам ён будзе выглядаць свежанькім — колеры зайграюць з ранейшай яркасцю.

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.